Семінар-нарада: “Аб развіцці рэгіянальных СМІ Мінскай вобласці”

МЕНАВІТА пра гэта вялася прадметная размова на семінары-нарадзе “Аб развіцці рэгіянальных СМІ Мінскай вобласці” ў мінулую пятніцу ў Салігорску, у якім сёння пражывае 106 тысяч чалавек і які ў жніўні адзначыў сваё 60-годдзе, з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства інфармацыі краіны, аблвыканкама, факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта і галоўных рэдактараў рэдакцый сталічнай вобласці. Вяла мерапрыемства начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Хмель.

Адкрыў пленарнае пасяджэнне ў актавай зале мясцовага райвыканкама ўступным словам першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Павел Лёгкі. Ён акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што адна з актуальных задач сучаснасці — павысіць якасць рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Журналістыка за апошні час істотна змянілася, і ад гэтага нікуды не дзенешся. З’явіліся новыя формы работы, сучасныя тэхналогіі, узрастае колькасць прыхільнікаў інтэрнэта. Хто мог падумаць год з пяць таму, што аператару тэлевізійнага канала могуць даць заданне аператыўна зняць нейкае здарэнне не на традыцыйную камеру, а на мабільны тэлефон?! Яшчэ адна характэрная асаблівасць нашага жыцця — зніжэнне тыражоў друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. “Іншая сітуацыя з кнігай, — адзначыў Павел Мікалаевіч, — мода на чытанне вяртаецца. Па той прычыне, што гаджэт не змог паўнацэнна яе замяніць”.
На чалавека штодзень “звальваецца” мноства самай рознай інфармацыі. І ён выбірае, што чытаць, глядзець, слухаць. Таму на першы план у журналістыцы выходзіць не саперніцтва брэндаў, а канкурэнцыя кантэнту. Нельга паспяхова працаваць на медыярынку і без сур’ёзныхмаркетынгавых даследаванняў. Кожнаму выданню, калі рэдакцыя разлічвае на поспех, трэба дакладна ведаць, што жадаюць бачыць на яго старонках чытачы. Па меркаванні Паўла Лёгкага, крытыку ніхто не любіць. Аднак журналісты павінны ўмець працаваць не толькі са станоўчымі матэрыяламі, але і з крытычнымі, тымі, якія асвятляюць негатыўныя з’явы ў нашым жыцці. Прытым любая крытыка павінна быць з вывадамі. І, канечне, каб адпавядаць патрабаванням часу, работнікі сродкаў масавай інфармацыі павінны пастаянна працаваць над сабой, павышаць прафесійны ўзровень, быць з сённяшнімі сродкамі камунікацыі на “ты”…
Затым выступілі прадстаўнікі факультэта журналістыкі БДУ. Магістр філалагічных навук, выкладчык кафедры перыядычнага друку Дзмітрый Нікановіч даволі падрабязна расказаў пра стратэгію стварэння сучаснага кантэнту рэгіянальных грамадска-палітычных газет. Адначасова Дзмітрый Алегавіч, дарэчы, уладальнік стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь гэтага года, выказаў меркаванне, што з часам у нашым грамадстве павысіцца попыт не толькі на кнігі, але і на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі. Не сакрэт, што прывабнасць газеты ў многім залежыць ад яе дызайну. Па вялікім рахунку, гэта такі ж прадукт, як, напрыклад, ёгурт, толькі створаны намаганнямі журналістаў. І яго таксама неабходна належным чынам “упакаваць”, паказаць, так бы мовіць, тавар лепшым бокам. Распавёў, як гэта трэба рабіць, а таксама даў ацэнку газетам сталічнай вобласці старшы выкладчык кафедры перыядычнага друку Дзмітрый Сіняўскі. Эмацыянальна выступіў дацэнт кафедры медыялогіі і вэб-журналістыкі Аляксандр Градзюшка на тэму сучасных тэхналогій суправаджэння рэгіянальных анлайн-медыя. А ў заключэнне намеснік дэкана па творчым супрацоўніцтве са сродкамі масавай інфармацыі Таццяна Сіліна-Ясінская спынілася на пытаннях узаемадзеяння ў галіне падрыхтоўкі кадраў.
Як можна меркаваць, канкрэтная і дзелавая размова на семінары-нарадзе паспрыяе далейшаму развіццю сродкаў масавай інфармацыі Міншчыны, і яны ў бліжэйшай перспектыве змогуць адчуваць сябе больш упэўнена на сённяшнім бурлівым медыярынку.

Павел ЖУКАЎ.



14 верасня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Афіцыйна

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах 1-12 06-043 84

Пабрацімы Мядзела