Лучшие комбайнеры из ОАО “Мядельское агропромэнерго” и “Мядельагросервис”

ФІНАЛ жніва для лепшых хлебаробаў з ААТ “Мядзельскае аграпрамэнерга” і “Мядзелаграсэрвіс” адзначыўся прыемнымі момантамі. Да іх з віншаваннямі і падарункамі нечакана завіталі госці.
А гэта — старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Сяргей Халява, старшыня Мінскай абласной арганізацыі гэтага ж прафсаюза Уладзімір Філімонаў і начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Таццяна Хацяновіч, якая ўзначальвае раённую структуру гэтага прафсаюза.

Спачатку разам са старшынёй прафсаюзнай пярвічкі “Мядзелаграсэрвісу” Яўгеніяй Крывенькай наведаліся на поле каля Пруднікаў, дзе працавалі камбайнер Сяргей Крывенькі і вадзіцель Іван Баркоўскі. Для Сяргея Уладзіміравіча сёлета чацвёртая ўборачная кампанія. Ён можа пахваліцца, што працуе на новай тэхніцы. Яго бліскучы “GS-12” бачны здалёк.
— З якім настроем працуецца на новым камбайне? — звярнуўся з пытаннем да яго Сяргей Фадзеевіч.
— Настрой добры! — адказвае Сяргей Уладзіміравіч. — Вось каб яшчэ ўраджайнасць лепшай была…
Так, у гэтым годзе з-за ўмоў надвор’я многія гаспадаркі недабралі збожжа. І гэта аб’ектыўны фактар. Але ў той жа час гэта — і матывацыя сабраць тое, што вырасла, максімальна якасна.
— Мы ведаем, што ў вас не самыя высокія паказчыкі ў раёне, — працягвае прафсаюзны лідар. — Але не толькі перадавікі заслугоўваюць увагі. Вы таксама працуеце з самааддачай, старанна выконваеце сваю работу, пакідаючы жніўныя палеткі са змярканнем. Мы прыехалі падзякаваць вам за працу і прыўзняць крыху настрой заслужанымі падарункамі.
Сяргей Фадзеевіч уручыў камбайнеру сертыфікат на пэўную суму. А Іван Баркоўскі такі ж падарунак атрымаў ад Уладзіміра Філімонава, які павіншаваў хлебаробаў з завяршэннем жніва і пажадаў ім далейшых поспехаў. Дарэчы, Іван Канстанцінавіч — вопытны работнік, у гаспадарцы працуе дваццаць гадоў.
Вадзіцеля ААТ “ Мядзельскае аграпрамэнерга” Анатолія Вайцяховіча знайшлі каля сянажнай траншэі, якую гэтымі днямі якраз закладваюць. Дырэктар сельгаставарыства Віктар Васілевіч, які прысутнічаў тут, патлумачыў, што жніво ў гаспадарцы ўжо практычна завершана. Сярод тых, хто вызначыўся падчас яго, — Анатолій Вайцяховіч і камбайнер Валерый Кундра. Для хлопцаў гэта дванаццатае і чатырнаццатае жніво адпаведна. Хто, як не яны, заслугоўваюць падзякі? Уладзімір Філімонаў уручыў Анатолію Станіслававічу сертыфікат. Такі ж чакае і Валерыя Віктаравіча, які ў гэты дзень не змог сустрэцца з высокімі гасцямі.

Іна ЯРЧАК, фота аўтара.



21 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 Сядзіба Максіма Танка  на Блакітных азёрах        dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела