Домашний “зоопарк” Галины Бойко

«Тут мы сустрэнем кенгуру, кракадзіла, страуса, жырафаў» — не, гэта апісанне не заапарка, а падворка жыхаркі Мядзела Галіны Байко. Упрыгожаны ён мноствам фігурак звяроў ды птушак і безліччу раслін. А яшчэ тут размясціліся альтанка для адпачынку, мангал, летні душ, лазня і басейн. Недарэмна сядзіба стала пераможцам у прысвечаным Году малой радзімы раённым аглядзе-конкурсе на лепшы ветэранскі падворак.
З гэтае прычыны Галіна Георгіеўна прымала гасцей. Да яе завіталі прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў: старшыня Юрый Мяркулаў і адказны сакратар Вольга Тункевіч. Павіншавалі і ўручылі гаспадыні дыплом за перамогу ў раённым аглядзе-конкурсе.
— Вельмі нечакана. Адчуваеш сябе чалавекам, які патрэбны грамадству. Прыемна, што ацанілі маю працу, да слёз кранулі, — дзеліцца Галіна Георгіеўна.
Дом № 34 па вуліцы Нарачанскай сям’я Байко атрымала год 25 таму, і Галіна з мужам Тадэвушам сталі наводзіць тут парадак.
— Адразу пачалі кветкі вырошчваць?
— Так. Для мяне гэта адно задавальненне. І бабуля, і мама кветкамі займаліся — яны на Глыбоччыне жылі. Такія аматары кветак былі — вяргіні, флёксы вырошчвалі. І мне гэта перадалося.
— У вас тут літаральна не прайсці за раслінамі…
— Яны дужа радуюць душу. Асабліва раніцай і вечарам: выходзіш, удыхаеш водары — так цудоўна!
— Не лічылі, колькі тут відаў?
— Некалі было 58 відаў толькі руж. Раней у батанічным садзе працавалі сяброўкі. Я купляла, мяняла, саджала кветкі… Зараз у мяне пераважна шматгадовыя расліны і дэкаратыўныя кусты.
— Якія самыя любімыя кветкі?
— Гэта штамбавыя ружы, маю іх пяць штук. Яны падабаюцца за тое, што цвітуць 2-3 разы за сезон. І такі водар ад іх, асабліва раніцай і вечарам! Цудоўная расліна. Ёй шмат увагі трэба (укрываць, уцяпляць), але яна так радуе душу.
— Столькі кветак, яны ж і догляду патрабуюць…
— А гэта адно задавальненне. Цяпер на пенсіі, час ёсць. Паглядзіш і радуешся, што гэта вырашчана і дагледжана сваімі рукамі. А раніцай прачынаешся — бачыш, якая кветачка зацвіла, якая асыпалася, дзе трэба падрэзаць, падкарміць.
— Як ідэя прыйшла ператварыць участак у маленькі заапарк?
— Неяк была ў касцёле ў Мосары. Убачыла прывезеныя з Літвы, Польшчы статуэткі — і мяне гэта дужа захапіла. Працавала на рынку, там і мастакі, майстры былі. У той час пачала рабіць з пластыкавых бутэлек фігуркі птушак. Паказала іх. Адзін мастак кажа: «А я вось такія раблю, прыедзь, паглядзі». Пабачыла. «Хочаш — і табе зраблю», — кажа. Так адразу кенгуру з’явіліся, потым казулі, жырафы, кракадзіл.
— А жывёлы вашы клічкі ці атрымалі?
— Ой, па-рознаму заву: яны і «міленькія», і «харошанькія». Калі паліваю кветкі побач ці праціраю, па-рознаму называю, але ласкава.
— А самі вы што вырабляеце?
— Розных птушак: глушца, фламінга, страуса, варону. А зімовы варыянт у мяне — снегіры.
— Дзе іх вучыліся рабіць?
— Часопісы розныя выпісвала, чытала. Бачыла ў людзей — і ў самой з’яўлялася жаданне нешта зрабіць.
А цяпер, калі пачала падарожнічаць, то стараюся і там падгледзець. Птушак доўга рабіць. Цэлую зіму займаюся, а вясной збіраю, рассаджваю па участку.
— А якая рэакцыя ў людзей на ваш падворак?
— Шмат хто прыходзіць, фатаграфуе. Прыязджалі і з Санкт-Пецярбурга, і з Карэліі — заходзілі, здзіўляліся. І дабра жадалі, каб працягвала, бо гэта цікава, ім спадабалася.
— А што хочацца яшчэ зрабіць?
— Задум было шмат, але як мужа не стала, адна засталася, пакуль збольшага толькі падтрымліваю парадак.
— Тут у вас раздолле для ўнукаў…
— Так. У мяне іх чацвёра: Мацвей, Ванечка, Мірон і Платон. Любяць прыязджаць да мяне. Тут і басейн ёсць. Раніцай прачынаюцца — купаюцца, вечарам — таксама. Ім гэта вялікае задавальненне.
— Яны свае ідэі прапануюць?
— Спрабавалі. Як меншыя былі, хоць з кардону якіх звяроў імкнуліся зрабіць, каб нейкі іх удзел быў.
— І якія ў іх самыя любімыя садовыя фігуркі?
— Як прыязджаюць, ля ўсіх фатаграфуюцца. І кажуць: «Бабуля, як у цябе прыгожа!» Дзеля іх і стараюся.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымках: Галіна Байко, Юрый Мяркулаў і Вольга Тункевіч; на падворку.
Фота аўтара.



17 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 Лебедзі на Нарачы Касцёл у Мядзеле  Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела