Автор Мядельских муралов Евгений Сосюра: “Тут жесткое современное искусство не подошло бы, нужно было найти что-то оптимальное”

Мядзяльчане і госці горада паспелі ацаніць два вялізныя малюнкі — муралы, якія з’явіліся на сценах дамоў на скрыжаванні вуліц 17 верасня і Юбілейнай. Іх аўтар — Яўген Сасюра.

Працы мастака можна сустрэць у многіх гарадах Беларусі: Мінску, Гомелі, Магілёве, Рагачове, Баранавічах, Смалявічах… Яго родны Пінск упрыгожваюць гістарычныя малюнкі, а ў Гродне чатыры гады таму мастак намаляваў на той час самы вялікі мурал у Беларусі — на сцяне дзесяціпавярховага дома.
Днямі Яўген працягнуў упрыгожваць Мядзел да абласных «Дажынак»: размалёўваў сцены на міні-рынку. Пакуль там узляталі ў неба бязважкія маляўнічыя парасонікі, з ім і пагутарылі.
— Колькі год займаецеся вулічным мастацтвам?
— Год восем. Пачалося ўсё ў Пінску. Даведаўся пра стрыт-арт і вырашыў паспрабаваць. Свой першы малюнак на сцяне наносіў ноччу, нелегальна — у выніку трапіў у міліцыю. Далі штраф. Але скончылася ўсё добра: пасля гэтага пачаў супрацоўнічаць з мясцовымі ўладамі, легальна размалёўваць сцены і апоры моста.
— Што трэба, каб рабіць малюнкі на такой вялікай плошчы?
— З часам пачынаеш разумець, як што, выпрацоўваеш уласную тэхніку. І штосьці атрымліваецца.
— А сюжэты малюнкаў у Мядзеле вы прапаноўвалі?
— Першы варыянт мой, а потым ужо заказчык карэкціруе. У выніку з’яўляецца канчатковы эскіз.
— Чаму вырашылі выбраць менавіта такія сюжэты?
— Таму што патрэбна было намаляваць штосьці адпаведнае тэматыцы «Дажынак», каб усё гэта спалучалася і радавала вока.
І неабходна было нешта простае: тут жорсткае сучаснае мастацтва не падыдзе, трэба знайсці штосьці аптымальнае.
— Як пачынаецца праца над муралам?
— Раблю эскіз, яго ўзгадняюць. Потым малюю. Стаўлю меткі, спускаюся, параўноўваю з арыгіналам. Папраўляю, дзе што не так. І так далей.
— Колькі часу і фарбы пайшло на два муралы ў Мядзеле?
— Той, што з буслам, заняў 4 дні, другі — 5. Колькі фарбы? Цяжка падлічыць, бо выкарыстоўваў вялікую палітру, і складана зразумець, якога колеру колькі зрасходавалася.
— Як людзі ўспрымалі вашу работу?
— Добра. Але ў мяне такая тэхніка, што калі маляваў твар дзяўчынкі, то ў першыя дні ў накідах ён страшнавата глядзеўся. Потым усё стала на свае месцы.
— Увогуле, на ваш погляд, што муралы даюць гораду?
— Іх першапачатковая задача — эстэтычная. А да гэтага добра было б, каб муралы адначасова неслі нейкі сэнс, былі напоўнены пэўнай ідэяй: прымушалі прахожых задумацца, што для чаго намалявана, і наводзіла на нейкія думкі.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымках: за працай — Яўген Сасюра; муралы ў Мядзеле.
Фота аўтара.



14 верасня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Грамадства

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

1-12 223_ Царква ў Слабадзе Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела