Библиотекарь Людмила Минковская рада каждому посетителю

Выказванне “Дзе нарадзіўся — там і спатрэбіўся” ў поўным сэнсе адносіцца да загадчыцы Баярскай сельскай бібліятэкі-дома вольнага часу Людмілы Мінкоўскай. Яна і сёння жыве на сваёй малой радзіме, чым вельмі ганарыцца.
Выпускніца Маладзечанскага музычнага вучылішча шмат год адпрацавала ў Баярскім сельскім Доме культуры, пасля — у Старамядзельскім Доме культуры і вольнага часу. А калі гэту ўстанову закрылі, Людміле неўзабаве прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі бібліятэкара ў родных Баярах. Там якраз з’явілася вакансія. Сёння жанчына з усмешкай успамінае, як баялася тады новай работы, колькі хвалявалася, ці зможа замяніць сваю папярэдніцу Святлану Пашкевіч.
Яе настаўніцай на першым часе стала Ганна Захарэвіч, якая і зараз працуе ў аддзеле камплектавання Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка. Пры падтрымцы вопытнай калегі — прафесіянала бібліятэчнай справы — Людміла хутка асвоілася і многаму навучылася. Да глыбіні душы яна ўдзячна Ганне Пятроўне за шчырую, бескарыслівую дапамогу, мудрыя парады. У кастрычніку будзе чатыры гады, як Людміла Вячаславаўна працуе ў Баярскай сельскай бібліятэцы-доме вольнага часу. І вельмі задаволена, што лёс распарадзіўся менавіта так.
— Да мяне штодзень прыходзяць людзі: і дзеці, і дарослыя, — расказвае. — Хто па кнігу, часопіс, а хто і проста так, каб пагутарыць. Я кожнаму наведвальніку рада. Гэта — людзі, якіх добра ведаю, якіх люблю. Працаваць са сваімі — сапраўдная радасць. Згадзіцеся, не кожны можа пахваліцца, што мае работу, якая падабаецца, прыйшлася па душы, а я — магу. Тут у мяне і гурткі розныя працуюць, і рэпетыцыі праводзяцца, і цікавыя мерапрыемствы ладзяцца. Бібліятэка стала асяродкам культуры ў нашых Баярах. Што гэта так, пацвердзяць усе мае аднавяскоўцы. Да нас і паштальён наведваецца, а таму можна проста ў бібліятэцы і падпіску на перыядычнае выданне аформіць, і іншыя паштовыя паслугі
атрымаць. Асвоіла ўжо ва ўзросце камп’ютар. Чаго не ведала напачатку, дзеці, якія да мяне прыходзяць, падказвалі. Моладзь жа цяпер прасунутая. Так і дапамагаем: я — ім, яны — мне. Усе неабходныя справаздачы раблю на камп’ютары, іх адсылаю ў Мядзел праз інтэрнэт, што вельмі зручна. Ды і розную інфармацыю, якая патрэбна па рабоце, знаходзім зараз без праблем. Хочаце паглядзець сцэнарыі, фотаздымкі з нашых мерапрыемстваў? Калі ласка, усе яны захоўваюцца ў спецыяльных папках, што дазваляе ў электронным выглядзе назапашваць неабходныя матэрыялы.
— А ці вялікі ў вас кніжны фонд? Як ён папаўняецца? — цікаўлюся.
— У бібліятэцы знаходзіцца каля 7 тысяч кніг. Фонд папаўняецца за кошт новых паступленняў не так часта, як, напрыклад, у Мядзеле, аднак скардзіцца нам няма на што. Можна ж зараз і ў інтэрнэце шмат чаго пачытаць, і заказаць кнігу з таго ж Мінска, было б толькі жаданне. Ёсць у нас і часопісы, і газеты прыходзяць… Чытачы ў мяне розных узростаў. Некаторыя ўжо ўсю літаратуру, якая ёсць у бібліятэцы, перачыталі. А для тых, хто па стане здароўя не можа сам наведваць бібліятэку, нашу кнігі дадому. Па-ранейшаму актыўнымі чытачамі застаюцца Фаіна Буракова, Аліна Санюк, Зоя Шабан, Ганна Купрэвіч, Соф’я Лоўкіс, Галіна Варабей, Вера Багавец і многія іншыя. Мой старэйшы сын Ігар таксама шмат чытае. А захапляецца ён класікай. Радуюся, калі сябруюць з кнігамі дзеці, моладзь, стараюся ім прывіць любоў да паэзіі, прозы. Але гэта не толькі ад мяне залежыць, але і ад сям’і, школы. А калі дома дарослыя не чытаюць, што можна гаварыць пра дзяцей?! Хоць ім гэта трэба, бо менавіта кнігі развіваюць кругагляд, памяць. У тых, хто шмат чытае, вялікі запас слоў, прыгожая мова. Ёсць у нас у Баярах маленькі хлопчык — Ілюша Багавец. Ён пакуль не чытач, бо ходзіць яшчэ ў дзіцячы сад. Аднак, дзякуючы матулі, вельмі любіць кнігі. Ідуць яны разам па дарозе, а ён цягне яе за руку ў бібліятэку. Так прыемна гэта бачыць… Мяркую, калі падрасце, не будзе мінаць нашай ўстановы.
— Бачу, шмат розных выстаў ёсць у бібліятэцы. А колькі прыгожых вырабаў! Хто іх стварае? — цікаўлюся далей.
— Што датычыць выстаў, то ў нас ёсць і пастаянная, і тыя, што афармляю спецыяльна да адпаведных дат. Вялікую ўвагу надаю захаванню нашай багатай гістарычнай і культурнай спадчыны, цікавых традыцый. Вельмі хачу, каб падрастаючае пакаленне ведала мінулае роднай вёскі, сваіх дзядоў, прадзедаў, ганарылася аднавяскоўцамі, якія вызначыліся сваім талентам, працай, — апавядае мая суразмоўца. — Што датычыць вырабаў, то ёсць створаныя і рукамі дарослых, і дзяцей. Пры ўстанове працуе шмат гурткоў. У ліку іх — “Народныя матывы”. Наведваюць яго дзеці. Займаемся вязаннем, бісерапляценнем, выцінанкай, лепкай з салёнага цеста, вырабам мяккіх цацак. А то і проста гуляем у настольныя гульні, штосьці абмяркоўваем, размаўляем. Працуе таксама клуб кветкаводаў. Гэта ўжо для дарослых. Яго ўдзельнікі не толькі знаёмяцца з новымі відамі і сартамі, але дзеляцца вопытам, абменьваюцца вазонамі і раслінамі, якія растуць на клумбах. Заўсёды ёсць пра што расказаць сваім сяброўкам па клубу Святлане Пашкевіч, Соф’і Лоўкіс, для якіх вырошчванне кветак стала сапраўдным хобі. Створана пры бібліятэцы і аматарскае аб’яднанне “Святло душы”, якое наведваюць пераважна жанчыны-каталічкі. Сабраўшыся разам, развучваем рэлігійныя песні, размаўляем на духоўныя тэмы. Спяваем і падчас урачыстасцей, якія ладзім каля вясковага крыжа.
— Шмат праводзіце, вядома, і мерапрыемстваў. Пра многія з іх ужо не раз пісала і раённая газета.
— Наша работа — з людзьмі і для людзей. Хочацца зрабіць для іх нешта добрае, цікавае. На ўсе даты арганізоўваю мерапрыемствы. Нават на Таццянін дзень. Вельмі цікава праходзіць у нас Новы год, калі збіраецца ва ўстанову амаль уся вёска. Многія робяць касцюмы, абараняюць іх, танцуем, спяваем, весялімся. Чацвёрты год запар адзначаем на дварэ Дзень абароны дзяцей. На 8 Сакавіка пастаянна ў нас канцэрт. Не забываем такія даты, як Дзень пажылых людзей, Дзень маці… Ушаноўваем юбіляраў: і імяніннікаў, і з нагоды круглых дат сумеснага жыцця. Хадзілі з дзеткамі віншаваць дома воіна-інтэрнацыяналіста Уладзіміра Сіўчака. Выступаем пастаянна падчас жніва, на збожжатаку, падымаем настрой хлебаробам. 2018-ы — Год малой радзімы. Таму многія мерапрыемствы прысвячаем гэтай тэме. Запомніўся вяскоўцам вечар, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Аркадзя Нафрановіча, у якім прымалі ўдзел амаль усе жыхары Баяр. Застаўся ў памяці і вечар-сустрэча з маім родным братам Сяргеем Зубкевічам, які стаў вядомым оперным спеваком. Зараз жыве і працуе ў Чэхіі, але штогод прыязджае на сваю малую радзіму.
Сапраўды, вялікая работа праводзіцца ў Баярскай сельскай бібліятэцы-доме вольнага часу. А таму невыпадкова гэта ўстанова ўзнагароджана Дыпломам трэцяй ступені па выніках XXVI рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Адзначана яна ў намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”.
Людміла Мінкоўская ўвесь час ідзе па жыцці з песняй. Як сама прызнаецца, яна нарадзілася ў пявучай сям’і. Па сутнасці ўсе бабулі, дзяды, цёткі, дзядзькі як па мацярынскай, так і па бацькоўскай лініі, мелі ад прыроды добрыя галасы. У іх удалася і Людміла. Яна без музычнай адукацыі змагла, дзякуючы свайму моцнаму, прыгожаму голасу, паступіць у Маладзечанскае музычнае вучылішча, паспяхова закончыць яго. І сёння энтузіяста культуры можна ўбачыць амаль на ўсіх раённых канцэртах. У рэпертуары — і народныя, і эстрадныя песні, якія кранаюць людскія сэрцы, бо спявачка жыве вобразам, увасобленым у іх, і імкнецца данесці яго да сваіх слухачоў. Голас Людмілы Мінкоўскай роўна і прыгожа гучыць не толькі на сваёй сцэне, але і за межамі Мядзельшчыны, годна прадстаўляючы наш сінявокі Нарачанскі край. Дарэчы, асобныя песні, якія выконвае, яна напісала сама.
— Вы — таленавіты чалавек: іграеце на баяне, хораша спяваеце, таму, напэўна, ніколі няма праблем з мерапрыемствамі? — кажу, звяртаючыся да суразмоўцы.
— У нейкай ступені, магчыма, мне і прасцей, — пагаджаецца са мной Людміла Вячаславаўна. — Але маю шмат памочнікаў, таму і працуецца лёгка. Дагэтуль не парываю сувязей з самадзейнымі артыстамі былога Старамядзельскага Дома культуры і вольнага часу — Алесяй Пашкевіч, Святланай Грыусевіч, Марынай Кадушкевіч, Міхаілам Рабікавым, Вікторыяй Стэрнад… Прыгожа спявае і іграе на гітары і мой сын Ігар Лашук… Без іх мне б складана было. А таму вялікі дзякуй ім за разуменне, падтрымку, шчырую дапамогу. Ёсць пры бібліятэчнай установе і дзіцячая вакальная група, з якой займаюся з задавальненнем. Усіх удзельнікаў пералічваць не буду, але найбольш актыўных узгадаю. Гэта Віка Багавец, Улада Русак, Віка Мычко, Марыя Куцкевіч, Вераніка Вайцяховіч і многія іншыя. Яны — мае надзейныя памочнікі падчас практычна ўсіх мерапрыемстваў.
Падчас развітання Людміла Вячаславаўна прызналася, што лічыць сябе шчаслівым чалавекам. У яе яшчэ жыве матуля, ёсць два сыны, нявестка і чатырохгадовы ўнучак Ванечка, якіх бязмерна любіць. Мае ад прыроды моцны голас і з задавальненнем спявае. А яшчэ ёсць работа, якая дорыць радасць. Натхняе на творчасць і родная вёсачка, дзе яна нарадзілася і жыве, якую вельмі любіць і, паверце, ніколі на іншую не прамяняе.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



17 верасня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

 возера Мястра  0-170 возера Мястра 0-178

Пабрацімы Мядзела