Семейная династия в “Нарочьпрофстрой”

БВУП «Нарачпрафбуд» — адна з вядучых будаўнічых арганізацый раёна. Сёння нават цяжка пералічыць, колькі здадзеных аб’ектаў на яе рахунку. Зараз будаўнікі завіхаюцца на гасцініцы ў райцэнтры, рыхтуюць яе да здачы ў эксплуатацыю. Менавіта тут і сустрэліся з брыгадзірам комплекснай будаўнічай брыгады Валянцінам Клямятам.
Валянцін Дзмітрыевіч патлумачыў, што раней была брыгада муляраў, а зараз комплексная, бо даводзіцца выконваць розныя работы.
— Мы і муляры, і бляхары, і страхары, — усміхаецца ён. — Калектыў дружны, зладжаны. Людзі працуюць без асаблівых заўваг. Кожны з адказнасцю ставіцца да даручанай справы. А яно так і павінна быць…
— Ці вялікая ў вас брыгада? — пытаюся.
— Не, зараз шэсць чалавек. Хаця ўсе яны муляры, але выконваюць розныя работы. Хлопцы не падводзяць. Пра кожнага магу сказаць толькі добрае, — чую ў адказ. — Асаблівым стараннем вызначаюцца Аляксандр Талстаухаў, Уладзімір Занудзенка, Сяргей Клямята…
— Прабачце, Сяргей Клямята вам не радня?
— Сын. Пасля школы паступіў у Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Правучыўся два гады і кінуў. Кажа, што гэта не яго справа. Прыйшоў да мяне ў брыгаду. Тут стараецца. Неаднаразова заахвочваўся кіраўніцтвам арганізацыі, — тлумачыць Валянцін Дзмітрыевіч. — А малодшы сын Аляксей закончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і зараз выкладае гісторыю ў Свірскай школе.
Сам брыгадзір не навічок на будоўлі. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў родны Мядзел і ўладкаваўся ў колішнюю «ПМК-137» падсобным рабочым. Паціху асвоіў прафесію муляра. Спачатку ў яго быў другі, а потым і трэці разрад. Як кажуць, прафесійна рос.
— Потым перайшоў у «Нарачпрафбуд». І вось тут больш за пятнаццаць гадоў, прычым апошнія дзесяць — на пасадзе брыга-
дзіра, — кажа суразмоўца. —
А ўсяго на будоўлі больш за трыццаць гадоў.
Я пацікавіўся, ці не стаміўся ён за столькі год, мо хацеў бы памяняць месца працы, бо на будоўлі яна, як вядома, не з лёгкіх.
— Ды ведаеце, не! — пераканаўча адказвае Валянцін Дзмітрыевіч. — Хаця не пералічыць, колькі за плячамі здадзеных аб’ектаў. Апошнія найбольш буйныя — кааператыўны жылы дом медработнікаў у Мядзеле, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, зараз вось — гасцініца. Узводзіў жылыя дамы ў курортным пасёлку Нарач, быў наш аб’ект у НДЦ «Зубраня». Здадзім у эксплуатацыю гасцініцу — будзем будаваць жылы дом у курортным пасёлку Нарач. Справа пакуль ёсць.
— Быў такі перыяд, калі для «Нарачпрафбуда» заказаў практычна не стала. Многія работнікі звальняліся, шукалі іншае месца працы. Ці не думалі вы памяняць прафесію, арганізацыю? — пытаюся.
— Я застаўся тут і пакуль не шкадую. Хаця ёсць прапанова перайсці ў прыватную будаўнічую арганізацыю. Але не магу кінуць людзей, з якімі поплеч адпрацаваў столькі гадоў. А змяніць прафесію не спрабаваў. Перакананы, што будоўля — гэта маё. Кожны павінен рабіць тое, да чаго ляжыць душа. Толькі тады толк будзе!
— Надыходзіць прафесійнае свята. Чаго хочаце пажадаць калегам?
— Спачатку хачу ўсіх шчыра павіншаваць з гэтай нагоды. А пажаданні мае будаўнікам простыя: моцнага здароўя, дастатку і сямейнага дабрабыту. Міру і дабра вам і вашым блізкім!

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: брыгадзір комплекснай брыгады БВУП «Нарачпрафбуд» Валянцін Клямята.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



13 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Касцёл у Засвіры   dsc_5774-3 _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела