Взгляд на распределение спустя год работы

Непрыкметна праляцеў цэлы год, і да работнікаў, якія атрымалі размеркаванне мінулым жніўнем, хутка далучацца новыя маладыя спецыялісты. За год кагосьці прызвалі на службу ў армію, хтосьці стварыў сям’ю, нехта пераразмеркаваўся ў іншае месца, але ёсць маладыя людзі, якія працягваюць працаваць у сваіх арганізацыях. Мой герой — прадстаўнік менавіта апошніх. Аляксей Чарнышоў (на здымку), ураджэнец Заслаўя, летась закончыў БДАТУ і атрымаў размеркаванне ў ААТ “Будслаўскае” на пасаду галоўнага інжынера.
— Мне здаецца, што не вельмі правільна маладога спецыяліста ставіць адразу на такую адказную, кіраўніцкую пасаду. Павінен быць нейкі адаптацыйны перыяд, калі толькі прыступаеш да працы пасля навучання. Трэба дадаць магчымасць праверыць свае веды на практыцы, а не кідацца з месца ў кар’ер. Бо гэта можа адбіцца не толькі на самім працаўніку, але і на арганізацыі. Тым больш, пасада ёсць, а адносіны да маладога спецыяліста як да недастаткова дасведчанага застаюцца. Але дзеля справядлівасці скажу, што калегі да мяне ставяцца добра, і справай дапамагаюць, і парадай падтрымліваюць. Вось ужо год прайшоў — уцягнуўся, пачаў лепш разбірацца. Дырэктар таксама раіць, дапамагае. Адносіны ў калектыве сяброўскія. Разам ездзілі на спаборніцтвы сандружын — было весела, вельмі добра правялі час.
— Ці былі справы, якія не змог выканаць?
— За гэты год чагосьці фатальнага не адбылося. Ці было складана? Так. Але з усім спраўляўся сам або з дапамогай калег. Калі казаць пра побыт, самастойнае жыццё — праблем наогул няма. Я жыву разам са сваім калегам, нам далі дом на дваіх. Ды і калі два маладыя спецыялісты ў арганізацыі — лягчэй. Нешта я ведаю, нешта ён, ёсць магчымасць абмеркаваць працоўныя пытанні з чалавекам, які апынуўся ў такой самай сітуацыі і разумее цябе. Ды і разам весялей, як-ніяк.
— Ты сам з Заслаўя, вучыўся ў Мінску, але з’ехаў даволі далёка ад дому, чаму?
— Да моманту заканчэння вырашыў, што не буду заставацца ў сталіцы. Хацелася патрапіць далей ад дому, пабыць аднаму, даведацца пра іншае жыццё. Сталіца мяне ў гэтым плане не прыцягвала, бо люблю больш спакойную абстаноўку. За час навучання стаміўся ад метро, іншага транспарта. У вёсцы лягчэй: з раніцы ў майстэрні падвезлі — працуй, не трэба марнаваць час на пераезды.
— Ну і якое, па-твойму, іншае жыццё?
— Нейкіх моцных адрозненняў паміж раёнам і сталіцай не знаходжу. Але мне здаецца, што тут жыццё прасцейшае. Ведаю людзей, якія ўстаюць у пяць, кормяць хатнюю жывёлу, едуць на працу, вяртаюцца, зноў займаюцца хатнімі справамі. І так па крузе. Самі людзі іншыя. Тут яны дабрэйшыя, больш ветлівыя. Напэўна, таму, што населеныя пункты маленькія, усе адзін аднаго ведаюць. Мы, напрыклад, адразу пазнаёміліся з суседзямі, падтрымліваем з імі зносіны, ходзім на гарбату-каву. Калі патрабуецца нейкая дапамога, ні мы не адмовім, ні яны.
— А чым займаешся ў вольны час?
— Пасля працы люблю схадзіць на рыбу, пагуляць. Калі надвор’е трымаецца цёплае, хаджу на рэчку плаваць. Нейкага канкрэтнага хобі для сябе яшчэ не знайшоў, думаю, гэта яшчэ наперадзе…

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



14 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы на Блакітных азёрах        0-178 84

Пабрацімы Мядзела