Международный фестиваль «В Шеметово у Шостаковичей» проходит в Мядельском районе

МУЗЫЧНЫ форум, варты самых лепшых сталічных сцэн, праходзіць гэтымі днямі на Мядзельшчыне. Міжнародны фестываль “У Шэметаве ў Шастаковічаў” аб’яднаў прыхільнікаў класічнай музыкі, і ў першую чаргу — творчасці сусветнавядомага савецкага кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча, продкі якога па бацькоўскай лініі паходзяць з нашага краю. Аўтар праекта — французскі оперны спявак беларускага паходжання, прэзідэнт французскай асацыяцыі “Абмен: Францыя — Беларусь” Аркадзь Валадось.

Фестываль адкрыўся канцэртам у касцёле Святога Андрэя Апостала ў аг. Нарач. Перш, чым пад зводы храма ўзняліся непаўторныя гукі класічнай музыкі, да прысутных звярнуўся Аркадзь Лявонцьевіч. Вітальную тэлеграму Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Французскай Рэспубліцы Паўла Латушкі з нагоды адкрыцця ІІІ Міжнароднага фестывалю, прысвечанага Дзмітрыю Шастаковічу, зачытаў народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча Міхаіл Казінец. Мела слова першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга. Ад імя жыхароў Мядзельшчыны, якім пашчасціла стаць землякамі продкаў славутага кампазітара, выступіла намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева.


Сёлета разам з музыкантамі беларускай Акадэміі музыкі выступалі французскія зоркі. Гэта скрыпачка Шарлот Жуяр і габаіст Жэром Гішар. У іх віртуозным выкананні прагучала музыка кампазітара ХVІІІ ст. Антоніа Вівальдзі. Другі канцэрт, які адбыўся ў санаторыі “Спадарожнік”, таксама прынёс задавальненне аматарам класічнай музыкі.
Спецыяльна на ўнікальны фестываль прыехала намеснік дырэктара па вучэбнай частцы Маладзечанскай музычнай школы мастацтваў Вольга Яцэвіч. Яна адзначыла высокі выканальніцкі ўзровень музыкантаў і была ў захапленні ад пачутага. Для яе моманты фестывалю сталі параўнальнымі з асабістым шчасцем.


***
Алеся Скрабатун, віяланчэль, выпускніца Акадэміі музыкі гэтага года:
— Першы раз прымаю ўдзел у фестывалі. Для мяне гэта вялікае шчасце! Граць разам з такімі майстрамі, заражацца іх энергіяй і пазітывам — гэта цудоўна! У храме граць таксама раней не даводзілася, гэта складана, тут свая акустыка, але вопыт каштоўны. Творы Шастаковіча люблю, асабліва яго сімфонію №6. Вось толькі гучыць яна ў выкананні аркестра. Мы ж выконваем квартэт №6, раманс, элегію і некаторыя творы Вівальдзі, у тым ліку канцэрт для габоя з аркестрам, знакамітыя “Поры года”.

Трэці канцэрт, прысвечаны беларускаму кампазітару Дзмітрыю Смольскаму, падчас якога выступіў вакальны ансамбль “Натхненне” Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў, адбыўся ўчора ў НДЦ “Зубраня”. Апошні пройдзе заўтра, у дзень смерці Дзмітрыя Шастаковіча, у касцёле ў Шэметаве (пачатак — а палове восьмай вечара). У ім прымуць удзел оперныя салісткі Соф’я Петравіч (Сербія) і Даніэла Енчэва (Балгарыя). Прагучыць элегія Шастаковіча і твор італьянскага кампазітара ХVІІІ ст. Джавані Пергалезі “Stabat Mater”.

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.



09 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Культура

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

 возера Мястра  223_ Рэчка Нарачанка        на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела