Свирские путешественники о работе и отдыхе

У КОЖНЫМ населеным пункце жывуць людзі, якія вызначаюцца гаспадарлівасцю, адкрытасцю і добразычлівасцю. Іх заўсёды ставяць у прыклад іншым, да іх звяртаюцца па параду і дапамогу. Звычайна такія людзі не грэбуюць і грамадскім жыццём. Яны прымаюць актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні свайго населенага пункта, робяць усё магчымае, каб ён квітнеў і прыгажэў, вабіў да сябе гасцей.

— Ці ёсць такія людзі ў гарадскім пасёлку Свір? — пацікавіўся ў старшыні Свірскага сельвыканкама Віктара Субача.
— Ёсць, і нямала. Напрыклад, Сяргей і Жанна Владыкі. Гэта дружная, працавітая сям’я. Калектыў работнікаў Свірскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, дзе Сяргей Яўгенавіч працуе вадзіцелем, вылучае яго ў склад выбарчай камісіі. Да гэтага даручэння ён адносіцца сур’ёзна, неабыякавы да таго, што адбываецца навокал. Яго жонка Жанна Фёдараўна таксама працуе ў доме-інтэрнаце — настаўнікам-працатэрапеўтам, — адказвае Віктар Іосіфавіч.
Старшыня прыгадаў выпадак, які характарызуе Сяргея як дбайнага патрыёта пасёлка.
— На ўездзе ў Свір ёсць арка. Гэта свайго роду візітная картка гарадскога пасёлка. Аднойчы ехаў вялікі аўтамабіль і зачапіўся за яе. Металічная канструкцыя была пашкоджана. Мы паглядзелі і вырашылі, што прасцей яе дэманціраваць, — расказвае Віктар Іосіфавіч. — Але падыходзіць Сяргей і на поўным сур’ёзе заяўляе, маўляў, навошта такую арку знішчаць — гэта наша славутасць. Падумалі мы і пагадзіліся з довадамі Сяргея Яўгенавіча. А ён тым часам прынёс металічныя вугалкі, працаваў па ўзнаўленні аркі. Яна і сёння цешыць вока жыхароў пасёлка і шматлікіх яго гасцей.
Яшчэ старшыня расказаў, што Владыкі заўсёды прымаюць актыўны ўдзел у суботніках па добраўпарадкаванні Свіры, дом і прысядзібны ўчастак таксама імкнуцца ўтрымліваць у чысціні і парадку.
— А зрэшты, сустрэньцеся з гэтымі людзьмі, паразмаўляйце — не пашкадуеце, — параіў Віктар Субач.
І вось мы ля дома Владыкаў. Убачыўшы гасцей, Сяргей і Жанна выйшлі на ганак.
— Заходзьце, калі ласка! — гасцінна запрасілі яны.
Цёплае летняе надвор’е спрыяла размове на падворку. Можна было адначасова любавацца шматлікімі кветкамі, якія красуюцца на клумбах. Асабліва грацыёзна выглядалі ружы. Дагледжаныя градкі таксама сведчаць пра тое, што Жанна — добрая гаспадыня. А вось у цяньку дрэў прытулілася альтанка, непадалёку ад якой знаходзіцца арыгінальны мангал. Упрыгожваюць падворак і малыя архітэктурныя кампазіцыі. Трава акуратна падкошана…
— Хто з вас мясцовы жыхар? — пытаюся.
— Ніхто, — чую ў адказ.
Высветлілася, што Сяргей нарадзіўся ў Казахстане, дзе ў той час знаходзіліся яго бацькі.
— Татаў брат жыў у вёсцы Уладыкі, што на Вілейшчыне. Ён і пераманіў нас сюды. Мне было шэсць гадоў, калі прыехалі ў Беларусь, — расказвае гаспадар. — Тата ўладкаваўся працаваць у Свіры ў дарожную арганізацыю. Тут нам далі жыллё. Тут я пайшоў у першы клас…
Пасля заканчэння школы хлопец працягнуў вучобу ў тагачасным Свірскім ПТВ, дзе набыў прафесію электраманцёра-шафёра. Але папрацаваць па спецыяльнасці асабліва не паспеў: прызвалі ў армію. Службу праходзіў у Германіі…
Жанна родам з Уручча, што пад Мінскам. Пасля школы паступіла ў Барысаўскае педагагічнае вучылішча. На практыку дзяўчыну накіравалі ў Свірскую школу. Вось тады і пазнаёмілася з маладым хлопцам, які толькі што прыйшоў з арміі. Стройны, падцягнуты, прыгожы. Ён адразу запаланіў дзявочае сэрца.
Пасля заканчэння педвучылішча Жанну накіравалі працаваць у Маладзечна. Сяргей таксама падаўся ў горад, дзе жыла каханая. Працаваць уладкаваўся на станкабудаўнічы завод. Сустракаліся, сябравалі, а потым узялі шлюб.
— 27 гадоў жывём разам. А здаецца, зусім нядаўна было вяселле, — кажа Жанна Фёдараўна. — Удзячна Богу, што на маім жыццёвым шляху сустрэўся Сяргей. Працавіты гаспадар, добры бацька. Увогуле, у яго залатыя рукі, усё ўмее…
Жыць маладыя пераехалі ў Свір. Неўзабаве ў іх нарадзілася першая дачушка Ліза. А потым і Даша з’явілася на свет. Сяргей працаваў у ДЭУ, потым вадзіцелем у Свірскім гарПО, на станцыі шынамантажу. Ужо тады яго ведалі як працавітага і дысцыплінаванага чалавека. Прыгожыя вазы для кветак са старых аўтамабільных шын у многіх населеных пунктах, ля арганізацый і ўстаноў Свіршчыны — яго рук справа.
Аднойчы пры сустрэчы дырэктар Свірскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Казімір Русак прапанаваў:
— Сяргей, нам патрэбен добры вадзіцель. Пераходзь да нас працаваць.
Параіўшыся з жонкай, якая тады завіхалася прадаўцом у камерцыйнай краме, даў згоду.
Праз пэўны час у доме-інтэрнаце адкрывалася школа для пражываючых. На пасаду настаўніка-працатэрапеўта патрэбен быў спецыяліст з педагагічнай ці медыцынскай адукацыяй. Дырэктар звярнуўся да Жанны:
— Хопіць педагогу стаяць за прылаўкам. Пераходзь да нас…
Так апынуліся Сяргей з Жаннай у адной установе. Разам на працу, разам дадому.
— Зараз гаспадарку не трымаем. А раней былі свінні, трусы, куры. Клопатаў хапала. Але ва ўсім мне дапамагалі Сяргей, дзеці, — кажа гаспадыня.
— Калі ласка, некалькі слоў пра дзяцей, — прашу Жанну.
— Старэйшая дачушка Лізавета жыве і працуе ў Мінску. Яна завочна заканчвае юрыдычны факультэт Беларускага інстытута правазнаўства. А вось Даша з намі. Сёлета закончыла дзевяць класаў, будзе працягваць вучобу ў школе, — распавядае Жанна. — Мы рады за дзяцей: добра вучацца, захапляюцца спортам, вядуць актыўны лад жыцця.
Варта сказаць, што па мерках асобных жыхароў Свіры Владыкі — дзіўныя людзі. Яны могуць раптам сабрацца і паехаць на экскурсію, скажам, у Нясвіж.
— Мы вельмі любім падарожнічаць па нашай прыгожай Беларусі. На пад’ём, як кажуць, лёгкія. Прыйшла ідэя, абмеркавалі — у машыну і наперад, — усміхаецца гаспадыня. — Часта бываем на Блакітных азёрах, любуемся непаўторнай прыгажосцю гэтага цудоўнага куточка. Маладзечна, Мінск, Слуцк, Мосар, Паставы, Полацк, Браслаў, Магілёў, Крэўскі замак — гэта далёка не поўны пералік тых мясцін, дзе пабывалі за апошнія гады.
— Я так зразумеў, што вольны час вы бавіце ў паездках. А якое яшчэ маеце хобі? — цікаўлюся.
— Люблю майстраваць. Захапляюся рыбалкай. Паходы ў грыбы і ягады, ды і на догляд прысядзібнага ўчастка патрэбен час, — усміхаецца Сяргей Яўгенавіч.
— А я і на працы, і дома захапляюся стварэннем розных вырабаў. Вырошчваю кветкі. Многія ідэі і тэхналогіі чэрпаю з інтэрнэта. Люблю кухарыць. У гэтай справе актыўна дапамагае і муж. А галоўнае хобі — падарожжы па нашай краіне, — дапаўняе Жанна Фёдараўна.
Вось такія людзі жывуць і працуюць у Свіры.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



14 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Лебедзі на Нарачы від на Мядзел 06-043

Пабрацімы Мядзела