Кацярына Хацяновіч – Толькі моцным духам пакараюцца вяршыні!

Да людзей, якія сваімі дасягненнямі ў розных сферах жыцця праслаўляюць наш азёрны Нарачанскі край і слаўную Міншчыну, адносіцца і ўраджэнка Будслава Кацярына Хацяновіч. Яна — спартсменка, якая ўжо смела заяўляе пра сябе на прэстыжных спаборніцтвах.

Днямі сустрэлася з татам дзяўчыны Валерыем Сяргеевічам, які 27 год працуе настаўнікам фізічнага выхавання і здароўя ў Будслаўскай сярэдняй школе імя Паўліны Мядзёлкі і адначасова з’яўляецца трэнерам-выкладчыкам аддзялення лыжнай гонкі Мядзельскай СДЮШАР. Дзякуючы гэтаму ўлюбёнаму ў спорт, неабыякаваму чалавеку, будслаўскія школьнікі дзесяцігоддзямі паспяхова выступаюць на спаборніцтвах раённага і нават абласнога ўзроўню. Пад уплывам бацькі пайшоў па яго слядах сын Аляксандр. Ён летась пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка быў накіраваны на працу настаўнікам фізічнага выхавання і здароўя ў Занарацкую сярэднюю школу. У дадзены момант праходзіць воінскую службу ў радах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Звязала сваё жыццё са спортам і дачка Кацярына.
Пацікавілася ў Валерыя Сяргеевіча, як усё пачыналася. І пачула, што Каця першы раз стала на лыжы, калі ёй было тры гады.
— Памятаю, як маленькай дачушцы надзеў лыжы, даў у рукі палкі. У нас якраз па садзе была пракладзена лыжня, — узгадвае мінулае мой суразмоўца. — Так і стала катацца… У спартыўную секцыю Каця прыйшла ў трэцім класе, бо дазвалялася там займацца толькі з дзевяці гадоў. З таго часу і пайшло: пастаянныя трэніроўкі, спаборніцтвы. Ну і, вядома, першыя поспехі. Упершыню яна ўдзельнічала ў спаборніцтвах па лыжных гонках, якія праводзіла ў Мядзеле СДЮШАР. На іх дачушка заняла другое месца ў раёне, а праз год была першай. Потым нейкі перыяд займала то першае, то другое месца… Што з часам захоча звязаць сваё жыццё са спортам, яна напачатку і не думала. Проста хадзіла на секцыю разам з братам і іншымі вясковымі дзецьмі, займалася… Я ж заўсёды стараўся сфарміраваць у сваіх вучняў байцоўскі характар: гаварыў ім ніколі не здавацца, ісці да канца, бо ведаў, што намаганні рана ці позна будуць узнагароджаны. Трэба толькі верыць у гэта і шмат працаваць.
— А калі Каця стала ўдзельнічаць у абласных спаборніцтвах?
— Першы раз яна адстойвала гонар раёна ў 5 класе. А ўжо ў 6-ым стала пераможцай на абласных спаборніцтвах “Снежны снайпер”. Дарэчы, вызначылася адначасова па дзвюх дысцыплінах: у лыжнай гонцы і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. У 7-ым класе заняла першае месца на абласных спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Тры гады запар уваходзіла ў склад зборнай вобласці па “Снежным снайперы”. У 8-ым стала бронзавым прызёрам у камандным заліку шматбор’я “Здароўе зімовае”. Акрамя таго, у гэтым жа класе Каця — сярэбраны прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў у складзе каманды Мінскай вобласці “Снежны снайпер”.
— Першыя поспехі не ўскружылі Кацярыне галаву, як вы лічыце? — пытаюся ў Валерыя Сяргеевіча.
— Ніколькі, бо за кожнай нават невялікай перамогай стаіць праца — напружаная, штодзённая, без гэтага ўвогуле нічога не атрымаецца… Памятаю, калі забіраў дачку з апошніх спаборніцтваў па “Снежным снайперы” (там можна выступаць толькі да пэўнага ўзросту) спытаў у яе, што будзем рабіць далей. Каця, не задумваючыся, адказала, што хоча паспрабаваць сябе ў біятлоне… Крыху пазней яе чакалі чарговыя праглядальныя зборы, пасля якіх і стала навучэнкай Плешчаніцкай дзяржаўнай сярэдняй школы-вучылішча алімпійскага рэзерву. Займалася на аддзяленні “Біятлон”, так што яе мара сапраўды збылася. Пасля заканчэння гэтай навучальнай установы Каця атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю і дыплом трэнера-выкладчыка. Зараз яна — студэнтка Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Займаецца на факультэце турызму і прыродакарыстання, па-ранейшаму сябруе са спортам.
— Валерый Сяргеевіч, скажыце, калі Каця
вучылася ў Плешчаніцах, напэўна, таксама ўдзельнічала ў розных спаборніцтвах?
— Вядома. У 2016 годзе выступала на юніёрскіх гульнях у Эрзуруме (Турцыя), дзе ў гонцы праследавання была семнаццатай. Улічваючы колькасць
удзельнікаў, для пачынаючай спартсменкі гэта нядрэнны вынік. Летась выступала на чэмпіянаце свету сярод юніёраў у Эстоніі, а таксама на рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія Беларуская федэрацыя біятлону ўпершыню правяла сярод юніёраў. Дарэчы, апошнія спаборніцтвы былі для яе паспяховымі: Каця стала пераможцай першага этапа Кубка Беларускай федэрацыі біятлону ў гонцы з масавым стартам сярод дзяўчат 1999-2000 гадоў нараджэння. У складзе эстафетнай каманды Мінскай вобласці яна заняла другое месца, а па выніках усіх чатырох этапаў спаборніцтваў яна — бронзавы прызёр краіны. Вядома, такіх вынікаў дачка дасягнула дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці і вялікай штодзённай працы — пастаянным трэніроўкам, зборам, у тым ліку ў Расіі, Фінляндыі, ва Украіне. Я вельмі ганаруся Кацяй, яе поспехамі і ад душы радуюся за яе. Яна — член юніёрскай Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па біятлоне (пераменны склад), кандыдат у майстры спорту.
Валерый Сяргеевіч паказаў здымкі, на якіх дачка ў розныя перыяды жыцця. Кінуўся ў вочы куток яе спартыўных дасягненняў. У ім — мноства кубкаў са спаборніцтваў рознага ўзроўню, а таксама медалі. Палічылі, што сярод іх 5 бронзавых, 12 сярэбраных і
4 залатыя. Пераканана, што наперадзе ў Каці Хацяновіч новыя поспехі і ўзнагароды. Бо толькі моцным духам, настойлівым, пакараюцца вяршыні.
А наша зямлячка менавіта такая!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



18 верасня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю, Спорт

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040     Паруснікі                          лебедзі на Мястры возера Мястра

Пабрацімы Мядзела