Жатва-2018 в ОАО “Будславское” | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Жатва-2018 в ОАО “Будславское”

ПРАЦОЎНЫ дзень набліжаўся да завяршэння, калі неба зацягнулі хмары і пайшоў спорны дождж. Работа камбайнаў на жніўным палетку часова прыпынілася. Такі «адпачынак», вядома ж, не на радасць хлебаробам. Але нічога не зробіш. Механізатары прыгналі камбайны на палявы стан ля вёскі Сіўцы, сталі аглядаць свае машыны, каб заўтра з падвоенай энергіяй узяцца за справу.
Галоўны аграном ААТ «Будслаўскае» Франц Томкавіч перад тым, як расказаць пра ход жніва, для дакладнасці зазірнуў у зводку і патлумачыў:
— На жніве задзейнічаны тры камбайны «GS-12», два «КЗС-10» і адзін «Дон-1500». Уборку распачалі з абмалоту рапсу, які займаў 110 гектараў.
— Хто яго ўбіраў? — пытаюся.
— Працавалі два камбайны. Новы «GS-12», які сёлета набылі і замацавалі за маладым механізатарам Міхаілам Крамком, і яшчэ адзін, якім кіраваў старэйшы хлебароб Юрый Кузняцоў, — чую ў адказ.
— Хто з іх намалаціў больш?
— Міхаіл. Ён і больш дзён працаваў, і тэхніка не падводзіла. А ў Юрыя напачатку жніва былі некаторыя пытанні па камбайне, — патлумачыў Франц Мечыслававіч. — Зараз усе камбайнеры пераключыліся на ўборку азімага жыта.
— Назавіце іх прозвішчы, — прашу.
— Акрамя названых, гэта яшчэ Аляксандр Сташкевіч, Павел Лётка, Марк Гарбацэвіч і Аляксандр Нікалаеў. Літаральна пра кожнага хлебароба магу сказаць толькі самае добрае. Хлопцы адказныя, руплівыя, сапраўдныя гаспадары хлебнай нівы, — адказвае аграном.
З многімі камбайнерамі і я неаднаразова сустракаўся на жніве. Напрыклад, з Юрыем Кузняцовым. З 1984 года ён у гаспадарцы. Спачатку кіраваў камбайнам «СК-5», потым — «Лідай», а цяпер на «GS-12» працуе. Некалькі гадоў запар памочнікам камбайнера ў Юрыя быў Аляксандр Сташкевіч. Памятаю, хваліў яго Юрый Аляксеевіч: «Талковы хлопец, любіць тэхніку і разбіраецца ў ёй. Расце сапраўдны хлебароб». І вось сёлета Аляксандр самастойна ўбірае збажыну.
— А ў вас хто зараз памочнік? — пытаюся ў Юрыя Кузняцова.
— Алег Шастаковіч. Мясцовы хлопец, з Палесся. Вучыцца ў Мінску за повара, упершыню ўдзельнічае ва ўборцы. Стараецца, — чую ў адказ.
— А вось у Міхаіла Крамка памочнікам працуе Ігар Роўда, — дадае галоўны аграном. — Увогуле, у нас усе камбайнеры маюць памочнікаў…
— А ці хапае транспарта для адвозкі збожжа? — пытаюся.
— Праблемы не бачу. Дваццацітонным аўтамабілем «МАЗ» кіруе Валянцін Ісмаілаў, пяцітонным — Вікенцій Канопскі, а дзесяцітонным — Алег Кратовіч. Нельга не назваць прозвішча яшчэ аднаго вадзіцеля, нашага старэйшага работніка, ветэрана працы Фелікса Сіняўскага. Яго «ЗіЛ» таксама зараз курсіруе па маршруце «хлебнае поле — збожжаток», — адказвае Франц Мечыслававіч. — У арганізацыйным плане жніво праходзіць нармальна. Хлебаробы забяспечаны двухразовым харчаваннем.
— Што вы можаце расказаць пра сушыльную гаспадарку? — цікаўлюся.
— Асноўная нагрузка кладзецца на сушылку «ЗСК-40Ш». Машыністамі на ёй працуюць Аляксандр Кісялёў і Вадзім Сіроткін. Усё збожжа ў абавязковым парадку ўзважваецца. На вагах працуе Іна Сіроткіна. А работай па дапрацоўцы, ачыстцы хлеба кіруе загадчыца склада Марыя Бурдун, — гаворыць аграном.
— Хаця жніво не завершана, але час думаць і пра будучы ўраджай…
— Так, у хлебаробаў гэта сапраўды адвечны клопат. Адразу пасля камбайнаў на палетках распачынаюць працу Аляксандр Лётка і Яўген Алесенка, якія кіруюць трактарамі «МТЗ» у счэпе з рулоннымі прэс-падборшчыкамі. Стараемся, каб на полі рулоны доўга не ляжалі, бо яны перашкаджаюць узорваць глебу, — кажа Франц Мечыслававіч. — А гэтай справай у нас займаецца вопытны араты Аляксандр Ломскі. Каб паскорыць падрыхтоўку глебы да сяўбы азімых, дадаткова ўключым у работы яшчэ адны плугі і дыскатар.
— Хто з камбайнераў лідзіруе?
— Першынство ў спаборніцтве ўтрымлівае Міхаіл Крамок, які намалаціў 311,1 тоны збожжа. На другім месцы Павел Лётка, на трэцім — Марк Гарбацэвіч. А вось сярод вадзіцеляў лідарства за Валянцінам Ісмаілавым, які перавёз 618 тон збожжа.
А што датычыць жніва ў цэлым, то збожжавыя культуры будслаўчане ўбралі з плошчы 497 гектараў, што складае 45,6% ад агульнай плошчы. Сярэдняя ўраджайнасць — 23,5 цэнтнера з гектара.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



10 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Каментаванне закрыта

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178     Паруснікі                           возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси