“Открытый диалог” на археологических раскопках в Наврах

НЯДАЎНА каля вёскі Наўры Сваткаўскага сельсавета завяршыўся двухтыднёвы археалагічны летнік пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук, дацэнта, загадчыка кафедры Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава БДУ Мікалая Плавінскага. Група працягнула археалагічныя раскопкі на курганным могільніку, дзе ў мінулым годзе было знойдзена пахаванне крывічоў па раней не вядомым навуцы абрадзе.

Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да археалогіі і канкрэтна да гэтага летніка, па ініцыятыве выконваючага абавязкі першага сакратара Мінскага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання БРСМ Кірыла Шыка была арганізавана сустрэча ўдзельнікаў летніка з жыхарамі Сваткаўскага сельсавета. Мерапрыемства прысвячалася Году малой радзімы і праходзіла ў фармаце адкрытага дыялогу. Тэма — “Роля грамадскіх аб’яднанняў у захаванні гістарычнай спадчыны”.
Перад тым, як перадаць слова Мікалаю Плавінскаму, Кірыл Шык павітаў удзельнікаў:
— Усе мы тут робім адну справу, працуем дзеля адраджэння нашай Беларусі. Археалагічны летнік якраз гэтаму спрыяе, таму што хто ведае гісторыю, той мае будучыню. Наша гісторыя вельмі магутная і вельмі вялікая, пра гэта неабходна памятаць. Краіна не можа існаваць без спадчыны, культуры.
Потым Мікалай Аляксандравіч распавёў гасцям пра тое, чаму зараз раскопкі ідуць менавіта ў Наўрах:
— Па-першае, хочацца выказаць вялікую падзяку мясцовай уладзе за падтрымку. З улікам таго, што падчас раскопак мы працуем і жывём у лесе, нават тэхнічная дапамога вельмі важная. Таксама актыўны ўдзел прымае грамадскае аб’яднанне “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”. Мы працуем на Мядзельшчыне не першы год. Археалагічныя летнікі — гэта не проста пэўныя даследаванні, а праца ў накірунку пошуку сваіх каранёў. У археалагічным свеце Беларусі Наўры вядомы з канца дзевятнаццатага стагоддзя. Дзякуючы вялікаму курганнаму могільніку, даследаваць які прыязджала не адна экспедыцыя. Мы працуем тут з 2012 года, але з перапынкамі, бо тры гады займаліся Мядзельскім замкам. Гэты могільнік цікавы ў першую чаргу таму, што па прычыне работ, якія на ім ідуць вельмі даўно, мы маем шмат даволі падрабязнай інфармацыі аб гэтым месцы. Могільнік складаецца з дзвюх частак. Адна — пахаванні другой паловы X-першай паловы XI стагоддзя — яе мы даследуем зараз. І асноўны могільнік — гэта пахаванні XI-першай паловы XII стагоддзя — курганы. У мінулым годзе нам удалося зрабіць вельмі цікавае адкрыццё. Высветлілася, што на рубяжы першага-другога тысячагоддзяў нашай эры крывічы хавалі сваіх нябожчыкаў па абрадзе спалення не толькі ў курганах, але і каля іх. Адпаведна зараз мы вывучаем вялікую пляцоўку, каб выявіць якраз такія пахаванні. У нас адносна небагатыя знаходкі, але яны вельмі важныя, бо пахаванняў канца першага-пачатку другога тысячагоддзяў не ў курганах на тэрыторыі Паўночнай Беларусі да гэтага часу не выяўлялася.
Цікава, што ў раскопках удзельнічаюць не толькі кваліфікаваныя спецыялісты, а і звычайныя людзі: журналісты, медыкі, спецыялісты па рэкламе і гэтак далей. Многія з іх прыязджаюць кожны год.
— Звычайна, калі мы гаворым пра Беларусь, то ўяўляем яе сабе даволі абстрактна. Мабыць, кропкі на картах, месцы, дзе бывалі самі, родны горад або вёску. Але Беларусь — гэта яшчэ і кожная такая маленькая мясціна, якой нават няма на карце. У больш шырокім сэнсе такі летнік — не проста гістарычнае даследаванне. Гэта пошук сябе, магчымасць самаідэнтыфікацыі, спосаб дакрануцца да сваіх каранёў, знайсці новых сяброў. У мяне самога, напрыклад, па адной з ліній продкі з Мядзельшчыны, таму ў пэўнай ступені я таксама дакранаюся да часткі гісторыі сваёй малой радзімы.
Мікалай Аляксандравіч заўважыў, што ўся гэтая інфармацыя напэўна будзе больш цікавай спецыялістам — гісторыкам. Але на сустрэчы прысутнічала шмат моладзі, якая задавала пытанні. Астатнія ўдзельнікі адкрытага дыялогу таксама праяўлялі актыўнасць. Самае першае пытанне археолаг назваў “тыповым”, бо яго заўсёды задаюць журналісты: “Ці знайшлі вы нешта цікавае?”
— Вельмі часта археалогію ўяўляюць у рамантычным флёры, як навуку, якая шукае артэфакты. Але гэта па большай частцы не так. Звычайна ў нас вельмі мала знаходак, гэта асобныя фрагменты керамікі, упрыгажэнні, косткі. Але сам працэс даследаванняў доўгі і часам марудны. Археолагі не капаюць рыдлёўкамі — толькі саўкамі, здымаючы зямлю слаямі. Потым яна прасейваецца. Вядома, для тых, у каго ёсць дастаткова цярпення, ва ўсім гэтым існуе пэўная рамантычнасць. Але наша мэта, у першую чагу, не знаходкі, а разуменне, як адбываўся абрад пахавання, як адбывалася крэмацыя, што клалі разам з чалавекам, як гэта далей захоўвалася. Бо археалагічныя помнікі — гэта не толькі месцы, дзе стаіць нейкі знак, абсалютная большасць іх яшчэ нават не выяўлена. Наўры — добры прыклад: мы пачалі капаць курганны могільнік, а выявілі новы тып пахаванняў. Таму важна быць уважлівымі, каб выпадкова не пашкодзіць гэтыя яшчэ не знойдзеныя помнікі падчас, напрыклад, правядзення газаправода.
У сувязі з гэтым узнікла лагічнае пытанне: а як археолагі ўвогуле вырашаюць, дзе трэба пачынаць капаць?
— Пошук — гэта работа ў полі. Калі перад вамі не паселішча, звесткі пра якое змешчаны ў нейкім летапісе, тады пошук адбываецца, абапіраючыся на здагадкі, дзе патэнцыяльна маглі жыць людзі. Калі казаць максімальна проста — чалавек ходзіць і прыкідвае, дзе магло б стаяць паселішча, а потым гэта правяраецца на раскопках. Але ёсць яшчэ мноства спосабаў і сучасных навуковых метадаў у тым ліку. Аднак праверыць тэорыю, даведацца, ці насамрэч на гэтым месцы змяшчаецца гістарычны помнік, можна толькі з дапамогай раскопак. Зразумела, што не заўсёды тэорыя пацвярджаецца. Напрыклад, нядаўна ў Вілейскім раёне капалі курган, а аказалася, што гэта не курган, а звычайная дзюна. Далёка не заўсёды ёсць вынік, такая асабліваць нашай працы.
Частка матэрыялаў, якія знаходзяць на раскопках у нашым раёне, патрапіла ў Мядзельскі музей народнай славы, астатнія захоўваюцца ў Мінску.
Удзельнікаў сустрэчы вельмі цікавіла, як трапіць у склад групы, якая праводзіць раскопкі. На гэта пытанне адказаў Юрый Меляшкевіч, намеснік старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
— Па-першае, база — людзі, якія працуюць ужо не адзін год. Новых шукаем і запрашаем з дапамогай рассылкі. Мы стараемся максімальна распаўсюджваць інфармацыю аб тым, што будуць праводзіцца раскопкі. Праз мясцовыя СМІ, суполкі ў сацыяльных сетках і гэтак далей.Таксама дапамагаюць мясцовыя ўлады і камітэты БРСМ, арганізоўваючы такія вось дыялогі, сустрэчы, на якіх можна зацікавіць людзей.
— Многія пытаюцца, ці магчыма паўдзельнічаць, калі далёкія ад гэтай тэмы. Без жартаў, навучыць чалавека капаць няцяжка, — дапоўніў Мікалай Плавінскі. — Вядома, неабходны пэўныя дзве-тры гадзіны, каб уліцца ў працэс, вызначыць асаблівасці, паслядоўнасць дзеянняў. Але гэта можа рабіць любы дастаткова матываваны, зацікаўлены і цярплівы чалавек.
Пасля такой грунтоўнай размовы археолагі прапанавалі паглядзець само месца, дзе зараз праходзяць раскопкі. А ахвотным — далучыцца да працы і дапамагчы закопваць ужо адпрацаваныя пляцоўкі. А потым усё ж дазволілі паспрабаваць заняцца больш адказнай справай — капаць. Ды і не капаць, а хутчэй скрэбці зямлю, здымаючы невялікія слаі. Адпрацаваную глебу і пясок потым яшчэ раз ператрасаюць на сіце, каб быць упэўненымі, што нічога не прапусцілі.
Як ужо гаварылася, можна працаваць некалькі гадзін і нічога не знайсці. Але першаму сакратару раённага камітэта БРСМ Марыне Апанасёнак пашанцавала: яна знайшла невялікі фрагмент косткі.
Напрыканцы сустрэчы Мікалай Плавінскі падпісаў і падараваў сваю кнігу “Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі” старшыні Сваткаўскага сельвыканкама Наталлі Калбун, а таксама раённаму камітэту БРСМ і запрасіў усіх зацікаўленых далучыцца да раскопак у наступным годзе.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота аўтара.



07 верасня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Гісторыя, Грамадства

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры Царква ў Слабадзе     Паруснікі                          Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела