“Ніхто не забыты” ў вёсцы Вытраскі

Раённая газета “Нарачанская зара” паведамляла ўжо пра сацыяльную кампанію “Ніхто не забыты”, якая распачалася ў нашай краіне. Яе мэта — прывесці ў належны выгляд, добраўпарадкаваць магілы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Колькасць іх, на жаль, пастаянна павялічваецца. Вядома, што большасць месцаў пахавання герояў мінулай вайны знаходзіцца ў належным стане. Сваякі паставілі помнікі, пасадзілі каля іх кветкі, пастаянна наводзяць там парадак. Але сярод дагледжаных сустракаецца нямала і прыйшоўшых у заняпад магіл, дзе па розных жыццёвых абставінах ніхто не бывае. Вось і праводзіцца сацыяльная кампанія “Ніхто не забыты”, накіраваная на тое, каб у нашай краіне была захавана памяць пра ўсіх удзельнікаў мінулай вайны, дзякуючы якім мы жывём пад мірным небам, каб у нас не было недагледжаных магіл.
Ініцыятарам названай кампаніі на Міншчыне выступіў абласны савет ветэранаў. Падключыўся да гэтай акцыі і савет раённай арганізацыі Беларускага аб’яднання ветэранаў, які сумесна з пярвічнымі ветэранскімі арганізацыямі, сельскімі Саветамі дэпутатаў, ваенным камісарыятам, жыллёва-камунальнай службай прыступіў да пошуку недагледжаных магіл
удзельнікаў вайны. Дарэчы, атрыманая інфармацыя з часам будзе выкарыстана для стварэння базы даных пахаванняў ветэранаў у Беларусі.
Прыемна, што пачатак гэтай важнай і адказнай справе ў нас, на Мядзельшчыне, пакладзены. Днямі ў рэдакцыю завітаў старшыня раённых арганізацый Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, грамадскага аб’яднання “Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Юрый Мяркулаў. Юрый Мікалаевіч расказаў, што ўжо ёсць першыя водгукі на надрукаваны ў раённым перыядычным выданні артыкул наконт сацыяльнай кампаніі “Ніхто не забыты”. У Мядзельскі раённы ваенны камісарыят звярнулася жыхарка Вілейкі Ніна Аляксееўна Лебедзева (дзявочае прозвішча Міцкевіч). Жанчына паведаміла, што вельмі парадавалася, што праводзіцца такая сацыяльная акцыя. Яна сама ўжо ў паважаным узросце: за плячыма — 75 год, часта хварэе. Ёсць праблемы са здароўем і ў родных, а таму няма магчымасці падтрымліваць ва ўзорным стане магілы сваякоў, якія знаходзяцца на могільніку ў вёсцы Вытраскі.
Ад Юрыя Мікалаевіча даведалася, што сям’ю Ніны Аляксееўны расстралялі фашысты 8 верасня 1944 года: маці Ганну Міхайлаўну Міцкевіч, дзесяцігадовую сястру Тамару і шасцігадовага брата Сашу. Загінуў разам і бацька таты Вікенцій Эдвардавіч Міцкевіч. Аднагадовую Ніну падчас расстрэлу матуля закрыла сабой. Гэтым і выратавала яе ад смерці. Пасля таго, як карнікі паехалі, суседзі выцягнулі дзяўчынку з-пад цела мёртвай маці, а яе родных пахавалі на вясковым могільніку: матулю з дзеткамі — у адной магіле, а бацьку таты — у другой. Там жа непадалёку пахавана і бабуля, Марыя Усцінаўна (жонка татавага таты), якая памерла ў 1931 годзе. Тата Ніны Аляксееўны, Аляксей Вікенцьевіч, тады знаходзіўся на фронце. 5 снежня 1944 года ён быў цяжка паранены. Пасля працяглага лячэння Аляксея Міцкевіча дэмабілізавалі, і ён вярнуўся на радзіму. Тут жыў, працаваў. Памёр у 1967 годзе. Таксама пахаваны на могільніку ў Вытрасках.
Далей Юрый Мікалаевіч расказаў, што на просьбу жыхаркі Вілейкі адгукнуліся воіны-інтэрнацыяналісты, члены грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”, а таксама актывісты грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Разам выехалі ў Вытраскі. Навялі на пахаваннях парадак. Прыбралі старую агароджу і па перыметры тэрыторыю зацэментавалі, паправілі кветнікі. Дарэчы, грошы на цэмент дала сама Ніна Аляксееўна, а ўсе работы выконваліся выключна на добраахвотных пачатках.
Хочацца яшчэ раз нагадаць, што ў рамках сацыяльнай кампаніі “Ніхто не забыты” дзейнічае сацыяльны праект “Памятаем” па стварэнні бясплатнай электроннай базы даных пахаванняў ветэранаў на могільніках Беларусі. Усе магілы франтавікоў, якія ўжо ўнесены альбо будуць унесены ў электронную базу праекта, будуць пазначаны там чырвонай зоркай. Сваякі памерлых удзельнікаў вайны могуць самі патэлефанаваць да арганізатараў праекта “Памятаем” па нумары 8-017 263-33-33 альбо звярнуцца на электронны адрас info@pomnim.by ці ў Мінскую абласную арганізацыю ветэранаў па нумары 8-017 222-33-50. Мэта праекта — даць магчымасць людзям хутка і без лішніх намаганняў знаходзіць магілы сваякоў.
Так, час ідзе. З гадамі ўсё менш і менш застаецца жывых сведак мінулай вайны. Адыходзяць у свет іншы франтавікі, партызаны, падпольшчыкі, вязні, дзеці вайны… Але ў нашых сэрцах жыве і будзе жыць памяць пра ўсіх, хто прагнаў захопнікаў з роднай зямлі, адстаяў свабоду і незалежнасць краіны, прынёс усім мір і спакой. Так і павінна быць, бо гэта трэба не мёртвым, а нам, жывым.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымку: падчас работ па добраўпарадкаванні месцаў пахавання ахвяр вайны на могільніку ў Вытрасках.



10 верасня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Гісторыя, Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька 223_     Паруснікі                          Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела