Из восьми показателей прогнозных параметров социально-экономического развития реализовано шесть!

КАЛІ прыгадаць ранейшыя абмеркаванні работы народнагаспадарчага комплексу Мядзельшчыны на пасяджэннях райвыканкама, то на гэты раз асноўнаму дакладчыку можна было пачуваць сябе больш камфортна. Справа ў тым, што за першае паўгоддзе наш азёрны край упэўнена справіўся з большасцю прагнозных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця. З васьмі паказчыкаў рэалізаваны шэсць. На гэтым акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў пашыранага пасяджэння пры яго адкрыцці старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка. У той жа час Анатолій Мар’янавіч указаў на істотныя недапрацоўкі, якія не спрыяюць стабільнай рабоце. Не можа не турбаваць той факт, што ў аграпрамысловым комплексе не забяспечваюцца своечасовыя разлікі за спажытыя энерганосьбіты. Прытым запазычанасць мае тэндэнцыю да нарастання. Яўна недастаткова робіцца і для зніжэння сабекошту прадукцыі. Доля адлічэнняў на заработную плату ў выручцы дасягае цяпер сарака працэнтаў, а патрабуецца не больш за дваццаць пяць. Аднак нават такі “неэканамічны” падыход у аграпрамысловым комплексе не дазволіў раёну справіцца з прагнозным параметрам па намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай плаце. За шэсць месяцаў пры заданні 772,9 рубля яна склала 684,7. Адна з прычын гэтага, па меркаванні Анатолія Вайнілкі, — павышаная цякучасць кадраў, бо людзі пачынаюць шукаць, дзе лепш працаваць, дзе можна больш зарабіць. На 0,8 працэнта засталося недавыкананым і заданне па рознічным тавараабароце.Таму неабходна вызначыць шляхі вырашэння гэтых праблем, каб па выніках трох кварталаў, а тым больш — года, мець лепшыя паказчыкі.
Зробленае ў першым паўгоддзі па сацыяльна-эканамічным развіцці азёрнага краю канкрэтызавала ў дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Наталля Апановіч. Канечне, пачуццё задаволенасці выклікае ўпэўненае выкананне прагнозных заданняў па экспарце тавараў і паслуг, прамых замежных інвестыцыях, колькасці працаўладкаваных грамадзян, аб’ёме будаўніча-мантажных работ, вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. І зусім не выпадкова на пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта на мінулым тыдні наша Мядзельшчына разам з Маладзечанскім, Нясвіжскім і Пухавіцкім раёнамі адзначалася як рэгіён, дзе рэалізаваны ўсе чатыры ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы.
Аднак не будзем забываць, што іншым разам бывае ой як няпроста захаваць стабільнасць у вытворчай дзейнасці. Здараецца, цяжэй, чым дасягнуць. Штосьці падобнае вымалёўваецца ў нас на бліжэйшую перспектыву з вытворчасцю валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, на што пазней звярнуў увагу Анатолій Вайнілка. Так, у цэлым па раёне забяспечаны невялікі прырост да ўзроўню мінулага года ў справе вырошчвання свіней, буйной рагатай жывёлы. У той жа час маем па выніках шасці месяцаў мінус у вытворчасці малака, чатыры гаспадаркі не справіліся са сваімі заданнямі па тэмпах росту валавой прадукцыі: “Свір-агра” і “Пруднікі-Агра”, “Слабадская зара” і “Будслаўскае”. Сітуацыю з надоямі ад каровы не ўдалося выправіць і сёння, яны ніжэйшыя ў параўнанне з мінулагоднімі на 0,5 кілаграма. Не дабавіла аптымізму і жніво-2018, бо ўраджайнасць збожжавых меншая, чым летась. Значыць, каб утрымацца на дасягнутых пазіцыях, гэтыя “недаборы” неабходна кампенсаваць. Якім чынам? Многае можна паправіць, у прыватнасці, за кошт актыўнай нарыхтоўкі кармоў. Балазе, траў дастаткова ў кожнай гаспадарцы — толькі ўбірай. Хаця і надвор’е спрыяе, ды па-сапраўднаму рупяцца ў гэтым напрамку далёка не ўсюды. Неабходна таксама па-гаспадарску распарадзіцца добрым ураджаем кукурузы, а з восені ўзняць максімальную колькасць зябліва.
Як адзначыла Наталля Расціславаўна, на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы раёна ў першым паўгоддзі выкарыстана інвестыцый у асноўны капітал на суму 19 мільёнаў 992 тысячы рублёў. Найбольшую ўдзельную вагу ў іх структуры займаюць будаўніча-мантажныя работы — 57,8 працэнта, далей ідзе набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў… Асноўную суму прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове забяспечылі таварыствы “Модус праджэктс” — 214 тысяч долараў ЗША і “Вінакурня Нарач” — 128 тысяч. У экспарце тавараў 72,2 працэнта прыпадае на долю Расіі, астатняе — на краіны ЕС: Чэхію, Германію, Нідэрланды, Латвію. Аб’ём экспарту паслуг за шэсць месяцаў у цэлым па раёне склаў 6 мільёнаў 229 тысяч долараў ЗША, ці 117,6 працэнта да студзеня-чэрвеня мінулага года. Вялікі ўнёсак у гэту суму санаторыяў “Прыазёрны”, “Сосны”, “Белая Русь”, НДЦ “Зубраня”. Значны рост сёлета па экспарце паслуг паказалі санаторыі “Нарачанка”, “Спадарожнік”, “Нарач” і “Нарачанскі бераг”. Што датычыцца напаўняльнасці здраўніц, то яна склала 74,3 працэнта супраць леташніх 65,6.
Куды больш непрывабны малюнак па рознічным тавараабароце. Хаця ён у параўнанне з мінулым годам у супастаўных цэнах і павялічыўся, аднак да вызначанага задання не дацягвае. Моцна здаюць пазіцыі Крывіцкае рознічна-гандлёвае прадпрыемства, фірменны гандаль унітарнага прадпрыемства “Ілаўскае”, таварыства “Занарачанскі”. Што датычыцца нарматыву забяспечанасці насельніцтва гандлёвай плошчай, то ён перавыконваецца, як і па агульнадаступнай сетцы грамадскага харчавання.
У цэлым па раёне чысты прыбытак склаў 864 тысячы рублёў, а летась за першае паўгоддзе мелі толькі 91 тысячу. Дзве арганізацыі ад ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці атрымалі страты. Калі па санаторыю “Нарач” яны склалі 45 тысяч рублёў, то па свінакомплексе “Брусы” ледзь не паўмільёна — 477 тысяч. Варта сказаць і пра вялікую пратэрмінаваную крэдыторскую запазычанасць шэрагу прадпрыемстваў. Напрыклад, на ўнітарным прадпрыемстве “Ілаўскае”, у таварыствах “Пруднікі-Агра”, “Слабадская зара”, “Свір-агра”, “Мядзелаграсэвіс” яна складае ад 2 мільёнаў 801 тысячы да 3 мільёнаў 687 тысяч рублёў.
Па выніках работы ў першым паўгоддзі памер намінальна налічанай заработнай платы склаў па раёне 684,7 рубля. І хаця ў параўнанне з мінулагоднім фіксуецца прыкметная прыбаўка — 13,9 працэнта, гэтага сёння недастаткова. З прагнознымі паказчыкамі па росце заробкаў не справіліся многія арганізацыі. У іх ліку — унітарнае прадпрыемства “Ілаўскае”, “ДРБУ
№ 133”, райПО. Сярод прадпрыемстваў самы нізкі ўзровень заработнай платы ў сельскагаспадарчых таварыствах “Пруднікі-Агра”, “Слабадская зара”, “Мядзелаграсэрвіс” і “Будслаўскае” — ад 331,1 да 360,7 рубля. Незайздросная яна і ў Крывіцкім рознічна-гандлёвым прадпрыемстве — 386,4 рубля. Кожнаму зразумела, што чарга на працу ў такія арганізацыі стаяць не будзе…
На стане спраў у аграпрамысловым комплексе больш падрабязна спыніўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Уладзімір Дытко. Як лічыць Уладзімір Аляксандравіч, хаця ў сельскагаспадарчай галіне за шэсць месяцаў упершыню за апошнія гады атрымана станоўчая рэнтабельнасць (+1%), на эканоміцы таварыстваў адмоўна адбіваюцца рознага роду недапрацоўкі. У прыватнасці, толькі з прычыны рэалізацыі малака па якасных параметрах, ніжэйшых за нарматыўныя, недабор грашовых сродкаў склаў 195,6 тысячы рублёў. Паўдзясятка гаспадарак наогул не ведаюць, што гэта такое — адпраўляць на прыёмны пункт малако класам “экстра”! Яшчэ большыя страты нясем у выніку перавышэння нарматыву расходу кармоў на вытворчасць цэнтнера малака, на вырошчванне маладняку буйной рагатай жывёлы. Не на карысць галіне і пралікі ў селекцыйнай рабоце, зніжэнне таварнасці малака, яго вытворчасці нават у параўнанне з мінулым годам у таварыствах “Пруднікі-Агра”, “Свір-агра” і “Будслаўскае”, невысокія сярэднясутачныя прывагі пагалоўя на адкорме.
Дакладчыка таксама дапоўнілі намеснікі старшыні райвыканкама Жанна Апановіч, Іна Барыева. За хібы ў вытворчай дзейнасці ў ходзе пасяджэння заслухоўваліся справаздачы шэрагу кіраўнікоў арганізацый. А ў прынятым рашэнні адзначана эфектыўная работа па выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця таварыствамі “Нарачанская Ніва 2004” (дырэктар Аляксандр Габрукевіч), “Сваткі” (Мікалай Варабей), сельскагаспадарчым філіялам “Дзягілі” (Аляксандр Варашкевіч) і санаторыем “Спадарожнік” (Уладзімір Сяржант). Адначасна па выніках першага паўгоддзя нездавальняючай прызнана работа наступных кіраўнікоў: таварыстваў “Свір-агра” Андрэя Парцянкі, “Пруднікі-Агра” Аляксандра Дзяконскага, “Слабадская зара” Сяргея Роўды, “Будслаўскае” Алега Ермаковіча — па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі; райПО
Аксаны Грузд — па росце аб’ёмаў рознічнага тавараабароту; свінакомплексу “Брусы” Аляксандра Кокаша і санаторыя “Нарач” Яўгена Шапэчкі — па фінансавым стане прадпрыемстваў. Большасць з іх вырашана прыцягнуць і да дысцыплінарнай адказнасці. Намечаны таксама меры па спісанні і зносе ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку аб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, дасягненні даведзенага раёну прагнознага паказчыка па росце заработнай платы на гэты год.
Трэба дадаць, што ў рабоце пасяджэння актыўны ўдзел прынялі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і самакіраванні Святлана Герасімовіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Наталія Жыбуль і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Вячаслаў Шыпараў. З усяго вышэйсказанага мы бачым, што рэзерваў для далейшага стабільнага развіцця нашага азёрнага краю хапае, толькі трэба іх умела задзейнічаць. Гэта і дадатковыя аб’ёмы вытворчасці, павелічэнне экспартнай выручкі, колькасці суб’ектаў гаспадарання, інвестыцыйнай актыўнасці, скарачэнне ўзроўню затрат, стварэнне дадатковых рабочых месцаў і, як канчатковы вынік, – дастойныя зарплаты для ўсіх працаўнікоў раёна.

Павел ЖУКАЎ.



29 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Эканоміка

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  від на Мядзел 1-12 _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела