Пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята “Дажынкі-2018″

Усё менш часу застаецца да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі, які пройдзе сёлета ў нас, на Мядзельшчыне. Многае сапраўды зроблена, але яшчэ далёка не ўсё. А таму патрэбна вельмі пастарацца, каб ліквідаваць упушчэнні і недапрацоўкі і годна падрыхтавацца да прыёму гасцей. Пра гэта якраз і гаварыла на чарговым пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята хлебаробаў Міншчыны старшыня абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. Наталля Віктараўна прапанавала падвесці вынікі зробленага, а для гэтага — заслухаць справаздачы адказных асоб па выкананні задач і даручэнняў, дадзеных ім на папярэдніх пасяджэннях.
Першым меў слова дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва раёна Аляксандр Звяруга. Аляксандр Анатольевіч засяродзіў увагу прысутных на ходзе рэканструкцыі амфітэатра і заканчэнні абуладкання тэрыторыі, якая прылягае да будынка райвыканкама. Пры гэтым запэўніў, што ўсе запланаваныя работы будуць выкананы да 1 верасня.
Ішла размова на пасяджэнні абласнога штаба таксама наконт завяршэння будаўніцтва гасцініцы ў райцэнтры, дзе падчас правядзення абласных “Дажынак” плануецца адкрыццё шыкоўнага загса. Як зазначыла Наталля Якубіцкая, работы ў гатэлі трэба весці сістэмна, а не пераскокваючы ад адной да другой. Неабходна ўсур’ёз заняцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі, расстаноўкай у загсе мэблі. Трэба ўжо касіць газоны, але не пад самы корань, каб захаваць іх прыгажосць і належны эстэтычны выгляд. А яшчэ, па меркаванні Наталлі Віктараўны, у гатэля павінен быць гаспадар, які б кантраляваў ход выканання работ, што зняло б многія праблемы.
Трымаў справаздачу таксама дырэктар РВУП “Мядзельская ЖКГ” Аляксандр Чарняўскі. Аляксандр Мікалаевіч, у прыватнасці, спыніўся на капітальным рамонце 8 жылых дамоў і бягучым — 28-мі. Пры гэтым падкрэсліў, што, акрамя запланаваных, вядуцца работы па бягучым рамонце яшчэ чатырох дамоў дадаткова. Уладкоўваюцца пакрысе і дваровыя тэрыторыі. І тут актыўнасць павінны праяўляць не толькі камунальнікі, але і самі жыхары шматкватэрнікаў і прыватнага сектара. Дырэктар праінфармаваў пра высаджванне кветак, кустоўя ў горадзе, пра абкошванне газонаў і пустазелля. Праўда, Наталля Якубіцкая зазначыла, што для станоўчага вырашэння гэтага пытання неабходны спецыяліст-азеляніцель, якога, на жаль, сёння ў штаце жыллёва-камунальнай гаспадаркі не прадугледжана. Па меркаванні Наталлі Віктараўны, усе газоны і кветнікі ў горадзе павінны мець такі ж прывабны выгляд, як і тыя, што разбіты ля будынка райвыканкама.
Выступалі на пасяджэнні абласнога штаба са справаздачамі таксама прадстаўнікі будаўнічых і дарожных арганізацый, гандлю, раёна электрасетак, паштовай і электрасувязі, аддзелаў: адукацыі, спорту і турызму, а таксама ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцы, Мядзельскага вытворчага ўчастка Маладзечанскага філіяла №4 “Мінаблаўтатранс” і некаторыя іншыя. Усе яны запэўнілі прысутных, што справяцца з пастаўленымі задачамі паспяхова і ў вызначаны тэрмін.
У другой частцы пасяджэння штаба ішла размова наконт арганізацыйнага плана правядзення фестывалю-кірмашу. У тым ліку пра фарміраванне дэлегацый гасцей і ўдзельнікаў абласнога свята, іх сустрэчу на мяжы раёна, размяшчэнне і суправаджэнне, арганізацыю харчавання, абсталяванне тэматычных пляцовак і выстаў, гандлёвых радоў і, вядома ж, правядзенне самой урачыстасці з цырымоніяй узнагароджвання ўсіх, хто вызначыўся на хлебнай ніве.
Многія з прысутных членаў абласнога штаба пасля наведвання аб’ектаў, якія рыхтуюцца да “Дажынак-2018”, а таксама курортнага пасёлка Нарач і іншых населеных пунктаў, праз якія будуць праязджаць удзельнікі і госці свята хлебаробаў Міншчыны, выказалі свае заўвагі і прапановы. Усе яны, безумоўна, будуць улічаны падчас падрыхтоўчых работ.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



23 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел img_4257 Царква ў Слабадзе Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела