В десятке лучших работников санатория “Журавушка”

КАЛІ ў кабінеце дырэктара санаторыя «Жураўка» Аляксандра Даніленкі пайшла размова пра лепшых работнікаў, то ён назваў з дзясятак рупліўцаў, якія сваім стараннем ствараюць і падтрымліваюць імідж здраўніцы.
— Раю вам напісаць пра медсястру па фізіятэрапіі Аксану Грыбоўскую, — кажа Аляксандр Іванавіч. — Гэта шчыры работнік, адказны спецыяліст. Любяць і паважаюць яе калегі, у калектыве жанчына карыстаецца заслужаным аўтарытэтам.
І вось мы ля кабінета, дзе адпускаюць фізіяпрацэдуры. Пагутарыць з Аксанай Іванаўнай не так проста. Адзін за адным прыходзяць адпачываючыя, каб атрымаць працэдуры, якія прызначыў урач. Нарэшце з’явілася «невялічкае акно».
— Вой, не трэба пра мяне пісаць. Нічым асаблівым не вызначаюся, працую, як і іншыя работнікі санаторыя. Выконваю даручаную справу, і ўсё, — кажа яна. — Вунь ёсць колькі больш заслужаных людзей, урачоў…
Але разгаварыліся. Аксана мясцовая. Нарадзілася і вырасла ў Занарачы. Пасля заканчэння школы паступіла ў Маладзечанскае медыцынскае вучылішча. Менавіта там пазнаёмілася з хлопцам з Вярэнек, што на Пастаўшчыне, які неўзабаве стаў яе мужам.
— Па накіраванні прыехала ў Нарацкую ўчастковую бальніцу. Але нядоўга папрацавала там медсястрой. Пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Нарадзілася дачушка Даша. Зараз яна студэнтка трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Будзе лагапедам, — распавядае Аксана Іванаўна. — А малодшы Мацвей ходзіць у чацвёрты клас.
Прыехаўшы на Мядзельшчыну, вырашылі атабарыцца ў Занарачы. Узялі ўчастак і пачалі будаваць дом. У гэтай справе актыўна дапамагаў тата Аксаны Іван Спеглянін, які працуе токарам на ачышчальных збудаваннях у Мокрыцы. І вось у 2001-м маладая сям’я святкавала ўваходзіны. Тады ўжо год Аксана працавала ў «Жураўцы».
Так здарылася, што ў 2006-м жанчына звольнілася і перайшла ў амбулаторыю. Але ненадоўга. Вярнулася ў любімую здраўніцу.
— Тут мне ўсё роднае, мілае, гэта мая здраўніца, — жартуе Аксана Іванаўна, а потым ужо
сур’ёзна працягвае: — Адпускаю такія працэдуры, як магніта-, лазера-, ультрагукавая тэрапія, СПА-капсула і іншыя. Праца — цікавая, з людзьмі, з апаратамі, няма той папяровай работы, якой вельмі многа ў амбулаторыі. Падабаецца наш калектыў: шчыры, адкрыты, добразычлівы, кожны гатовы ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу, падмяніць. Дырэктар санаторыя таксама з разуменнем ставіцца да кожнага работніка. Таму на працу заўсёды іду з добрым настроем.
З далейшай размовы даведаўся, што Аксана працавала ў многіх кабінетах здраўніцы. Рабіла інгаляцыі, адпускала парафінавыя працэдуры. А з 2012 года завіхаецца ў кабінеце фізіятэрапіі. За старанне медсястру неаднаразова адзначала граматамі, падзякамі, каштоўнымі падарункамі адміністрацыя не толькі санаторыя, але і камунальнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Мінскхлебпрам», у чыім падпарадкаванні знаходзіцца здраўніца.
Дзякуючы старанню такіх людзей, як Аксана Грыбоўская, папулярнасць «Жураўкі» расце з кожным годам. Прычым папраўляюць у ёй здароўе не толькі работнікі «Мінскхлебпрама», а і многія жыхары нашай краіны, госці з блізкага і далёкага замежжа. У прыватнасці — з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Англіі, Ізраіля і іншых.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: медыцынская сястра кабінета фізіятэрапіі Аксана Грыбоўская.
Фота Аляксандра Высоцкага.



08 жнiўня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Курорт

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi 0-178 _06-040 лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела