Ирина Буткевич: “За здоровьем – в “Приозерный”

Галоўная медсястра санаторыя “Прыазёрны” Ірына БУТКЕВІЧ — чалавек на нашым курорце вядомы і аўтарытэтны. А яшчэ — неардынарная асоба і цікавы суразмоўца. Чытайце далей — і пераканаецеся самі…

ПРА ДЗІЦЯЧУЮ МАРУ І ЛЁСАВЫЗНАЧАЛЬНЫ АЎТОБУСНЫ МАРШРУТ
— Медыкам хацела быць з дзяцінства, не памятаю цікавасці ні да якой іншай прафесіі, — расказвае Ірына Пятроўна. — У Нарачанскім краі я ўжо 36 гадоў. Многа? Як адзін дзень!
Я з вёскі Сядзіца Вілейскага раёна. Заканчвала Мінскае медвучылішча №2, выпускнікоў якога размяркоўвалі пераважна ў сталіцу. Не хацела заставацца ў вялікім горадзе. Была магчымасць выбіраць, бо наша група на размеркаванне ішла першай. І я папрасіла: “Куды-небудзь, акрамя лячэбных устаноў Мінска…” Можна было паехаць у здраўніцы Друскіненкая або Юрмалы, Місхора, Туапсэ… Або ў дзіцячы санаторый “Баравое” на возеры Нарач. Узгадала, што праз Маладзечна ходзіць аўтобус “Мінск — санаторый “Баравое” — і выбар быў зроблены. Так і апынулася ў Нарачанскім краі. І ніколі не пашкадавала пра гэта.
…Завочна ў Гродзенскім медінстытуце атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “медыцынская сястра”. З задавальненнем правучылася пяць гадоў. Вышэйшая адукацыя — гэта рознабаковыя веды. Вывучалі сацыяльную і медыцынскую псіхалогію, эканоміку, замежную мову, культуралогію — усё гэта вельмі цікава.
Спачатку працавала ў “Баравым”: на пасту, у кабінеце функцыянальнай дыягностыкі, медсястрой па масажы. Потым перайшла ў “Будаўнік”: новы санаторый, цікава… Пасля яго аб’ядналі з “Прыазёрным”. З таго часу “Прыазёрны” — мой родны дом. Гэта сапраўды так, бо вялікая частка жыцця праходзіць на працы. У лячэбным корпусе кожны куточак, кожны квадратны метр ведаю яшчэ з моманту будаўніцтва. Самі падбіралі плітку, аддзелачныя матэрыялы, раіліся з дызайнерамі, будаўнікамі… Цяпер у нас шыкоўны лячэбны корпус. Спальныя карпусы добрыя. Пастаянна праводзяцца касметычныя рамонты. Бо чалавек плаціць грошы, прыязджае на адпачынак — і павінен камфортна сябе тут адчуваць. Усё навокал павінна быць прыгожым, дагледжаным, сучасным.
ПРА НЕАБХОДНАСЦЬ РАЗВІВАЦЦА І МОДУ НА ПРЫГАЖОСЦЬ
— Ганаруся нашым санаторыем, — прызнаецца галоўная медсястра “Прыазёрнага”. — Кожны дзень тут нешта адбываецца, змяняецца. Бо спыняцца ў развіцці нельга, трэба ўдасканальвацца. Інакш цяпер нельга, бо адразу страціш многіх гасцей, нават тых, якія любяць нашу здраўніцу. Бываючы ў іншых санаторыях, у іншых краінах, звяртаем увагу на ўсё новае. Наш кіраўнік імкнецца ўкараняць сучаснае, перадавое. Напрыклад, дарожка Кнэйпа з’явілася ў нас пасля таго, як Аляксей Аляксандравіч (Шапяцько, дырэктар санаторыя — Аўт.) з’ездзіў у Прыбалтыку.
Госці здраўніцы таксама змяняюцца. Па-першае, робяцца ўсё больш патрабавальнымі. Яны плацяць за пуцёўку немалыя грошы, і хочуць атрымаць максімум зручнасці. Па-другое, цяпер модна быць здаровым і прыгожым. Апошняе асабліва актуальнае для людзей маладых, якія не маюць сур’ёзных праблем са здароўем. Вельмі папулярныя ў іх, напрыклад, “шакаладнае абгортванне”, ванны з водарасцямі… Таму ў нашым СПА-цэнтры пастаянна з’яўляюцца новыя працэдуры.
ПРА МЁД, ЛЁД І НЕСПАКОЙНЫ ХЛЕБ
— У медыцыне не павінна быць выпадковых людзей, — упэўнена Ірына Буткевіч. — Таленавіты хірург зрабіў аперацыю, але поспех лячэння залежыць і ад медсястры, якая потым даглядае пацыента. У даўнія часы прадстаўніц нашай прафесіі называлі сёстрамі міласэрнасці, што вельмі дакладна адлюстроўвае сутнасць гэтай працы. Да прафесійных ведаў абавязкова павінны дадавацца любоў да людзей і ветлівасць. Нездарма кажуць: “Ёсць мёд-сястра, а ёсць лёд-сястра”. І не дай Бог пацыенту трапіць да лёд-сястры… Хаця, напэўна, добразычлівасць і ветлівасць патрэбны і ва ўсіх іншых сферах: прыемна ж, калі ў магазіне, банку, любой арганізацыі ўсміхаюцца, рады табе…
У медыкаў не бывае спакойнага кавалка хлеба. Хаця здаецца: у санаторыі працуем, ну што ў нас тут такога… Вядома, у стацыянары іншы ўзровень працы і адказнасці. Але і мы дапамагаем людзям, і рэабілітацыя таксама вельмі важная. Тут свая спецыфіка, бывае няпроста ў эмацыянальным плане. Нашы госці (як, у прынцыпе, і ўсе людзі) — з рознымі характарамі. Вельмі важна сустрэць, усміхнуцца, пажадаць здароўя, добрага дня… А ўвогуле, трэба проста любіць гасцей, калег, сваю працу — і тады ўсё атрымаецца.
ПРА КАРОТКІ ДЗЕНЬ І АДКАЗНУЮ МОЛАДЗЬ
— У мае абавязкі ўваходзяць арганізацыя работы медыцынскіх сясцёр, кантроль за іх працай, — працягвае Ірына Буткевіч.— Складанне графікаў, арганізацыя замены. А таксама ахова працы, працоўная дысцыпліна, атрыманне медыкаментаў, расходных матэрыялаў, кантроль за работай абсталявання. Абходы лячэбных кабінетаў, карпусоў, тэрыторыі, сталоўкі. Ну і складанне справаздач, табеляў… Усё трэба паспець, дзень праходзіць, як адна хвіліна.
У нас вялікі штат, вельмі кампетэнтны персанал. Асноўная частка медыцынскіх сясцёр — з вышэйшай і першай катэгорыяй. Ёсць і з другой, але гэта — моладзь, якой трэба яшчэ назапасіць вопыту і стажу. Людзям падабаецца тут працаваць, яны хочуць удасканальвацца, паглыбляць веды, павышаць кваліфікацыю. Гэта прэстыжна: у нас жа санаторый вышэйшай катэгорыі. Тут цудоўныя маладыя кадры. Імкнуцца даведацца новае, павучыцца ў старэйшых, ніколі не супраць папрацаваць у іншым кабінеце. Не абмяжоўваюцца толькі выкананнем службовых абавязкаў.
ПРА АКТЫЎНЫ АДПАЧЫНАК І  ХАТКУ Ў ВЁСЦЫ
— Варта знаходзіць час не толькі на працу, але і на адпачынак — здымаць стрэсы станоўчымі эмоцыямі, — кажа галоўная медсястра санаторыя. — Спартакіяды ў нас праводзяцца, і святы цікава адзначаем — гэта калі пра калектыўны адпачынак.
Люблю хадзіць, а таму на працу і з працы стараюся дабірацца пешшу (жыву ў курортным пасёлку). І многія нашы работнікі так робяць, хаця і ёсць магчымасць ездзіць службовым аўтобусам.
На дачу люблю з’ездзіць. Заўсёды хацела мець кавалачак зямлі для рэлаксу. Доўга шукала — знайшла хатку ў вёсцы Ясева на Пастаўшчыне. Гарачынёй у драўляным будынку проста цудоўна. Яму 104 гады! Вырошчваю пераважна кветкі. Ну і крыху агуркоў, цыбулі — так, дзеля задавальнення. Свае яблыкі, парэчкі, клубніцы — зусім не тое, што купленыя.
…А ПА ЗДАРОЎЕ — У “ПРЫАЗЁРНЫ”
— На развітанне падкрэслю, — гаворыць Ірына Буткевіч, — што вельмі радуюся вынікам нашай працы. Прыемна, калі людзі, якія бываюць на дарагіх курортах, усё роўна прыязджаюць да нас, каб падлячыцца. Бо адпачынак адпачынкам, а па здароўе — у “Прыазёрны”…

Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



13 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Курорт

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        _06-040 wjx6x-f4hhi на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела