Татьяна Ковшик: “Нашла в Нароче свое счастье”

Мая субяседніца, а размова ідзе пра Таццяну Коўшык, прадстаўляе перапрацоўчую прамысловасць раёна. Яна — кантралёр харчовай прадукцыі Нарачанскага вытворчага ўчастка ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. На прадпрыемстве ўсе лічаць маладую жанчыну граматным спецыялістам і шчырым, неабыякавым чалавекам.
Сама яна родам з вёскі Кіржына, што на Мядзельшчыне. Закончыла Сваткаўскую сярэднюю школу. Затым вучылася ў Слуцкім прафесіянальна-тэхнічным вучылішчы, дзе набыла спецыяльнасць майстра-маслароба.
— А як у Нарач на работу патрапілі? — цікаўлюся ў Таццяны.
— Яшчэ калі займалася ў Слуцку, прыязджала на масласырзавод на практыку, — чую ў адказ. — Скажу шчыра, мне тут вельмі спадабалася. Тады прадпрыемства было самастойным, да таго ж прыбытковым. Яно славілася рознымі відамі малочнай прадукцыі, якая выпускалася. І якасць яе была належная, вось і карысталіся нашы вырабы попытам і ў мясцовага насельніцтва, і нават за мяжой. Шмат было на прадпрыемстве і моладзі. Увогуле калектыў работнікаў быў вялікі, дружны, працаваў стабільна. Атрымлівалі дастойны заробак. А таму, калі закончыла вучобу і мне прапанавалі працу на заводзе, адразу згадзілася. Прыехала сюды напастаянна і цяпер аб гэтым ніколькі не шкадую. У Нарачы і шчасце сваё знайшла: выйшла замуж і стварыла сям’ю. Разам з мужам уласны дом пабудавалі, тут нарадзіўся наш сын. Вось і стаў аграгарадок маёй другой радзімай.
— Якую пасаду вам адразу прапанавалі на прадпрыемстве? — пытаюся ў сваёй суразмоўцы.
— Пачынала самастойныя працоўныя крокі ў сырцэху, — апавядае Таццяна. — Пасля мяне перавялі лабарантам у лабараторыю.Там, дарэчы, маё рабочае месца і зараз. Толькі пасада крыху іншая — кантралёр харчовай прадукцыі. Ужо сама назва яе гаворыць пра тое, чым займаюся. У мае абавязкі ўваходзіць праверка якасці сыравіны, якая паступае на вытворчы ўчастак, а гэта пераважна малака, і, вядома, гатовай прадукцыі. Работу сваю люблю. Праўда, зараз ужо не той размах, што некалі. Выпускаецца толькі сыр “Ракфорці” і стэрылізаванае малако. Прадукцыя наша якасная. Рэалізоўваецца не толькі ў Беларусі, але ідзе і на Расію, дзе карыстаецца попытам.
З цеплынёй гаварыла жанчына пра прадпрыемства, з якім звязала свой лёс, пра людзей, з якімі працуе. У ліку іншых прагучалі з яе вуснаў прозвішчы непасрэдных калег — Ніны Клімовіч, Алены Ермаковіч, Ірыны Паўлюкевіч і Таццяны Сулкоўскай. Усе яны — кантралёры гатовай прадукцыі. Свае абавязкі выконваюць старанна. Дапамагаюць адна адной, пры неабходнасці замяняюць. Дарэчы, Ірына і Таццяна — маладыя спецыялісты. Адна дзяўчына родам са Слуцка, другая — з Гомельшчыны. Ім таксама вельмі падабаецца і сам завод, і людзі, якія тут працуюць, і навакольныя прыгожыя краявіды. Вельмі цёпла адгукалася Таццяна Яўгенаўна і пра начальніка вытворчага ўчастка Віктара Уладзіміравіча Баўфала. Называла яго дбайным кіраўніком і неабыякавым чалавекам, які клапоціцца пра людзей, хварэе душой за прадпрыемства.
— А чым у вольны час любіце займацца? — цікаўлюся ў Таццяны Яўгенаўны.
— Як і ва ўсіх, хто жыве ў прыватным доме, спраў на падворку хапае, — гаворыць яна.— Бо трэба і парадак падтрымліваць, агарод, кветкі даглядаць. Ёсць у нас і свой невялікі сад, дзе растуць яблыні, грушы… Я сама вясковая, таму вельмі люблю працаваць на зямлі. Проста душой адпачываю, калі штосьці палю, паліваю. Мне падабаецца таксама хадзіць у лес па грыбы і ягады. Езджу таксама да матулі ў вёску. Люблю вадзіць машыну. Кожны раз з задавальненнем саджуся за руль аўто, калі трэба адправіцца ў дарогу. У наш час без тэхнікі складана… Акрамя таго, гатую для сваіх мужчын, прыбіраю ў доме. Калі сын прыязджае на канікулы, а ён — студэнт, займаецца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, стараюся яго чымсьці пабалаваць. Радуюся, калі ўсе збіраемся разам за сталом. Размаўляем пра жыццё, справы, будзённыя клопаты. Нешта адзін аднаму расказваем, штосьці ўспамінаем. І самі не заўважаем, як час імкліва бяжыць.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота  Іны Ярчак



30 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 img_4257 06-012 223_

Пабрацімы Мядзела