Павел Шибков: ” В своих людях я уверен – не подведут”

У дзяцінстве мне заўсёды было цікава, адкуль у нас на дачы бяруцца дошкі для плоту. “Гэта драўніна, Саша”, — казалі мне дарослыя, а я ўсё роўна не разумела. Бо дрэва круглае і аб’ёмнае, а дошка плоская. І хоць я даўно ўжо вырасла і пытанне мне самой здаецца недарэчным, цікавасць даведацца, як робяць дошкі, засталася. І напярэдадні прафесійнага свята работнікаў лесу ў мяне, можна сказаць, спраўдзілася дзіцячая мара. Я трапіла ў лесапільны цэх “Канстанцінава” і сустрэлася з яго начальнікам Паўлам Шыбковым.
— Тут працую ўжо амаль шэсць гадоў. Папраўдзе, сюды закінуў выпадак: на папярэднім месцы працы адбылося скарачэнне, і мусіў тэрмінова шукаць новую работу, запрасілі ў цэх — пагадзіўся. Першапачаткова шкадаваў, што даводзіцца мяняць месца працы, але цяпер упэўнены, што гэта быў выдатны і правільны выбар.
— Якія работы выконваюцца на прадпрыемстве?
— Мы рыхтуем палетную дошку, гэта нарыхтоўкі для паддонаў. На вытворчасці выконваюцца ўсе неабходныя этапы падрыхтоўкі: распілоўка, апрацоўка хімікатамі, якія захоўваюць натуральны выгляд дошкі, і гэтак далей. Апошні этап — упакоўка, згодна з патрабаваннямі заказчыка — і пагрузка. Зноў жа, за час маёй працы мы вельмі выраслі ў прадукцыйнасці. Калі толькі прыйшоў, у дзень выходзіла пяць-шэсць кубічных метраў, а цяпер — дваццаць адзін-дваццаць тры. За месяц вырабляем чатырыста пяцьдзясят кубоў. Аднак мне прыемна бачыць вынік не толькі ў асноўнай працы, але нават, здавалася б, у такім нязначным пытанні, як добраўпарадкаванне тэрыторыі. Калі прыйшоў сюды, то нават гэтай дарогі, на якой мы з вамі стаім, практычна не было, грузавікі цяжка праязджалі. Цяпер, вось бачыце, вялікая фура стаіць — і праблем няма.
Словы ў Паўла Шыбкова не разыходзяцца з рэальнасцю. У цэхах звычайна не прынята неяк упрыгожваць тэрыторыю: галоўнае, каб было чыста. А ў лесапільным цэху “Канстанцінава” знайшлося месца і альтанцы, і дэкаратыўным апенькам, і нават гнязду з бусламі. Усё гэта — справа рук Паўла Пятровіча.
— Работнікі цэха таксама дапамагаюць, вядома, — папраўляе ён. — Лічу, што задача добрага кіраўніка — не толькі ў тым, каб арганізаваць і пракантраляваць вытворчы працэс. Важна яшчэ і падтрымліваць прыемную атмасферу ў калектыве.
— У вас атрымліваецца?
— Думаю, так. У нас працуе пяцьдзясят чалавек. Ведаеце, бывае, што хтосьці альбо чалавек добры, альбо работнік. Дык вось у нас абсалютна ўсе сумяшчаюць у сабе абедзве гэтыя якасці. Паміж людзьмі ў цэху цёплыя, сяброўскія адносіны. Мы, здараецца, сустракаемся і пасля працы, адзначаем дні нараджэння і святы, нядаўна вось збіраліся з нагоды нараджэння дзіцяці ў аднаго з работнікаў. Пры гэтым кожны якасна і старанна выконвае сваю працу, разумее, якая на ім адказнасць. І ў сваіх людзях я ўпэўнены, яны не падвядуць. Ды і начальства вельмі добра ставіцца і да нашай працы, і да прадпрыемства ў цэлым: вядома, патрабуе высокіх паказчыкаў, але заўсёды падтрымлівае.
— Ёсць людзі, якіх хацелі б адзначыць асобна?
— Сваімі працаўнікамі ніколі не шкада пахваліцца. Майстар цэха, адзін са старажылаў калектыву Наталля Жук, токар Чэслаў Клюкоўскі, у цэху працуе станочнікам і яго сын Максім, электрык Віктар Жук, рамшчыкі Генадзь Юзэфовіч, Іосіф Ліпніцкі і Сяргей Лаўрыновіч — вось асноўны касцяк нашай арганізацыі.
— А па-за працай ваша жыццё звязана з лесам?
— Я заўзяты паляўнічы, у мяне шэсць паляўнічых сабак, амаль што зграя, так што часу ў лесе праводжу даволі шмат. А дома захапляюся працай з дрэвам. Ну, вы ўжо бачылі прыклады на тэрыторыі. У прынцыпе, думаю, магу і дом сам пабудаваць, але для буйных праектаў часу не хапае. У асноўным займаюся тым, што трэба зрабіць па гаспадарцы ў гэты момант. Але, напрыклад, для ўнукаў арэлі збіць таксама праблем не складзе.
— Чаго вы пажадаеце сваім калегам з нагоды прафесійнага свята?
— Самага важнага — здароўя. Без яго ўсё астатняе будзе непатрэбна. Ну і яшчэ, вядома, высокіх вытворчых паказчыкаў, доўгіх гадоў працы і годных заробкаў!

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота
Аляксандра Высоцкага



17 верасня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю, Прафесійныя святы

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел Царква ў Слабадзе dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела