Результаты работы участников жатвы

У дзень камандзіроўкі з самага ранку ласкава свяціла сонейка. Яго вясёлыя праменьчыкі сагравалі ўсё наўкола, несучы спакой і радасць для душы. А таму ў прыўзнятым настроі накіраваліся ў дарогу. Адразу заехалі на мехдвор ААТ “Зані”. Каля камбайнераў убачылі галоўнага эканаміста таварыства Таццяну Лосік.
— Падводжу вынікі работы ўдзельнікаў жніва, — кажа Таццяна Дзмітрыеўна. — Ужо ўсе плошчы, адведзеныя пад збожжавыя культуры, убраны, намалочана 706 тон. Ураджайнасць, на жаль, не радуе, яна ніжэйшая за сярэднюю па раёне…
— А колькі адзінак тэхнікі было задзейнічана на жніве? — цікаўлюся.
— Частка пасеваў у нас прапала з-за засухі, а таму ўборачная плошча зменшылася і склала 480 гектараў. З якіх 200 займала азімае жыта, — працягвае мая суразмоўца. — На двух “КЗС-1218” працавалі Яўген Кутузаў і Уладзімір Цяльпанаў, на “КЗС-10” — Мікалай Майсейчык. Пачыналі жніво на рапсавым палетку. Затым пераключыліся на трыцікале, азімае жыта, ячмень, авёс. Усе агрэгаты пастаянна працавалі разам на адным палетку. Камбайнеры падабраліся руплівыя, адказныя. Лідарства ўпэўнена ўтрымліваў Яўген Кутузаў. Не зважаючы на малады ўзрост і тое, што мужчына толькі другі год быў задзейнічаны на жніве, вынікі яго работы радуюць. На перадавіка раўняліся астатнія камбайнеры. Старанны хлебароб намалаціў 264 тоны збожжа.
— А хто адвозіў хлеб новага ўраджаю? — задаю наступнае пытанне.
— На “МАЗе” шчыраваў Мікалай Сіўчык, на “ЗіЛе” — Сяргей Пуня, — чую ў адказ. — Абодва вадзіцелі — старанныя, акуратныя. Найбольш, а гэта 419 тон, збожжа з поля перавёз Мікалай Сіўчык. Не было пытанняў і па рабоце Сяргея, які і на таку быў задзейнічаны, і на адвозцы збожжа ад камбайнаў. А вось сушыльная гаспадарка ў нас слабаватая. Сушылкі “КЗС-10” і “КЗС-20” — старыя, парадкам зношаныя, ды і магутнасць іх невысокая. Таму дапрацоўваецца збожжа яшчэ і цяпер. Займаюцца гэтай важнай і адказнай справай аператары збожжасушыльных комплексаў Пётр Шаранговіч, Рыгор Гарбацкі, Сяргей Амельяновіч, Юрый Арлоў на чале з Пятром Вараб’ём. Дзякуючы іх сумесным намаганням работа на таку арганізавана належным чынам. Задзейнічаны на дапрацоўцы збожжа і траў таксама рабочыя Вера Аляшкевіч і Віктар Сівіцкі. Кантроль за тэхналагічным працэсам ажыццяўляе загадчыца склада Люцыя Кавальчук. Дарэчы, мы працуем таксама над выкананнем дзяржзаказу па продажы збожжа дзяржаве, — працягвае Таццяна Дзмітрыеўна. — Пры плане 200 тон ужо здалі на Барысаўскі хлебпрам 182 тоны жыта.
Мая суразмоўца таксама паведаміла, што ўслед за камбайнамі была арганізавана ўборка саломы, большасць якой звезена на ўскрай палеткаў. На прасаванні яе ў рулоны задзейнічаны Пётр Паршута — вельмі руплівы і сумленны механізатар. А сцягванне і пагрузка іх даручана Івану Кутузаву, які працуе на “Амкадоры”. Дарэчы, Іван і на полі шчыруе, і на збожжатаку пры неабходнасці дапамагае.
— Вы з удзельнікамі жніва штодзень падводзілі вынікі зробленага? — цікаўлюся ў галоўнага эканаміста таварыства.
— Так, — чую ў адказ. — Пры размове з хлебаробамі пастаянна гаварылі пра нормы выпрацоўкі, расцэнкі, нагадвалі пра якасць работ. Выдаваўся кожнаму камбайнеру на рукі бюлетэнь, у якім указвалі намалочаныя тоны і ўбраныя гектары за папярэдні дзень і з пачатку жніва, налічаны заробак. Атрымлівалі бюлетэні з усімі цікавымі ім лічбамі і вадзіцелі. На мехдвары ў гонар лідара спаборніцтва вывешваўся сцяг працоўнай перамогі. Дарэчы, прадугледжана ў нас і прэміраванне пераможцаў. Па выніках уборкі камбайнер, які больш за астатніх намалаціў збожжа, а таксама вадзіцель, які вызначыўся на адвозцы, будуць прэміраваны ў памеры дзвюх базавых велічынь.
Добрым словам успомніла Таццяна Дзмітрыеўна і работнікаў сталовай таварыства. Нагадала, што хлебаробы вельмі задаволены якасцю прыгатаваных поварамі гарачых страў, пастаянна хваляць смачныя абеды, прывезеныя на палетак. Ужо не першы год харчаваннем механізатараў, пастухоў займаецца Ала Канапліцкая. Шмат год запар была Ала Аляксандраўна поварам у колішняй Занеўскай школе. Да прыгатавання страў заўсёды падыходзіла з душой. Яе любілі вучні, паважалі іх бацькі і педагогі. Ужо на пенсіі жанчына прыняла прапанову кіраўніка таварыства папрацаваць поварам на перыяды пасяўной і жніва. Яе работай у гаспадарцы задаволены ўсе. Развозіць абеды Зоя Баўтрамовіч — таксама руплівая і адказная жанчына. У іх нядрэнны тандэм атрымаўся, які садзейнічае выніковай працы. Бо арганізацыя харчавання — адзін са спосабаў праяўлення клопату пра людзей, якія з ранку да вечара шчыруюць на палетках, пашы дзеля прымнажэння агульнага багацця. Згадзіцеся, калі чалавек добра падсілкаваўся, калі адчувае да сябе ўвагу — тады і настрой, і самаадчуванне ў яго выдатныя. А таму і справы ў яго ладзяцца, і ёсць, безумоўна, ад працы аддача.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Іны Ярчак.



21 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

 возера Мястра  img_4257 Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела