Результаты работы хозяйств в животноводстве

У МІНУЛУЮ сераду на базе таварыства “Свір-агра” адбылася вытворчая нарада па падвядзенні вынікаў работы ў жывёлагадоўлі гаспадарак за сем месяцаў. На яе запрашалі кіраўнікоў таварыстваў, галоўных заатэхнікаў і ветурачоў, а таксама загадчыкаў даільных залаў і асемянатараў. Перад пленарным пасяджэннем, якое праходзіла ў актавай зале Свірскага сельвыканкама, усе пабывалі на ферме “Камарова”. Чаму там? Як расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Уладзімір Дытко, у гэтым калектыве за апошні час відавочны станоўчыя зрухі. Па меркаванні Уладзіміра Аляксандравіча, яны абумоўліваюцца тым, што сюды прыйшлі новыя кадры, якія адчуваюць адказнасць за даручаную справу, імкнуцца добрасумленна выконваць свае абавязкі. У прыватнасці, забяспечана добрая захаванасць маладняку буйной рагатай жывёлы. А вось у цэлым па раёне з гэтым ёсць праблемы. Не ўсё добра і з узнаўленнем дойнага статка. У значнай меры па гэтай прычыне сем гаспадарак мінусуюць па надоі малака ад каровы. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што недабор прадукцыі звязаны і з некаторымі аб’ектыўнымі прычынамі. Нельга не ўлічваць студзеньскія праблемы з пастаўкамі ў раён канцэнтратаў, дэфіцыт травяністых кармоў у некаторых гаспадарках на зыходзе стойлавага перыяду, сёлетнюю засуху, якая моцна нашкодзіла ў чэрвені травастою на пашы…
На думку галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Станіслава Ермаковіча, на ферме “Камарова” можна лічыць вартым і наступнае: на 267 кароў маюць толькі чатыры галавы, хворыя на клінічны мастыт. Дырэктар таварыства Андрэй Парцянка падзяліўся з прысутнымі, што раней яны таксама мелі з гэтай немаччу нямала клопату. Як высветлілася, асноўная прычына яе — у нерэгулярным тэхабслугоўванні даільнага абсталявання, несвоечасовай замене сасковай гумы ў даільных стаканах. Значная ўвага ў практычнай частцы нарады надавалася і рабоце з малодзівам. Яно і не дзіўна, бо ад таго, як, калі і чым накормяць нованароджанае цяля, напрамую залежаць здароўе, развіццё і захаванасць папаўнення. Загадчыца фермы Алена Вайнілка ў кароценькай гутарцы заўважыла, што раней у іх малых цялятак даглядалі самі даяркі і вялікага толку не было. Затое з прыходам на пасаду цялятніцы Тэрэсы Семянковай сітуацыя змянілася да лепшага карэнным чынам. І яшчэ. Хаця надоямі ад каровы ў Камарове пакуль не выпадае хваліцца — яны цяпер на ўзроўні 9,3 кілаграма — аднак гэта сама высокі паказчык у гаспадарцы. Ды і ў параўнанне з іншымі фермамі таварыства (“Паніззе”, “Лушчыкі”), ён вышэйшы ледзь ці не ў паўтара раза. Ужо прагрэс!
Пленарнае пасяджэнне адкрыў уступным словам старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка. Анатолій Мар’янавіч звярнуў увагу прысутных на неабходнасць навядзення парадку на фермах, забеспячэнне пагалоўя ў памяшканнях і на
выгулах добрым подсцілам.Тым больш, што чаго-чаго, а саломы сёння ўсюды хапае. Пара ўжо зразумець: выдатны подсціл — гэта не толькі чысціня, але і больш высокія сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе маладняку буйной рагатай жывёлы. У чым на практыцы, як адзначалася, пераканаліся работнікі таварыства “Мядзельскае аграпрамэнерга”. Анатолій Вайнілка таксама спыніўся на пытаннях рэалізацыі жывёлы. Ёсць выпадкі, калі гаспадаркі прадаюць яе малой вагой, па невысокіх цэнах. На гэтым, а таксама на невытворчым выбыцці пагалоўя пазней акцэнтаваў увагу прысутных і пракурор раёна Іван Малафей. Іван Іванавіч перасцярог кадры аграпрамысловага комплексу ад халатнасці пры выкананні сваіх абавязкаў і службовага падлогу.
Больш падрабязна пра вынікі работы на фермах з пачатку года праінфармаваў Уладзімір Дытко. За студзень-ліпень сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе маладняку буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме склалі па раёне 549 грамаў, што на 5 грамаў перавышае адпаведны мінулагодні паказчык. Прывагі больш за шэсцьсот грамаў забяспечваюць тры гаспадаркі: “Нарачанская Ніва 2004”, Нацпарк “Нарачанскі” і “Занарачанскі”. А ёсць жа і “чэмпіёны” накшталт “Вузлянкі” — усяго 287 грамаў — яскравае сведчанне бестурботных адносін да наяўнага пагалоўя. Кепска тое, што затраты на вытворчасць ялавічыны паўсюдна перавышаюць выручку ад яе рэалізацыі. Адна з прычын — пры нарматыве 80 працэнтаў менш за трэцюю частку пагалоўя прадаюць вышэйшай укормленасцю таварыствы “Зані”, “Мядзельскае аграпрамэнерга”, “Будслаўскае”. Надзвычай важным з’яўляецца і такі аспект, як сярэдняя цана рэалізацыі. А яна атрымліваецца вельмі рознай: у “Сватках” і “Дзягілях” больш чым па 2100 рублёў за тону, а ў “Занях” — толькі 1374 рублі, “Свір-агра” — 1421. Нельга не сказаць і пра перарасход кармоў, якія таксама каштуюць вялікіх грошай. Моцна грашаць гэтым у “Свір-агра”, “Мядзелаграсэрвісе”, “Вузлянцы” і “Дзягілях”, дзе нарматыў перавышаны не менш чым напалавіну. Першыя дзве гаспадаркі ды яшчэ “Зані” прагрэсіруюць і па паморку жывёлы.
Не надае вялікага аптымізму і сітуацыя з вытворчасцю малака. У цэлым па раёне надой яго ад каровы за студзень-чэрвень склаў 1991 кілаграм — мінус 37 кілаграмаў у параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года. Меншы за наш у сталічнай вобласці гэты паказчык толькі ў Крупскім і Вілейскім раёнах. Хаця на Мядзельшчыне ёсць калектывы жывёлаводаў, якія змаглі надаіць ад каровы больш чым па тры з палавінай тоны малака — “Сваткі”, Нацпарк “Нарачанскі”. Ушчыльную наблізілася да лідараў і “Нарачанская Ніва 2004”. Прыемна паглядзець на іх сённяшнія паказчыкі — у межах 19-21 кілаграма. У той жа час многія гаспадаркі, як указвалася вышэй, моцна мінусуюць, цягнуць за сабой раён у лік адстаючых. Самы вялікі недабор прадукцыі ў таварыствах “Свір-агра”, “Занарачанскі”, “Слабадская зара”. Вядомая справа, гэта адмоўна адбіваецца на аб’ёмах рэалізацыі малака дзяржаве, ад якіх напрамую залежыць фінансавы дабрабыт гаспадарак. Для большай нагляднасці можна ўзяць два таварыствы, у якіх практычна аднолькавая колькасць кароў. У “Сватках” іх 782, выручка ад продажу малака за сем месяцаў склала 1 мільён 380 тысяч рублёў, а ў “Слабадской зары” толькі на дзве галавы менш, затое выручка — у тры з паловай разы! Можа, і не зусім этычна параўноўваць указаныя калектывы, але пры гэтым выразна бачна цана ўзроўню гаспадарання. І ён зараз не толькі ў лічбах, але і той зарплаце, якую кладзе сабе ў кішэню штомесяц той ці іншы вясковец, з якім настроем, нарэшце. Дарэчы, у “Сватках”сярэдняя за першае паўгоддзе склала 919 рублёў. Нічога не скажаш, прыстойны заробак! Нават на свінакомплексе “Брусы” атрымаўся некалькі меншы. А вось у таварыствах “Слабадская зара”, “Пруднікі-Агра”, “Будслаўскае” не дацягвае і да палавіны гэтага. Па жыцці атрымліваецца: хто як працуе, так і мае…
У малочнай справе таксама некалькі надзвычай важных састаўных частак паспяховай работы. Апроч аб’ёмаў вытворчасці, надзвычай вялікую ролю адыгрываюць таварнасць прадукцыі, яе якасць, расход кармоў на цэнтнер малака. І па кожнай пазіцыі мы пакуль не навучыліся працаваць без вялікіх страт. У прыватнасці, вельмі мала малака рэалізоўваецца класам “экстра”. А ў выніку атрымліваецца, што за кожную яго тону ў касу “Вузлянкі” пералічваюць 654 рублі, а “Слабадской зары” — 448, “Дзягіляў” — 468. Многія дзясяткі тон прадукцыі губляюцца незваротна з прычыны невысокай таварнасці ў таварыствах “Занарачанскі”, “Пруднікі-Агра”, “Свір-агра”, “Мядзелаграсэрвіс”. І, нарэшце, значныя сумы грошай выкідваюцца на вецер у выніку незбалансаванасці рацыёну дойнага статка па пажыўных рэчывах. Таму нямала дзе нарматыў расходу кармоў значна перавышаецца. Напрыклад, замест 1,15 кармавой адзінкі на літр малака ў “Прудніках-Агра” расходуюць 1,9. Ні ў якім выпадку нельга скідваць з рахунку і селекцыйную работу, несвоечасовае пакрыццё кароў і цялушак, захворванні пагалоўя. Гэтыя і многія іншыя вытворчыя пытанні, захаванне тэхналагічных параметраў пры атрыманні малака і мяса таксама дэталёва абмеркавалі ў ходзе нарады. Шэрагу дырэктараў і спецыялістаў за істотныя недахопы ў рабоце давялося трымаць непрыемныя справаздачы. У іх ліку — кіраўнікі таварыстваў: “Слабадская зара” — Сяргей Роўда, “Вузлянка” — Станіслаў Кандратовіч, “Будслаўскае” — Алег Ермаковіч; загадчыца комплексу “Палессе” Вера Няверка, галоўны ветурач таварыства “Занарачанскі” Таццяна Агароднік, галоўны заатэхнік таварыства “Пруднікі-Агра” Міхаіл Яначкін, тэхнік-асемянатар таварыства “Зані” Валянціна Талстобава. Некаторых з кадраў за абыякавасць, сур’ёзныя недапрацоўкі вырашана прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці.
Пры падвядзенні вынікаў нарады Анатолій Вайнілка таксама патрабаваў, каб паўсюдна значна актывізавалі нарыхтоўку кармоў, бо няма ніводнага таварыства, дзе б не стаялі добрыя травы. На палях даспявае неблагая кукуруза. І таму ва ўсіх ёсць рэальная магчымасць назапасіць на зімоўку для грамадскага статка ўдосталь сена, сенажу і сіласу. А яшчэ ўказвалася на своечасовы ўвод у строй аб’ектаў, якія будуюцца цяпер у гаспадарках.

Павел ЖУКАЎ.



14 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Афіцыйна, Жывёлагадоўля

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай на Блакітных азёрах        _06-040 возера Мястра

Пабрацімы Мядзела