Галіна Нябеская: “Адпачынак нам толькі сніцца”

Бар санаторыя “Белая Русь” пасля рамонту выглядае як фотаздымак з часопіса з моднымі інтэр’ерамі. Прыемныя, спакойныя колеры — цёмныя, але не ціснуць. Шмат святла і прасторы за кошт шкляных упрыгажэнняў і люстэркаў. Мяккія канапы і нягучная музыка. Не дзіўна, што нават сярод дня, калі адпачывальнікі аддаюць перавагу прагулкам па тэрыторыі або пікнікам ля возера, дзе магчыма атрымаць асалоду ад цудоўных відаў, тут занята палова столікаў.

Бармэн Галіна Нябеская адпавядае сваім уладанням. Статная, прыгожая жанчына з акуратнай прычоскай і ветлівай паўусмешкай на вуснах. Адразу цяжка паверыць, што яна займае сваю пасаду ўжо на працягу дваццаці пяці гадоў. Тым больш, што санаторый “Белая Русь” — не першае месца працы Галіны.
Да таго, як прыйсці працаваць у бар, яна была ў штаце “Турыстычнай гасцініцы” (цяпер — санаторый “Нарачанка”), але трапіла пад скарачэнне і адразу пасля дэкрэтнага водпуску пачала шукаць новую працу.
— Было гэта ў 1993 годзе, а бар у “Белай Русі” адкрыўся літаральна годам раней. Я па спецыяльнасці прадавец, таму зацікавілася вакансіяй бармэна: не трэба перавучвацца, праходзіць курсы. Адразу можна было прыступіць да працы. І я, нядоўга думаючы, адправілася да начальніка санаторыя. Мы пагутарылі — і мяне прынялі. З тых часоў ужо мінула чвэрць стагоддзя, і нават не задумваюся, каб шукаць іншае месца працы.
— А што ўваходзіць у вашы абавязкі?
— Акрамя таго, што стаю за стойкай і адпускаю тавар, я павінна арганізаваць працоўны працэс на дзень. Забяспечыць бар неабходнымі прадуктамі, сумясціць працу персаналу. Заняты мы ў дзве змены, бар працуе з 13.30 да 01.00. У спякотныя дні людзі зазіраюць за марожаным і халоднымі напоямі, а хтосьці — за кубачкам кавы пагутарыць з сябрамі або пачытаць кнігу. Наведвальнікі ёсць заўсёды, нават у самы позні час: бар вельмі запатрабаваны ў адпачывальнікаў.
— Ваша праца не выходзіць за межы бара?
— Звычайна не, але дадаткова мы яшчэ можам працаваць на выездзе. Напрыклад, калі ў санаторыі нейкае масавае мерапрыемства, якое праходзіць на вуліцы. Гэтак жа на тэрыторыі санаторыя можам прадаваць шашлык. Гэта, натуральна, дадатковыя абавязкі.
— У чым асноўная складанасць працы бармэна?
— На працы трэба быць сабранай і засяроджанай. Важна ўсё зрабіць хутка, якасна. Недапушчальна, напрыклад, пераблытаць заказы. Пры гэтым персанал — гэта і твар бара, таму трэба заўсёды добра выглядаць, быць ветлівай, усміхацца. Здаецца, гэта простыя патрабаванні, але на самай справе такое пастаяннае напружанне стамляе. Мяне ад эмацыйнага знясілення і стомленасці ратуе сям’я. Хатнія вельмі падтрымліваюць. А выхадныя праводжу на дачы, адпачываю і працую на агародзе.
— Ці не думалі пра заслужаны адпачынак?
— Пра пенсію ўжо задумвалася, але пакуль вельмі падабаецца працаваць, і я не збіраюся сыходзіць. Ды і пенсія ў агульным разуменні, калі цэлы дзень праводзіш дома — гэта не для мяне. Характар не такі, каб на адным месцы сядзець, час шкада марна траціць. Увогуле, як кажуць: “Адпачынак нам толькі сніцца”.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



14 верасня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 Рэчка Нарачанка        _dsc1133-3 0-170

Пабрацімы Мядзела