Последние гектары зернового клина в ПСХ “Дягили”

«ЯК хутка ляціць час. Здаецца, зусім нядаўна хлебаробы сеялі яравыя культуры, як ужо заканчваем іх убіраць, — уздыхае галоўны аграном сельскагаспадарчага філіяла «Дзягілі» ААТ «Упраўляючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» Лена Піліпюк. Сапраўды, механізатары з Дзягіляў шчыруюць на апошніх гектарах збожжавага кліна.
— Ці аддзячыла ніва вяскоўцам за старанні ўмалотным коласам? Якія работы стаяць на парадку дня сёння? — цікаўлюся ў Лены Канстанцінаўны.
— Гектар збожжавага палетка даў у сярэднім 20 цэнтнераў зерня. Праўда, разлічвалі на лепшую ўраджайнасць. Для гэтага імкнуліся прытрымлівацца аптымальных тэрмінаў сяўбы культур, праводзілі падкормку, хімпраполку. Але многае залежыць ад прыроды. А надвор’е сёлета не вельмі спрыяла хлебаробам, — кажа аграном. — Найлепш парадавала трыцікале, яго ўраджайнасць склала 25,6 цэнтнера з гектара.
— Ці вялікую плошчу займалі ў гаспадарцы збожжавыя? — пытаюся.
— 581 гектар. Сёння ўборачныя работы выйшлі на фінішную прамую, — гучыць у адказ.
— Чыя ў гэтым заслуга?
— Маем тры камбайны: два «GS-12» і адзін «Дон-1500». Самым новым камбайнам, які працуе другі год, кіруе вопытны хлебароб Анатолій Варабей. Дарэчы, Анатолій Аляксандравіч з’яўляецца лідарам. Ён намалаціў 470 тон збожжа, — расказвае Лена Канстанцінаўна. — На другім месцы Віталій Таразевіч, на трэцім — Яўген Сарока. Дарэчы, і Таразевіч, і Сарока сёлета ўпершыню самастойна ўбіраюць ураджай.
З далейшай размовы даведаўся, што на адвозцы збожжа ад камбайнаў задзейнічаны дзве адзінкі: аўтамабіль «МАЗ», якім кіруе Сяргей Кадушкевіч, і трактар «МТЗ», за рулём якога Мікалай Папко.
— Калі ласка, скажыце некалькі слоў пра сушыльную гаспадарку, — прашу агранома.
— Маем сушылку «КЗС-10». Каторы год працуе яна на дрывах. А машыністамі сёлета на ёй Генадзь Хаткоўскі і Аляксандр Плотнікаў. Хлопцы старанныя, адказныя. Ёсць добры запас дроў. І на наступны год хопіць, — чую ў адказ.
— Якія яшчэ сёння клопаты ў вашых механізатараў? — пытаюся.
— Іх хоць адбаўляй. Пасля камбайнаў на хлебных палетках пачынае гаспадарыць з прэс-падборшчыкам Павел Лукашэвіч. Сёння, напрыклад, ён цюкуе салому ва ўрочышчы Майлова. Рулоны стараемся адразу звозіць з поля. На іх пагрузцы заняты Іван Таразевіч, які кіруе «Амкадорам», а звозіць Віктар Казлоўскі. Заняты механізатары і на ўзорванні глебы. Не паспееш азірнуцца, як надыдзе пара сеяць азімыя. Першай будзе пасеяна свірэпіца на плошчы 30 гектараў. Кіпіць работа на збожжаскладзе. Машыніст устаноўкі «Петкус» Яўген Падгайскі ачышчае, даводзіць да ладу насенне азімых.
Жніво жнівом, але ў гаспадарцы не забываюць і пра нарыхтоўку кармоў. У гэтым мы пераканаліся, пабываўшы на сенажацях. Непадалёку ад вёскі Вохабні сустрэлі механізатара Аляксандра Крыўко, які касіў канюшыну. Вырасла яна някепская.
— Гэта другі ўкос. Пасля мяне сюды з граблямі прыедзе Барыс Талуць, а потым — Аляксандр Балаховіч. Аляксандр працуе з прэс-падборшчыкам «Ферабокс», які рулоны закручвае ў поліэтыленавую плёнку, — тлумачыць Аляксандр Леанідавіч.
Ля вёскі Мілты заўважылі два камбайны і аўтамабіль «МАЗ». Падумалася: «Мо, сапсавалася тэхніка?!» Але не. Пад’ехаўшы бліжэй, убачылі, што якраз прывезлі гарачы абед.
— Што сёння ў меню? — пытаюся ў Веры Лукашэвіч, якая раздавала стравы.
— На першае — гарохавы суп, на другое — кураціна, на трэцяе — кампот, — адказвае жанчына.
Камбайнер Віталій Таразевіч дадаў:
— Кормяць някепска. Стравы свежыя, смачныя. Дзякуй…
— Поварам у нас працуе Зоя Шыкавец, дастаўляе абеды яе муж Іосіф Шыкавец. А Вера Лукашэвіч раздае іх, — удакладніла Лена Канстанцінаўна.
— Перакусілі? Плёну вам у працы, — пажадала камбайнерам Вера Фларыянаўна. — А мы паедзем да вёскі Крапіўна: там працуе Анатолій Варабей.
Вось так, адначасова выконваючы некалькі важных спраў, працуюць у гэтыя дні дзягільскія хлебаробы.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Іны Ярчак.



14 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          на Блакітных азёрах        Касцёл у Мядзеле  Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела