450 гектаров озимых в ОАО “Зани”

ЯК вядома, увосень — работ восем. Кукурузу ўбірай, ды пра азімыя не забывай. Менавіта так і робяць у ААТ «Зані». У гаспадарцы на запланаванай плошчы, а яна складае 80 гектараў, пасеялі свірэпіцу. Цяпер намаганні хлебаробаў накіраваны на сяўбу азімых збожжавых культур. Усяго азімы клін зойме 450 гектараў.

— На сяўбе руплівасцю вызначаецца вопытны механізатар Пётр Паршута. Для яго гэта работа не новая. І на веснавым палетку ён шчыраваў з сеялкай «СПУ-6», і зараз завіхаецца, сее азімае трыцікале. Дзённыя заданні выконвае. Больш за тое, яго не трэба кантраляваць, дбайны хлебароб браку ў рабоце не дапускае, — расказвае кіраўнік таварыства Уладзімір Шмара.
— Але, каб зерне лягло ў пульхную глебу, яе трэба неабходным чынам падрыхтаваць. Хто заняты гэтай работай? — пытаюся.
— На ўзорванні глебы працуе таксама вопытны і адказны механізатар Святаслаў Клебан. Ён узараў больш за 200 гектараў пад азімыя. Так здарылася, што тэхніка, якая працавала на падрыхтоўцы глебы, выйшла са строю. Дык Святаслаў Ціханавіч падчапляе культыватар — і зноў на поле, — адказвае Уладзімір Анатольевіч. — Вельмі недарэчы паламаўся трактар «МТЗ-3022», якім кіруе Вячаслаў Лісіцкі. Але, думаю, праз дзень-другі тэхніка будзе адрамантавана, і тэмпы работы на асеннім палетку ўзрастуць.
Збожжавыя сёлета не парадавалі вяскоўцаў, таму недабралі зернефуражу. Але гэта не растлумачыш жывёле. Вяскоўцы ўсведамляюць важнасць і актуальнасць чарговай сельскагаспадарчай кампаніі па назапашванні травяністых кармоў для грамадскага статка.
Усяго на зімовы перыяд нарыхтавана 391 тона сена, 4170 — сенажу. Зараз поўным ходам ідзе закладка сіласу. Яго ўжо назапашана больш за тысячу тон. У цэлым на ўмоўную галаву жывёлы занеўцы нарыхтавалі па 24,7 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў. А гэта — адзін з лепшых паказчыкаў у раёне.
У дзень нашага прыезду работа была сканцэнтравана на кукурузным полі ў накірунку вёскі Мохавічы. Па словах дырэктара, на некаторых угоддзях, нягледзячы на засушлівае надвор’е, кукуруза ўрадзіла даволі добра. Высокай сцяной стаіць «каралева палёў» — практычна не бачна кормаўборачнага камбайна, не кажучы ўжо пра чалавека. Убірае кукурузу Уладзімір Цяльпанаў.
— Як працуецца, ці радуе ўраджайнасць? — пытаюся ў механізатара.
— У цэлым — някепска. Тэхніка даволі падношаная, вялікай выпрацоўкі не даб’ешся, але што маем — тым і ўбіраем, — усміхаецца ён. — Што датычыць ураджайнасці, то цяжка сказаць: убіраем не лепшыя палеткі, а тыя, на якія пасля дажджоў будзе немагчыма ўз’ехаць. А вырасла кукуруза няхай сабе…
— Ці многа тэхнікі для адвозкі? — пытаюся ва Уладзіміра Анатольевіча.
— Два «МАЗы». Імі кіруюць Аляксандр Карабейнік і Мікалай Сіўчык, — чую ў адказ.
— Хапае? Не даводзіцца стаяць па прычыне адсутнасці транспарта? — цікаўлюся ва Уладзіміра Цяльпанава.
— Хапае. Траншэю запаўняюць ля фермы «Зані», а гэта каля двух кіламетраў адгэтуль. Пакуль напоўню кузаў адной машыны — другая напагатове, — адказвае механізатар.
Да здробненай кукурузнай масы ў траншэю дабаўляем атаву канюшыны, злакавых траў. Думаю, што атрымаецца добры корм, — тлумачыць Уладзімір Шмара. — На кашэнні траў працуе Мікалай Камароў, за якім замацаваны «КЗР-10». А на адвозцы стараюцца механізатары Дзмітрый Кавалёў і Мікалай Хацяновіч.
— Якасць сіласу залежыць ад захавання тэхналогіі пры яго закладцы, калі вельмі важна як мага лепш ушчыльніць масу. З гэтай справай някепска спраўляецца Іван Кутузаў, за якім замацаваны «Амкадор». Тэхніка пастаянна ў руху. Хіба толькі спыняецца на некаторы час, калі механізатару прывязуць абед, — кажа Уладзімір Анатольевіч. — Робім усё магчымае, каб корм быў якасны, тады і на аддачу ад яго можна будзе разлічваць.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



10 верасня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка  _06-040 Лебедзі на Нарачы 06-012

Пабрацімы Мядзела