Что нужно обязательно иметь с собой, если вы собираетесь рыбачить на лодке?

У большасці выпадкаў людзі тонуць па ўласнай віне, па прычыне банальнага невыканання правілаў бяспекі паводзін на вадзе. Статыстыка Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь сумная — штогод колькасць людзей, якія загінулі на вадзе, супастаўная з колькасцю ахвяр пажараў і дарожна-транспартных здарэнняў. Упэўнена: калі спыніць выпадковага чалавека на вуліцы і спытаць аб правілах бяспекі на дарозе і дома, ён, не задумваючыся, адкажа, што пераходзіць вуліцу можна толькі на зялёнае святло, а выходзячы з хаты, трэба выключаць тэхніку з разетак. Пры гэтым ад вады многія проста не чакаюць бяды. Група людзей, што часта ігнаруюць самыя простыя правілы бяспекі — рыбакі, якія выходзяць на вадаёмы на лодках. Дзяржінспектар Мядзельскага ўчастка Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах Дзмітрый Чарняўскі штомесяц праводзіць больш за дзесяць рэйдаў, каб выявіць парушальнікаў. Паводле яго слоў, часцей за ўсё рыбакі ігнаруюць неабходнасць мець выратавальную камізэльку. І нават тыя, у каго яна ёсць, часам проста кладуць яе на дно лодкі, не апранаючы. А між тым пры няшчасным выпадку менавіта камізэлька павялічвае шанцы чалавека на выратаванне. Таму што нават упэўненыя плаўцы могуць загінуць, калі лодку, напрыклад, нечакана перакуліць хваля.
Разам з Дзмітрыем Мітрафанавічам і членам маладзёжнага атрада аховы правапарадку, бухгалтарам раённага камітэта БРСМ Сяргеем Багданавым мы адпраўляемся патруляваць возера Мядзел — адзін з буйнейшых вадаёмаў нашага краю, глыбіня якога дасягае дваццаці чатырох метраў.
Дзень выдаўся сонечны — не самыя лепшыя ўмовы для лоўлі рыбы — але, тым не менш, на возеры яшчэ з берага ўбачылі некалькі лодак.
Перад тым, як выплыць, Дзмітрый Чарняўскі правёў для мяне невялікі інструктаж аб паводзінах у лодцы і патлумачыў, як будзем працаваць. На борт лодкі ў адпаведнасці з правіламі ўсталёўваецца гучнагаварыцель з сігналам, які папярэджвае рыбакоў, што працуе інспекцыя, і мы выплываем. Першая лодка, і — як пацвярджэнне статыстыкі — у рыбака няма выратавальнай камізэлькі.
— Увага! Працуе дзяржаўная служба па маламерных суднах Рэспублікі Беларусь! — яшчэ здалёк у гучнагаварыцель папярэджвае Дзмітрый Мітрафанавіч. — Падрыхтуйце дакументы для праверкі.
Лодка швартуецца. Пры сабе ў мужчыны пуцёўка на адлоў рыбы, пашпарт, суднавы білет — усё неабходнае з дакументаў, але камізэлькі няма. Мікалай — ураджэнец Пастаў — распавядае, што на азёрах Мядзельскага раёна бывае часта.
— Збіраючыся на рыбалку, што трэба зрабіць перш за ўсё? — пытае ў яго Дзмітрый Чарняўскі і сам жа адказвае: — Праверыць ўкамплектаванасць маламернага судна. Швартовачныя, якарныя прылады, дакументы і абавязкова — камізэльку. Вы парушылі артыкул 18.8 ч. 1. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Максімальны штраф — тры базавыя велічыні. Сваю віну прызнаяце?
Мікалай віну прызнае. Адсутнасць выратавальнай камізэлькі тлумачыць заблытана: пайшоў крыху раней з працы, каб вылечыць зубы, і проста забыўся!
— Для мяне рыбалка — гэта не заробак і не спорт, а так, для душы. Стараюся выбірацца пасля працы ці ў выхадныя. Але так, каб з раніцы і да позняй ночы, бывае рэдка, усё ж гэта больш хобі. Ды і ўлоў, як бачыце, пакуль ніякі, — Мікалай сапраўды яшчэ не злавіў ніводнай рыбіны, хоць прыехаў амаль дзве гадзіны таму. — Я рыбку і ў краме куплю, а рыбалку ўспрымаю хутчэй як адпачынак.
Дзмітрый Чарняўскі ўдакладняе, ці раскайваецца рыбак і, атрымаўшы сцвярджальны адказ, выпісвае мінімальна магчымы штраф — палову базавай велічыні. Але папярэджвае, што гэта толькі на першы раз, у якасці папярэджання.
— Я заўсёды кажу, што камізэлька павінна быць першай у спісе неабходных для рыбалкі рэчаў. Забываеце? Прывязвайце да снасцей! — кажа Дзмітрый Мітрафанавіч.
Наступная лодка — і зноў такое ж парушэнне. Павел — таксама жыхар Пастаў. Звычайна выходзіў на лодцы на возера Нарач. Смяецца, што ведаў бы, чым усё скончыцца, — не паехаў бы сюды.
Парушэнне спрэчнае. У лодцы камізэлькі няма, але сродак выратавання на вадзе — надзіманая падушка-паплавок маецца. У лодцы падушку звычайна выкарыстоўваюць замест крэсла, рыбак завязвае вяроўкі вакол пояса. Дзмітрый Чарняўскі на ўсялякі выпадак удакладняе: можа, камізэлька ёсць на беразе?
— Не. Я гэтую падушку купляў спецыяльна, — дзеліцца Павел, — думаў, што гэта раўнацэнна выратавальнай камізэльцы. Гэта штука можа вялікую вагу на плаву ўтрымліваць, ды і заўсёды побач. Але, калі кажаце, што не падыходзіць, то, зразумела, набуду неабходны рыштунак.
Акрамя гэтага, у яго незарэгістраваная лодка, хоць па правілах маламерныя судны грузападымальнасцю ад 225 кілаграмаў падлягаюць абавязковай рэгістрацыі. На першы раз інспектар абыходзіцца вымовай з указаннем зарэгістраваць лодку ў бліжэйшы час.
Як і першы парушальнік, Павел прызнае сваю віну. Ён таксама выходзіць на ваду для душы. За ўсё лета на возера сплаваў добра, калі некалькі разоў. Прызнае, што часцей выбіраецца на рыбу зімой, на лёд.
— Наогул, я вырас ля ракі, ужо шмат гадоў рыбачу. І, не паверыце, за ўвесь гэты час вы — першы патруль, на які я нарваўся. Але правілы трэба выконваць, так што сам вінаваты. Далей буду ставіцца да гэтага больш уважліва.
У цэлым сустрэча з рыбакамі падчас рэйду пакінула прыемныя ўражанні. Ніхто не спрабаваў лаяцца або прасіцца, і ўжо, тым больш, уцякаць. Хоць, па словах Сяргея Багданава, у яго практыцы быў выпадак, калі на лодцы парушальніка стаяў больш магутны матор, чым на лодцы правяраючых, і рыбак проста ўцякаў ад іх па возеры.
— Людзі розныя бываюць, — працягвае Дзмітрый Чарняўскі. — Аднаму выпісвалі штраф, дык ён біў сябе ў грудзі і крычаў, што гэта яго жыццё і яго бяспека, маўляў, захачу ўтапіцца — утаплюся! А праз два тыдні сапраўды перакуліўся на лодцы, ледзь выратаваўся. Лічу, што лепш адзін раз купіць камізэльку, чым кожны раз рызыкаваць. Тым больш неразумна так вось зазываць няшчасце.
Пасля праверкі лодак мы адправіліся патруляваць возера, заплывалі нават у самыя маленькія бухтачкі, многія з іх так зараслі чаротам, што, не ведаючы, што за зараснікамі — водная прастора, ніколі не знойдзеш. Па словах інспектара, рыбакі часта гэтым карыстаюцца, хаваюцца.
Адзін раз давялося спыніць лодку ўдалечыні. У чалавека была камізэлька, але ён не апрануў яе падчас руху — Дзмітрый Мітрафанавіч зрабіў яму папярэджанне праз гучнагаварыцель.
— Чалавека ў камізэльцы звычайна здалёк бачна. Для мяне гэта галоўны паказчык. Таму, бывае, калі бачу, што ўсё ў парадку, нават не падплываю, каб рыбу не спудзіць.
Вось як проста можна пазбегнуць лішняга нервавання. Толькі трэба выконваць правілы. Інакш атрымліваецца, што людзі, здольныя набыць лодку, вуды, снасці, спадарожную тэхніку, эканомяць на не самым дарагім элеменце рыштунку. І — адначасова — на сваёй бяспецы. Ну каму гэта трэба?

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота аўтара.



13 верасня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Правапарадак

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

223_ 0-178 06-012 Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела