Ирина Козакова: “Никогда не жалела, что переехала в Нарочанский край”

«АДПАЧЫВАЛА ў чэрвені ў санаторыі «Жураўка». Вельмі спадабалася. Чыстае паветра, прыгожая прырода, маляўнічае возера. Харчаванне выдатнае, можна выбраць стравы на свой густ. Хачу падзякаваць персаналу здраўніцы за працу. Увага і чуласць, з якімі работнікі ставяцца да адпачываючых, заслугоўваюць толькі самых цёплых слоў. Запомнілася сустрэча з урачом Ірынай Іванаўнай Казаковай — чалавекам шчырым, неабыякавым. Яна прызначыла мне шмат працэдур, каб спыніць розныя недамаганні арганізма і ўмацаваць здароўе. У цэлым ад санаторыя засталіся выдатныя ўражанні. Ёсць жаданне прыехаць сюды на наступны год.
Таццяна»

І вось мы сядзім ва ўтульным кабінеце Ірыны Казаковай. Адразу кінуліся ў вочы шматлікія дыпломы і граматы, якімі адзначана ўрач-тэрапеўт. Заўважыўшы маю цікавасць да ўзнагарод, Ірына Іванаўна сціпла зазначыла:
— Дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву адзначылі і мяне…
Паціху разгаварыліся. Высветлілася, што Ірына з Віцебска. Пасля заканчэння школы паступіла ў Віцебскі медінстытут, дзе набыла прафесію ўрача-тэрапеўта. Па размеркаванні маладога спецыяліста накіравалі ў Багушэўскую цэнтральную раённую бальніцу. Было гэта ў 2003 годзе.
— А як вы трапілі на Мядзельшчыну? — пытаюся.
— Муж родам са Свіры, таму і прыехалі на Нарачанскую зямлю. Вучыліся ў адным інстытуце. Ён уладкаваўся ў цэнтральную раённую бальніцу, а я — у санаторый «Нарач» на час дэкрэтнага водпуску ўрача-тэрапеўта, — чую ў адказ. — А ў 2011 годзе перайшла ў «Жураўку».
Не любіць Ірына многа расказваць пра сябе. А вось пра калег, здаецца, гаварыла б і гаварыла. Прычым для кожнага яна знаходзіць цёплае і ласкавае слова.
— Калектыў у нас дружны, згуртаваны. Кожны гатовы ў любую мінуту прыйсці на дапамогу таварышу. Намеснікам дырэктара санаторыя па медыцынскай частцы працуе ў нас Валерый Вітальевіч Находка. Гэта вельмі адказны спецыяліст, сапраўдны настаўнік моладзі. Ён патрабавальны да сябе і падначаленых, асабістым прыкладам натхняе іншых на бездакорнае выкананне службовых абавязкаў. Васілій Рыгоравіч Катляроў — таксама вопытны ўрач-тэрапеўт. Ён закончыў спецыяльныя курсы і атрымаў кваліфікацыю ўрача-фізіятэрапеўта. На пасадзе загадчыцы медыцынскага аддзялення працуе Таццяна Аляксандраўна Хаванская, — працягвае размову Ірына Іванаўна. — Гэта таксама вопытны ўрач, добразычлівы чалавек… Мы з удзячнасцю ўзгадваем урачоў Таццяну Уладзіміраўну Катлярову, Мяфодзія Уладзіміравіча Валюка, якія зараз у нас не працуюць, але ў свой час з ахвотай дзяліліся вопытам з моладдзю.
Суразмоўца назвала многіх медыцынскіх сясцёр, якія вызначаюцца працавітасцю, дысцыплінаванасцю, адказнасцю, заўсёды прафесійна выконваюць службовыя абавязкі. Сярод іх — паставая медсястра Людміла Сяргеева, масажыстка Людміла Селянік і многія іншыя. З асаблівай цеплынёй расказвала ўрач пра галоўную медыцынскую сястру Людмілу Кацкель. Больш за 20 год Людміла Мікалаеўна, медсястра вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, працуе ў здраўніцы.
— Людміла вельмі адказна адносіцца да даручанай справы. Шмат падзяк напісана ёй адпачываючымі ў кнізе водгукаў і прапаноў за ўважлівасць, ветлівасць, прафесіяналізм, у рэшце рэшт, за чалавечнасць, чуласць і спагадлівасць, — зазначае Ірына Іванаўна.
— Ці адрозніваецца праца ўрача ў бальніцы і ў санаторыі? — пытаюся.
— Безумоўна. У бальніцу людзі прыходзяць, каб вылечыць тую альбо іншую хваробу. А ў санаторыі яны адпачываюць, умацоўваюць здароўе. Кожны, хто прыязджае да нас, абавязкова наведвае ўрача. Мы прызначаем адпаведныя працэдуры, — чую ў адказ.
— Якія працэдуры карыстаюцца попытам? — цікаўлюся.
— Прызначаем цепла-, светла-, вода-, фіта-, электралячэнне. Любяць адпачываючыя спелеатэрапію, лячэбную фізкультуру, масаж, — адказвае яна. — Паўсюдна ўстаноўлена сучаснае абсталяванне. Попытам у адпачываючых карыстаюцца лячэбныя ванны. У кабінеце цеплалячэння шырока прымяняюцца парафіна-азакерытныя, травяныя, гразесапрапелевыя аплікацыі. Маем SPA-капсулу. З дапамогай гэтай устаноўкі адпускаецца больш за дзесяць аздараўленчых і амалоджваючых працэдур.
— Адпачываючыя — хто яны?
— Нягледзячы на тое, што «Жураўка» — ведамасная здраўніца, папраўляюць у ёй здароўе не толькі работнікі «Мінскхлебпрама», а і шматлікія жыхары нашай краіны, госці з блізкага і далёкага замежжа. У прыватнасці, з Расіі, Украіны, Польшчы, Англіі, прыбалтыйскіх краін і нават з Ізраіля. Каторы год запар у летні час прыязджае да нас грамадзянін Ізраіля Барыс Альтшулер. Як ён смяецца, уцякае ад ізраільскай гарачыні, — распавядае Ірына Іванаўна. — Барыс Навумавіч — выхадзец з былога СССР. Яму вельмі падабаецца ў Беларусі. Кажа, што тут шчырыя, адкрытыя і душэўныя людзі. Цікава тое, што Барыс Альтшулер мае поўных 99 гадоў. Ёсць і іншыя пастаянныя кліенты, якія прыязджаюць да нас рэгулярна. Што іх вабіць менавіта ў «Жураўцы»? Даступныя цэны (а зараз людзі ўмеюць лічыць грошы), добрая медыцынская база, някепскія ўмовы пражывання. Важным аспектам для паўнацэннага адпачынку з’яўляецца харчаванне. У нас укаранёны элементы «шведскага стала», дзе ёсць вялікі выбар кандытарскіх вырабаў, страў з гародніны, салаты. Многія прытрымліваюцца дыеты. Калі ласка — мы заўсёды ідзём ім насустрач. Таму скаргаў няма. Работнікі сталовай — адукаваныя, шчырыя і добразычлівыя людзі…
— Ці шкадуеце вы, што прыехалі ў Нарачанскі край? — пытаюся.
— Не, ніколькі. Тут — непаўторная прыгажосць азёр, багатыя на грыбы і ягады лясы. А галоўнае — у Нарачанскім краі жывуць адкрытыя, гасцінныя людзі. А што датычыць непасрэдна санаторыя, то яго калектыў імкнецца крочыць у нагу з часам. Пастаянна абнаўляецца медыцынскае абсталяванне, вялікая ўвага надаецца пытанням паляпшэння бытавых умоў, шмат робіцца па добраўпарадкаванні тэрыторыі, — чую ў адказ. — Толькі за апошнія гады разбіта шмат новых клумбаў, пасаджана значная колькасць дэкаратыўных кустоў. На пешаходных дарожках пакладзена плітка. Словам, тут усё робіцца для людзей.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



31 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Курорт

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-012 на Блакітных азёрах        0-170 Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела