На быстрыні жыцця

Гледзячы на гэтага статнага, энергічнага мужчыну, ніколі не скажаш, што яму 75. А менавіта столькі споўнілася 28 жніўня былому супрацоўніку РАУС Івану Кайко.
Па сутнасці ўсё свядомае жыццё ветэрана праваахоўных органаў звязана з мядзельскай міліцыяй. Як прыйшоў сюды ў 1967 годзе, так да выхаду на заслужаны адпачынак і адпрацаваў. Пачынаў інспектарам дарожнага нагляду. З 1971 года — старшы інспектар дарожна-патрульнай службы РАУС. А з 1976-га па 1994 год Іван Палікарпавіч — інспектар-дзяжурны раённага аддзела ўнутраных спраў. Усе, хто добра ведае юбіляра, адзначаюць яго неабыякавасць да людскіх праблем, прынцыповасць і адказнасць. Пра гэта сведчаць і ўзнагароды, якія атрымаў Іван Кайко за час службы ў міліцыі. А гэта: медаль “Ветэран працы” , тры медалі за выслугу год, знак “Выдатнік міліцыі”. У 70-ыя гады яго партрэт быў змешчаны на Дошцы гонару абласнога ўпраўлення і раённага аддзела ўнутраных спраў.
З нагоды свята прымаў юбіляр віншаванні ад родных, сяброў, суседзяў. Прыемным момантам для яго стала і запрашэнне на ранейшае месца працы. У актавай зале РАУС сабралася кіраўніцтва аддзела, былыя саслужыўцы і сённяшнія супрацоўнікі. Пачала ўрачыстасць, наладжаную ў яго гонар, актывіст ветэранскай арганізацыі праваахоўных органаў Лілія Грынцэвіч. Лілія Віктараўна ўзгадала пра працоўны шлях Івана Кайко, яго поспехі і дасягненні. Увогуле за яго плячыма — дастойнае жыццё, поўнае радасцей і трывог. Цешыць сын, які пайшоў па бацькавай сцяжынцы і сёння добрасумленна нясе службу ў аддзяленні ДАІ РАУС.
Першым шчыра вітаў юбіляра начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Андрэй Мініч. Андрэй Іванавіч падкрэсліў, што заўсёды рады бачыць ветэранаў у страі. Папрасіў Івана Палікарпавіча і надалей цікавіцца надзённымі клопатамі калектыву, у якім ён раней нёс службу, дапамагаць не толькі сыну, але і іншым супрацоўнікам мудрымі парадамі, прапановамі. Акрамя таго, кіраўнік павіншаваў яго з адметнай датай у жыцці. Пажадаў здароўя, дабрабыту, усяго самага найлепшага.
Меў слова і старшыня ветэранскай арганізацыі райаддзела Аляксандр Філіпчык. Аляксандр Аляксеевіч шчыра віншаваў Івана Кайко з нагоды юбілею. Прамоўца з радасцю гаварыў пра пераемнасць пакаленняў у сям’і Кайко, бо справу бацькі годна працягвае сын Аляксандр. Таксама пажадаў моцнага здароўя, цудоўнага настрою, каб і надалей заставаўся такім жа энергічным, бадзёрым, неабыякавым чалавекам.
Уласны верш прысвяціў былому калегу па службе Мікалай Лашук. У ім раскрыты шлях ад салдата
да міліцыянера, асобныя жыццёвыя абставіны, поспехі, мары і спадзяванні. Разам з тым гучалі і шчырыя пажаданні — здароўя, доўгіх год жыцця, аптымізму. А яшчэ Мікалай Мікалаевіч прыгадаў адзін з цікавых момантаў службовай дзейнасці юбіляра, пра які расказаў з уласцівым яму пачуццём гумару.
Прымаў віншаванні Іван Палікарпавіч і ад сына, які прысутнічаў на урачыстасці. Шмат добрых слоў пачуў таксама ад Леаніда Макарэвіча. У прыватнасці, Леанід Адольфавіч падкрэсліў, што разам з Іванам Палікарпавічам у свой час нёс службу ў дзяжурнай часці аддзела. Як чалавек неабыякавы, разважлівы, інспектар-дзяжурны заўсёды вёў сябе па сітуацыі. У выпадку неабходнасці мог аператыўна і, што таксама вельмі важна, — самастойна прыняць адпаведнае рашэнне, аказаць дапамогу людзям, якія патэлефанавалі ў райаддзел. Як пазней высвятлялася, усе яго дзеянні былі правільнымі, абгрунтаванымі. Хутчэй за ўсё, унутранае чуццё, набыты вопыт дапамагалі яму ў гэтым. Прамоўца з удзячнасцю падкрэсліў, што Іван Кайко быў для яго мудрым настаўнікам. Прычым не толькі па рабоце, але і ў жыцці. Пажадаў яму здароўя, шчасця, а самае галоўнае — сустрэць поўным сіл і ў добрым настроі яшчэ і васьмідзесяцігадовы юбілей.
Нямала добрых, цёплых слоў пачуў Іван Палікарпавіч у той дзень пра сябе. А яшчэ яго чакалі прыгожы букет кветак і падарунак — ад ветэранскай арганізацыі і сённяшніх супрацоўнікаў РАУС.
Мяркую, мерапрыемства ў райаддзеле надоўга запомніцца ветэрану. На самай справе яму было вельмі прыемна, што па месцы былой работы пра яго не забыліся, памятаюць.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



07 верасня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах     Паруснікі                          06-012 dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела