Дмитрий Карачун о работе и отдыхе в санатории “Сосны”

Дзень нараджэння — асаблівае свята. Самы час прааналізаваць мінулы год, адзначыць поспехі і справы, дзе варта было б яшчэ папрацаваць. А яшчэ — намеціць планы, каб выразна ўяўляць, у які бок развівацца. А што, калі дзень нараджэння не ў чалавека, а ў цэлай арганізацыі? Як, напрыклад, у санаторыя “Сосны”, якому ў жніўні споўнілася сорак два гады. У такім выпадку поспехі мінулых гадоў — заслуга не аднаго чалавека, а цэлага калектыву. Аб санаторыях прынята ўспамінаць з пункту гледжання медыцынскіх паслуг, бывае цяжка ўявіць, колькі розных структур задзейнічана, каб адпачываючым было зручна. Праца кацельні, рамонт у нумарах, увод новых жылых і службовых пабудоў — усё гэта непасрэдна не адносіцца да аздараўлення, але з’яўляецца неад’емнай часткай паўнацэннага і камфортнага адпачынку.
Пра асаблівасці “ценявой” працы здраўніцы распавядае намеснік галоўнага ўрача па эксплуатацыйна-тэхнічнай працы Дзмітрый Карачун. Каб больш даведацца пра свайго субяседніка, іду пагутарыць з яго калегамі, бо кіраўніка лепш за ўсё характарызуе стаўленне да яго падначаленых.
Галіна Малько, галоўны бухгалтар:
— Пра Дзмітрыя Іванавіча сказаць магу толькі самае лепшае. І не таму, што будзеце пісаць пра яго, — гэта сапраўды шчырыя словы. Ён вельмі адказны спецыяліст, не ўзгадаю ніводнага пытання, якое не змог бы вырашыць. Усё робіцца аператыўна і прафесійна.
Наталля Максімава, намеснік галоўнага бухгалтара:
— Ён не проста добры кіраўнік, але і прыемны чалавек. Вырашаючы пытанні, прыслухоўваецца да сваіх супрацоўнікаў, прымае кіраўніцкія рашэнні ўзважана.
Дзмітрый Карачун — былы вайсковец, закончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча СПА па спецыяльнасці “радыёінжынер”. Два гады адслужыў у Заходняй Украіне, а потым Савецкі Саюз распаўся, і трэба было вырашаць: прымаць украінскае грамадзянства або вяртацца дадому. Ён вярнуўся.
Працаваў у БВУП “Нарачпрафбуд” на розных пасадах, а ў 2001 годзе прыйшоў у санаторый “Сосны”.
У 2012 скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай”.
Дзмітрый Іванавіч каардынуе пытанні па эксплуатацыі санаторыя.
— У сферы маёй працоўнай адказнасці пытанні будаўніцтва, транспарта, камунальнай гаспадаркі. У нас ёсць свая кацельня, чатыры свідравіны, ачышчальныя збудаванні. Санаторый — гэта вытворчасць. Мы размешчаны ў лесе, таму ў “Соснах” усё сваё: цяпло, вада, электразабеспячэнне. Самі вядзем і рамонт, і будаўніцтва, даглядаем тэрыторыю, пляж. Зрабіць хочацца многае, але нельга забываць і пра фінансавыя магчымасці. Трэба і заробак людзям плаціць. А тыя грошы, якія застаюцца, стараемся ўкладваць у добраўпарадкаванне, рамонт.
— Вы працуеце ў “Соснах” амаль палову тэрміну іх існавання. Як вам здаецца, што змянілася за гэты час?
— Нават за апошнія пяць-сем гадоў мы зрабілі вельмі шмат. Па плане мадэрнізацыі ўсе збудаванні прывялі ў адпаведны сучасны выгляд, забяспечылі больш сучасным абсталяваннем. Відавочна: што было актуальна ў 1976 годзе, у 2018 — састарэла. Цалкам па-новаму зрабілі басейн, сталовую, адрамантавалі жылыя памяшканні, карпусы. Але змены закранулі не толькі тэхнічную або медыцынскую працу санаторыя, памяняліся і людзі, якія ў нас адпачываюць. Калі дзесяць гадоў таму да нас прыязджалі адзінкі іншаземцаў, то зараз суадносіны замежных грамадзян і беларусаў — амаль пяцьдзясят на пяцьдзясят. Калі людзі едуць — значыць, іх задавальняе наш узровень.
— Як вам здаецца, якія якасці павінен сумяшчаць у сабе добры кіраўнік?
— Лічу, што шмат самых розных. Але адна з галоўных, на мой погляд, — увага да патрэб сваіх падначаленых. Так, начальнік, вядома, павінен быць патрабавальным да работнікаў, падтрымліваць дысцыпліну, але адначасова дапамагаць у выпадку неабходнасці. Захоўваць баланс. Пры вырашэнні праблем, лічу, правільны адказ заўсёды прыходзіць у абмеркаванні. Адзін чалавек, няхай нават кіраўнік і прафесіянал, можа прыняць не самае выгаднае, аптымальнае рашэнне, таму трэба прыслухоўвацца да сваіх спецыялістаў, вырашаць разам.
— Якім бачыце развіццё санаторыя ў найбліжэйшай будучыні?
— Пакуль хацелася б стабільна развівацца, падтрымліваць такі ж узровень запаўняльнасці, павышаць якасць медыцынскіх паслуг і тэхнічнага абслугоўвання. Таксама хочацца захаваць калектыў, ён у нас сфарміраваны. Спыняцца на дасягнутым дакладна не збіраемся.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



20 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Курорт

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 wjx6x-f4hhi 84 _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела