Награждение лучших работников ОАО “Сватки” и ОАО “Занарочанский”

ЗАРАЗ большасць з тых механізатараў, хто яшчэ нядаўна з ранку да вечара шчыраваў у полі, каб хутчэй і без страт сабраць ураджай, задзейнічаны на іншых відах работ, якіх у любой гаспадарцы хапае. І рэхам напружаных дзён жніва, на працягу якіх кожны хлебароб стараўся на ўсю моц, з’яўляецца заслужанае ўшанаванне працавітых людзей. Пісьмы-падзякі, падарункі ад рэспубліканскага, абласнога і раённага камітэтаў прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымалі многія, хто ў час уборачнай кампаніі быў у ліку лепшых. Пра іх распавядала раёнка. І вось у чарговы раз, цяпер ужо са старшынямі рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалаем Лабушавым, Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Міхаілам Бодам, раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Таццянай Сівіцкай мы адпраўляемся на палі сельгаспрадпрыемстваў раёна, каб зноў сфатаграфаваць моманты ўшанавання і расказаць пра людзей, якія дастойны самых цёплых і ўдзячных слоў.
У ААТ «Сваткі» жніво закончылася. Таму зараз механізатары заняты нарыхтоўкай кармоў. На ўскрайку сенажаці за вёскай Замашша і адбылася сустрэча. Акрамя вышэйназваных гасцей тут прысутнічалі дырэктар таварыства Мікалай Варабей, галоўны аграном — Тамара Мінчук, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Алена Хіхіч, самадзейныя артысты Сваткаўскага СДК.
Мікалай Аксёнавіч шчырыя словы падзякі выказаў у адрас дырэктара таварыства Мікалая Вараб’я за яго старанне і руплівасць. З году ў год менавіта сваткаўцы дабіваюцца высокіх вытворчых паказчыкаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі.
— Сёлета жніво ў вас ўжо закончылася. Вы рабілі ўсё магчымае, каб колас быў умалотны. Але не ўсё залежыць толькі ад чалавека. У цэлым па рэспубліцы значна ніжэйшая ўраджайнасць збожжавых у параўнанне з мінулым годам, — сказаў Мікалай Аксёнавіч, звяртаючыся да хлебаробаў. — Таму хачу падзякаваць вам за працу, пажадаць моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў і ўсяго самага добрага…
Пад апладысменты прысутных Мікалай Лабушаў уручыў пісьмы-падзякі, якія, акрамя яго, падпісаў і міністр сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц, і падарункі галоўнаму аграному Тамары Мінчук і камбайнеру Пятру Скурко.
Цёплыя словы падзякі выказаў у адрас хлебаробаў за шчырую працу і Міхаіл Бода.
— У вобласці ўжо ёсць 366 экіпажаў, якія намалацілі па тысячы і больш тон збожжа. З іх два экіпажы маюць па 3,5 тысячы тон, 26 экіпажаў — больш за дзве тысячы тон, прыкладна 80 вадзіцеляў перавезлі больш чым па тысячы тон хлеба новага ўраджаю, — паведаміў Міхаіл Тарасавіч. — Сёння хачу шчыра падзякаваць за руплівасць камбайнеру Уладзіміру Швайкоўскаму і механізатару, які перавёз найбольшую колькасць збожжа, Яўгену Сівіцкаму.
Міхаіл Бода ўручыў ім пісьмы-падзякі і падарункі.
Прадоўжылі ўшанаванне хлебаробаў мясцовыя артысты. Песні ў іх выкананні разносіліся па наваколлі. А над полем кружылі буслы, якія нібы назіралі за дзеяй.
Пасля гэтага госці накіраваліся ў ААТ «Занарачанскі», каб таксама падзякаваць шчырым працаўнікам, хто здолеў дабіцца лепшых вынікаў на жніве. Сустрэча адбылася ў Доме культуры.
Звяртаючыся да прысутных, а на спатканне з лідарамі прафсаюза АПК прыбылі галоўны аграном таварыства Баляслаў Урбановіч, камбайнер Іван Сурвіла, вадзіцель Іван Куркуль, механізатар Ілья Сурвіла, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі таварыства Таццяна Шабан, Мікалай Аксёнавіч сказаў:
— Мы прыехалі адзначыць вашу сумленную працу, уручыць пісьмы-падзякі і падарункі.
Мікалай Лабушаў шчыра паціскаў рукі працаўнікам, жадаў здароўя і далейшых поспехаў на карысць сям’і, гаспадаркі, раёна і ў цэлым краіны. Ён адзначыў старанне маладога камбайнера Івана Сурвілы, прозвішча якога ўсё часцей называецца ў ліку лепшых работнікаў таварыства, і вадзіцеля Івана Куркуля.
А вось Міхаіл Бода ўручыў падзякі і падарункі галоўнаму аграному Баляславу Урбановічу, які больш за 30 гадоў адпрацаваў па спецыяльнасці, і механізатару Ілью Сурвілу.
Закончылася сустрэча невялікім канцэртам, які падрыхтавалі самадзейныя артысты. Упэўнены, што такія прыемныя хвіліны хлебаробам запомняцца надоўга.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара.



22 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-012 Касцёл у Мядзеле  Касцёл у Шэметава   на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела