Анна Подгол: “С молодежью нужно разговаривать на равных”

МЕНАВІТА такое меркаванне неаднаразова выказвалася падчас рэспубліканскага семінара, які 7-8 жніўня бягучага года праходзіў на Гомельшчыне. Актывісты з усіх абласцей нашай краіны і г. Мінска, прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі грамадскіх арганізацый, дэпутацкі корпус сабраліся разам, каб абмеркаваць інавацыйныя падыходы ў рабоце з моладдзю. Нарада праводзілася з удзелам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай. Аб тым, як праходзіла мерапрыемства, што запомнілася, найбольш спадабалася, — прапанаваная ніжэй гутарка з адной з прадстаўніц Мядзельшчыны на гэтым форуме — галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганнай ПАДГОЛ:

— Пачну з таго, што моладзь — наша будучыня. Таму невыпадкова ёй удзяляецца вялікая ўвага на ўзроўні кіраўніцтва краіны. Да тэмы маладзёжнай палітыкі часта звяртаецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Акцэнты работы ў дадзеным накірунку былі расстаўлены на V Усебеларускім народным сходзе. Лагічным працягам узнятай тэмы з’яўляецца семінар-практыкум, які праходзіў у Гомельскай вобласці з удзелам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай. Яго тэма: “Удасканаленне дзейнасці дзяржорганаў і арганізацый па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь”.
— Ганна Мікалаеўна, чаму, на ваш погляд, для правядзення такой прадстаўнічай нарады была выбрана менавіта Гомельшчына?
— У Гомельскай вобласці вялікае значэнне надаецца рабоце з моладдзю. І наведванне шэрагу прадпрыемстваў, устаноў, удзел у розных мерапрыемствах, на якіх змаглі папрысутнічаць на працягу двух дзён, сустрэчы з прадстаўнікамі маладога пакалення гэта яскрава пацвердзілі.
— Дзе вы пабывалі і што вам найбольш запомнілася?
— Пачаўся семінар з наведвання гарадскога пасёлка Лоеў. Гэта вельмі чысты і прыгожы населены пункт, размешчаны на беразе Дняпра. Пакарыў ён не адну мяне тым, што там шмат месцаў, дзе юнакі і дзяўчаты, маладыя сямейныя пары могуць цікава і з карысцю бавіць свой вольны час. Упрыгожваюць пасёлак невялікія і ўтульныя альтанкі, дзіцячыя пляцоўкі, рознай формы малыя архітэктурныя збудаванні. Здаецца, усё зроблена проста, але з густам. У маляўнічым месцы размешчаны Дом культуры, бібліятэка. Напрыклад, перад уваходам у апошнюю намаляваны сляды, а на іх пазначаны паслугі, якія аказвае бібліятэчная ўстанова…
Заўважыла, што ў Лоеве, як і ўсюды на Гомельшчыне, вельмі беражліва адносяцца да падзей Другой сусветнай вайны. З гісторыі мы ведаем, што ў гады Вялікай Айчыннай у раёне Дняпра ішлі вельмі цяжкія баі, і вада ў рацэ была чырвонай ад крыві салдат, якія змагаліся за кожную пядзю роднай зямлі… У гонар герояў, якія загінулі за свабоду і незалежнасць Радзімы, узведзены мемарыяльны комплекс. Ён уключае ў сябе Алею герояў, стэлу ў гонар загінуўшых, якая ў мініяцюры нагадвае помнік на плошчы Перамогі ў Мінску, помнік салдату, зямлянку… Вельмі прыгожа глядзеліся школьнікі ў адмысловых касцюмах, якія застылі ў ганаровай варце. Адчуваецца, што ім з дзяцінства прывіваецца любоў да сваёй зямлі, Бацькаўшчыны. Яны з пашанай адносяцца да гістарычнага мінулага роднага краю, да герояў, якія паклалі на алтар Перамогі свае жыцці, і да жывых сведак тых гераічных падзей. Мы прынялі ўдзел у цырымоніі ўскладання вянкоў да стэлы. Падчас хвіліны маўчання ўшанавалі светлую памяць загінуўшых за Айчыну і народ. Дзякуючы прысутным пагранічнікам, якія нясуць службу ў раёне Дняпра, прагрымеў у гонар герояў салют. Была таксама і водная феерыя, якая закончылася спусканнем з пагранічных катараў на ваду вянка. Відовішча, скажу вам, вельмі ўражваючае і хвалюючае.
— Што яшчэ было ў праграме семінара?
— Наведалі таксама Рэчыцу. Асабіста мне спадабаўся гэты горад. Вельмі прыгожа побач з новымі будынкамі глядзяцца старыя. Там шмат і месцаў для адпачынку моладзі. Уразіў помнік архітэктуры “Гарадзішча”. Ён нечым нагадвае наш Мядзельскі замак. Але як арыгінальна гэта месца аформлена! Там і Дзяржаўны герб Беларусі, і каменны замак з вежамі, і масток… Запомніўся дзіцячы парк, дзе не можа быць нецікава дзецям… Куды ні кінь позірк — усюды арыгінальныя архітэктурныя збудаванні… Пабывалі ў гарадской гімназіі, дзе пазнаёміліся з членамі клуба “Скіф”. Падлеткі авалодваюць сакрэтамі ваеннай службы, скачуць з парашутам. Ім гэта вельмі падабаецца. Самаму малодшаму “скіфаўцу” восем гадоў. Ёсць і старэйшыя хлопцы. Кіруе клубам былы дэсантнік. Дзякуючы яго намаганням падтрымліваюць члены аб’яднання сувязь з ветэранамі ПДВ, створаны таксама музей паветрана-дэсантных войск. Па ўсім бачна, вырастуць з гэтых падлеткаў сапраўдныя мужчыны, якія не па чутках ведаюць, што такое патрыятызм, любоў да Радзімы і што сваю Айчыну трэба ўмець абараняць. Мне асабіста прыглянуўся і Цэнтр творчасці, турызму дзяцей і моладзі ў Рэчыцы. З першых хвілін знаходжання там адчувалася атмасфера творчасці, якая бачылася як у афармленні інтэр’ера будынка, так і ў рабоце педагогаў з дзецьмі. Нельга забыць дэфіле-парад адзення, змайстраванага з паперы, Дрэва памяці, розныя іншыя прэзентацыі, якія наглядна паказвалі, дзе і чым можна займаць моладзь.
— Як бачу, праграма семіра-практыкума была вельмі насычаная?
— У першы ж дзень пабывалі на шэрагу прамысловых прадпрыемстваў Рэчыцы і Гомеля. Пазнаёміліся з умовамі працы, заработнай платай, адпачынкам рабочых і спецыялістаў. Напрыклад, “Рэчыцадрэў” славіцца настаўніцтвам, а таму моладзь хутчэй адаптуецца на вытворчасці. Садзейнічае замацаванню маладых кадраў і прадугледжаны нядрэнны сацыяльны пакет. У Рэчыцы, дарэчы, пазнаёміліся з дзейнасцю мясцовай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Пра іх справы яскрава расказвала выстава, наладжаная ў скверы, дзе былі прадстаўлены алея “Моладзь Гомельшчыны” і работа студэнцкіх атрадаў. На карце “Моладзь — пульс краіны” кожны жадаючы з удзельнікаў семінара мог прымацаваць сэрцайка да месца, дзе знаходзіцца яго малая радзіма. Спадабалася невялікая, але даволі змястоўная канцэртная праграма, якая прайшла ў амфітэатры. Застаўся ў памяці і помнік маладажонам “Каханне яднае сэрцы”.
— А як праходзіла пленарнае пасяджэнне?
— У другі дзень работы семінара ўсе сабраліся ў Рэчыцы ў Палацы нафтавікоў. Адразу ўважліва азнаёміліся з выставай, дзе прэзентавалі сябе ўстановы адукацыі, якія займаюцца падрыхтоўкай спецыялістаў розных прафесій, запатрабаваных у нашай краіне. Потым пачалося пленарнае пасяджэнне. Выступоўцаў па прапанаванай тэме было шмат. Сярод іх — міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, першы сакратар цэнтральнага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Дзмітрый Варанюк, старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. Ад Міншчыны, напрыклад, меў слова прадстаўнік
“БелАЗа”. Ён падкрэсліў, што кожны трэці работнік прадпрыемства мае ўзрост да 31 года. Запомніўся і такі цікавы момант, прыведзены прамоўцам: калі юнака праводзяць на службу ў армію, яму ў вайсковую часць выпісваюць заводскую газету, каб не губляў сувязей з прадпрыемствам, ведаў, чым яно жыве ў яго адсутнасць. А гэта, згадзіцеся, і ёсць адзін з момантаў працягу на адлегласці зносін работадаўцы і працаўніка, што, у сваю чаргу, дапамагае замацаванню маладых кадраў. Дарэчы, кожны з прысутных мог задаць выступоўцам хвалюючае пытанне і атрымаць на яго адказ. Адчувалася актыўнасць і неабыякавасць да ўзнятых праблем кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай. Яна ж і падвяла вынікі грунтоўнай размовы, якая адбылася. У прыватнасці, Наталля Іванаўна падкрэсліла важнасць удасканалення форм і метадаў работы з моладдзю. Яна нагадала, што з маладымі людзьмі неабходна размаўляць на роўных, пара адыходзіць ад мовы павучанняў, патрэбна чуць іх голас, бачыць вынікі сумеснай работы. На семінары закраналіся таксама пытанні прафарыентацыі старшакласнікаў, першага працоўнага месца. Называліся і некаторыя будучыя праекты. Напрыклад, тое, што ў новым годзе стартуе школа актыўнага грамадзяніна, якая стане своеасаблівай пляцоўкай для адкрытага дыялогу моладзі з грамадскімі дзеячамі. У 10-ых класах з’явіцца прадмет “працоўнае выхаванне”. А першы ўрок 1 верасня будзе прысвечаны Году малой радзімы. Больш увагі будзе надавацца і падтрымцы таленавітай моладзі.
— Што асабіста для сябе вынеслі з семінара-практыкума, у якім удзельнічалі?
— Тое, што на самай справе трэба бачыць і чуць моладзь, а не толькі яе павучаць, бо ў многіх юнакоў і дзяўчат таксама ёсць чаму павучыцца. І гэта на самай справе так. Ну і, вядома, моладзі трэба аказваць дапамогу, ствараць належныя ўмовы працы, плаціць ёй годны заробак. Важна, каб былі прадугледжаны і неабходныя сацыяльныя праекты, каб маладым людзям было куды выйсці ў свабодны ад работы час, змястоўна адпачыць. У нашым рэгіёне, напрыклад, над гэтым яшчэ трэба шмат працаваць. Шкада, што не змаглі папрысутнічаць на такім цікавым семінары настаўнікі, работнікі культуры, іншых сфер, для якіх таксама быў бы карысны вопыт, назапашаны ў рабоце з моладдзю ў Гомельскай вобласці. Павучыцца там сапраўды было чаму. Вялікі дзякуй і арганізатарам семінара-практыкума, і яго гаспадарам, якія нас прымалі вельмі шчыра і сардэчна.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



16 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе лебедзі на Мястры 84 06-012

Пабрацімы Мядзела