Перезагрузка “Беларусбанка”

2018 ГОД — знакавы ў жыцці Мядзельшчыны, бо сёлета наш раён прымае абласныя “Дажынкі”. Не засталіся ўбаку ад перадсвяточных клопатаў і ў цэнтры банкаўскіх паслуг № 619 г. Мядзела, аб’явіўшы з гэтай нагоды сапраўдную перазагрузку.
Наведвальнікі банка ўжо паспелі ацаніць якасць мадэрнізацыі аперацыйнай залы, якая адпавядае патрабаванням стандартаў афармлення офісаў у адзіным для “Беларусбанка” стылі. Тут, акрамя звычайных кас, арганізаваны кабіна для індывідуальнага абслугоўвання і бізнес-кабіна, электронная чарга, чатыры адкрытыя працоўныя месцы, абсталявана зона для абслугоўвання VIP-кліентаў. Апошнім часам вяліся вонкавыя работы: замена ўваходнай групы, абліцоўка фасада пліткай, добраўпарадкаванне тэрыторыі. А ў мінулую пятніцу ў банку з нагоды заканчэння ўсіх работ па мадэрнізацыі адзначалі калі не ўваходзіны, то свята, падобнае да іх — урачыстае адкрыццё.
Імправізаванай сцэнай стаў ганак, які ўпрыгожылі паветранымі шарамі. Святочную праграму адкрылі вядучыя — Марына Гапонік, Дар’я Жэнеўская і Аляксандр Цыгельнікаў. Сярод ганаровых гасцей урачыстасці — Дзмітрый Грыбоўскі — начальнік Мінскага ўпраўлення “Беларусбанка”, Наталля Апановіч — намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, Віктар Шэлег — дырэктар ЗАТ “ЖылБудІндустрыя”. Звяртаючыся да прысутных (работнікаў цэнтра банкаўскіх паслуг і кліентаў банка, якія ў гэты час сюды наведаліся), кожны з іх выказаў шчырыя віншаванні і добрыя пажаданні з нагоды ўрачыстага адкрыцця абноўленага будынка структурнага падраздзялення. А Віктар Генадзьевіч па добрай традыцыі будаўнікоў уручыў дырэктару цэнтра банкаўскіх паслуг Таццяне Бірала сімвалічны ключ.
У банку ганарацца сваімі дасягненнямі, цэняць і паважаюць кліентаў. Тут абслугоўваецца больш за чатыры сотні суб’ектаў гаспадарання. Сярод буйнейшых — Нацыянальны парк “Нарачанскі”, санаторыі “Сосны”, “Прыазёрны”, “Нарачанка”, НДЦ “Зубраня”, Мядзельскае ПМС. Рахункі ў банку маюць больш за дзесяць тысяч укладчыкаў. Некаторыя з іх былі названы са сцэны як ганаровыя кліенты, бо сябруюць з установай на працягу шасцідзесяці гадоў. Гэта ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Гардон і Тамара Русак. Міхаіл Гершэнавіч, якому было дадзена слова ад імя апошніх, нават расказаў, як пачыналася яго гісторыя ўзаемаадносін з банкаўскай установай у далёкім 1957 годзе. Ён якраз атрымаў прапанову ўзначаліць нарыхтоўчую кантору ў Крывічах і пераехаць туды на пастаяннае месца жыхарства. У Мядзеле заставалася бацькоўская хата. Вырашыў яе прадаць райвыканкаму. Ветэран паведаміў, што немалую па тых часах суму — 15 тысяч рублёў — яму пералічылі на банкаўскі рахунак ашчаднай касы.
Удзельнікаў мерапрыемства запрасілі зайсці ў банк, дзе частавалі цукеркамі з пажаданнямі (да цукеркі прымацавана паперка з надрукаваным пажаданнем), уручалі паветраныя шарыкі і фірменныя сцяжкі на памяць. Так распачаўся новы этап у развіцці банка, накіраваны на яшчэ больш якаснае і камфортнае абслугоўванне кліентаў.

Іна ЯРЧАК.



16 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне, Эканоміка

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   06-043     Паруснікі                          возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела