Валянціна Пацкевіч: “Праца не надакучвае”

Напярэдадні прафесійнага свята пацікавілася ў начальніка аддзела статыстыкі раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення вобласці Леаніда Берняковіча пра каго з падначаленых напісаць у газеце. Ён адказаў:
— Усе работнікі заслугоўваюць шчырых слоў падзякі ў свой адрас. Бо праца кожнага важная і патрэбная. Але сустрэцца раю з маім намеснікам Валянцінай Пацкевіч. Яна мае найбольшы працоўны стаж ў органах статыстыкі, вызнаецца руплівасцю і адказнасцю. А яшчэ — добрасумленнасцю, неабыякавасцю, прынцыповасцю. Нездарма па ўсіх пытаннях гэта мая важнейшая памочніца і дарадца.
Як даведалася, у свой час Валянціна Васільеўна закончыла інстытут народнай гаспадаркі. Працавала ў розных сферах. У сістэме дзяржаўнай статыстыкі яна з сакавіка 2007 года. Пачынала эканамістам. Затым была вядучым эканамістам. Са студзеня 2014 года — намеснік начальніка аддзела.
— Раскажыце пра сваю работу, — прашу суразмоўцу.
— Задачы ўскладзены на нашу службу даволі складаныя. А займаемся мы зборам, апрацоўкай, аналізам і абагульненнем інфармацыі, якая паступае ад прадпрыемстваў, гаспадарак і арганізацый раёна з наступнай перадачай у вышэйстаячыя інстанцыі. А таму ад нас усіх патрабуецца акуратнасць, уважлівасць і, вядома, вялікая адказнасць, — апавядае яна. — У кампетэнцыі органаў статыстыкі таксама правядзенне абследавання дамашніх і асабістых падсобных гаспадарак. Перыядычнае вывучэнне расходаў на харчаванне ў разліку на аднаго чалавека, а таксама на набыццё тавараў нехарчовай групы, на іншыя розныя патрэбы дазваляе рэальна ацэньваць сітуацыю аб фінансавым становішчы грамадзян. Прычым атрыманыя нашымі спецыялістамі даныя ўлічваюцца на дзяржаўным узроўні падчас прыняцця глабальных рашэнняў, уплываючых як на развіццё эканомікі краіны, так і на павышэнне дабрабыту яе жыхароў.
— Вы пастаянна маеце справу з лічбамі. Вам гэта не надакучвае? — цікаўлюся ў Валянціны Васільеўны.
— Наадварот, падабаецца, — тлумачыць жанчына. — Ці ж бы я столькі год тут працавала, калі б гэта было не маё! Ды і лічбы, якія абагульняем і апрацоўваем, усе розныя. Яны шмат чаго карыснага нам даносяць, бо практычна за ўсімі стаяць канкрэтныя людзі і іх справы. Гэта ж так цікава!
— Прыбавіць вам клопатаў, напэўна, і чарговы перапіс насельніцтва, які пройдзе ў кастрычніку 2019 года?
— Перапіс насельніцтва — гэта спецыяльна арганізаванае суцэльнае дзяржаўнае статыстычнае назіранне. Праводзіцца яно раз у 10 год. Разам з тым, ён — асноўная крыніца інфармацыі, якая неабходна для распрацоўкі дзяржаўных прагнозаў і праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Перапіс дае адказы на пытанні, звязаныя з якасцю жыцця, дэмаграфічнай і сацыяльнай сітуацыяй у дзяржаве, і дазваляе вырашаць многія надзённыя праблемы, ацэньваць выніковасць дзеючых праграм, знаходзіць новыя магчымасці паляпшэння жыцця грамадзян. У раёне ўжо даўно вядзецца падрыхтоўка да гэтага адказнага мерапрыемства. Створана часовая камісія па садзейнічанні перапісу насельніцтву. Праведзена работа па ўпарадкаванні межаў раёна, гарадскіх і сельскіх населеных пунктаў, па навядзенні парадку ў адраснай гаспадарцы. У адрозненне ад папярэдняга перапісу, у якім я ўжо ўдзельнічала, будуць вывучацца не толькі ранейшыя пытанні, звязаныя з аналізам складу насельніцтва і яго занятасці, але і сельскагаспадарчая дзейнасць грамадзян. У прыватнасці, наяўнасць зямельных участкаў і іх выкарыстанне, колькасць жыўнасці на падворку, пладовых дрэў і кустоў. Ды і перапісчыкі, дзякуючы сучасным тэхналогіям, зараз будуць хадзіць не з перапіснымі лістамі і ручкамі, а з планшэтамі. Час яшчэ да правядзення перапісу ёсць. Мяркую, што падрыхтуемся да яго належным чынам і з пастаўленымі задачамі справімся дастойна.
— Некалькі слоў, Валянціна Васільеўна, раскажыце, калі ласка, пра сваіх калег па рабоце.
— Калектыў аддзела статыстыкі раёна невялікі, дружны, — працягвае мая суразмоўца. — Апошнім часам ён значна памаладзеў. Кожны супрацоўнік хварэе душой за даручаны ўчастак работы, стараецца нікога не падвесці. Толькі добрае хачу сказаць пра начальніка аддзела Леаніда Берняковіча. Лічбы ўвогуле яго прызванне. Па іх ён можа шмат цікавага расказаць пра работу той ці іншай галіны альбо асобнага прадпрыемства ці гаспадаркі. І яны ніколі яму не надакучваюць. Леанід Сцяпанавіч — выдатны кіраўнік — адказны, кампетэнтны. Да таго ж ён і чалавек шчыры, добразычлівы, неабыякавы. Лічым, што нам, увогуле, пашанцавала, працаваць з ім разам. Толькі добрае магу сказаць пра галоўнага спецыяліста Галіну Красаву. Пераканана, што гэта добрасумленная, адказная жанчына ў нас на сваім месцы. Заслужанай павагай у калектыве і сярод насельніцтва, з якім даводзіцца мець справу ў працэсе работы, карыстаюцца спецыялісты па абследаванні Вера Купрэвіч і Таццяна Хадановіч.
— Можа хочаце назваць каго з ветэранаў органаў, з якімі некалі разам працавалі, дзякуючы каму і самі раслі прафесіянальна?
— Так. Не адно дзесяцігоддзе свайго жыцця прысвяцілі дзяржаўнай статыстыцы Альфрэда Баляславаўна Апанасевіч, Святаслаў Рыгоравіч Літвіновіч, Ірына Аляксандраўна Несцяровіч, Яніна Альфрэдаўна Варанец, Часлава Іосіфаўна Козел. Сёння яны знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Аднак, дзякуючы свайму прафесіяналізму, адданасці любімай справе, былі і застануцца для нас усіх добрым прыкладам для пераймання. Напярэдадні прафесійнага свята віншую і тых, з кім раней працавала, і тых, з кім маю справу сёння, з гэтай нагоды. Жадаю моцнага здароўя, удачы, поспехаў у працы, сямейнага шчасця, дабрабыту, мірнага неба над галавой.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымку: намеснік начальніка аддзела статыстыкі раёна Валянціна Пацкевіч.
Фота Іны Ярчак.



23 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю, Прафесійныя святы

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-043 лебедзі на Мястры Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела