Пад пырскамі сонца і “Воднага забегу”

АПАГЕЕМ лета ў Мядзеле без перабольшвання можна назваць мерапрыемства, якое традыцыйна адбываецца напрыканцы ліпеня і ў гэтым годзе мела назву “Свята азёр “Краса майго краю”. На гарадскім пляжы разгарнулі працу разнастайныя пляцоўкі. Увагу малышоў прыцягвалі шматлікія дзіцячыя атракцыёны, старэйшыя забаўляліся на маладзёжным шоу “Колар-фэст”, інтэлектуалы змаглі паспрабаваць сілы ў гістарычным квэсце “Таямніцы нарачанскіх азёр”,  а аматары музыкі — атрымаць асалоду ад канцэртных праграм. І гэта далёка не поўны пералік усяго, што адбывалася ў мінулую суботу на набярэжнай Мястра.

Пераадоленне вады
Самым масавым і відовішчным атрымаўся “Водны забег” — рэспубліканскія лёгкаатлетычныя спаборніцтвы, якія другі год запар арганізоўвае Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму, прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта вобласці, галоўнага ўпраўлення спорту і турызму вобласці і райвыканкама. Удзел ва ўнікальным забегу, траса якога пралягала па кромцы возера, прыняў 161 бягун. Уражвала не толькі колькасць жадаючых паспаборнічаць, але і іх узрост: самым меншым было па 5-6 год. Для малышоў стварылі і асаблівыя ўмовы. Яны беглі 250 метраў пад пільным наглядам дарослых. А на фінішы, да якога, дарэчы, дайшлі ўсе, іх чакалі памятныя медалі, футболкі з фірменным лагатыпам і бурныя апладысменты. Пераможцы былі адзначаны нават грашовымі ўзнагародамі. Старэйшых жа і смялейшых чакала дыстанцыя ў 500 метраў, больш падрыхтаваныя замахнуліся на 2 кіламетры. Ну а прафесіяналы прадэманстравалі сваё майстэрства, прабегшы па вадзе 5 кіламетраў.
— Ці цяжка даўся забег? — пытаюся ў адной з удзельніц 500-метровага воднага марафону Святланы Дзянісік, якая ў выніку стала ўладальніцай першага месца ў сваёй катэгорыі.
— Вельмі цяжка. Бегчы ў вадзе — складанае выпрабаванне. Там, дзе мяльчэй, бяжыцца нармальна, а за паваротам, калі табе амаль па пояс — немагчыма.
Стомленая і ў той жа час з выдатным настроем, Святлана паведаміла, што мае спартыўную падрыхтоўку: займаецца лёгкай атлетыкай у адной са спартшкол Маладзечна. І непасрэдна да забегу рыхтавалася — праўда, не ў вадзе. Разам з ёй упершыню ў мерапрыемстве ўдзельнічаюць малодшая сястра і брат.
“А як жа мядзяльчане? — спытаеце вы. — Ці ўдзельнічаў хто з нашых у гэтым незвычайным спаборніцтве?” З гонарам паведамлю, што не толькі ўдзельнічалі, але і заваявалі першыя прыступкі п’едэстала гонару. Сярод жанчын у катэгорыі “40 гадоў і маладзейшыя” на дыстанцыі 2 км у лідары выйшла ўраджэнка Мядзела Ірына Нафрановіч (яе час — 21 хвіліна 21 секунда). Тую ж дыстанцыю, але сярод мужчын, першым пераадолеў Аляксандр Цяляк (за 19 хвілін 7 секунд). Для Аляксандра вынік не стаў нечаканасцю:
— Прызнаюся, што рыхтаваўся да спаборніцтва дзесьці месяц: бегаў па стадыёне. Да таго ж займаюся футболам. Магчыма, гэта і дапамагло. Ды і ногі, як бачыце, у мяне доўгія, што немалаважна пры бегу ў вадзе (усміхаецца). Дыстанцыя даецца цяжка, але адчуваю, што мог бы і яшчэ прабегчы, таму ў наступным годзе буду замахвацца на пяць кіламетраў.
Падтрымаць сына прыйшлі бацькі — Людміла Альфрэдаўна і Сяргей Іванавіч. Яны паведамілі, што іншага выніку ад Аляксандра і не чакалі. З такой падтрымкай і сапраўды — толькі ў лідары!
У дзясятку лепшых бегуноў на
2-кіламетровай дыстанцыі трапіў і сын старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Святланы Чарняўскай Анатолій Жалноў:
— Настрой — выдатны! Мора станоўчых эмоцый! Упершыню ўдзельнічаў у такім мерапрыемстве. Прыемна спаборнічаць на возеры, у якім плаваў у дзяцінстве. Абавязкова ў наступным годзе прыеду, вось толькі планку вазьму вышэйшую: пабягу пяць кіламетраў.
“Водны забег” выклікаў такую цікавасць з боку гледачоў, што арганізатары пайшлі насустрач іх жаданням і далі магчымасць усім ахвотным па-
спрабаваць свае сілы ў незвычайным спаборніцтве. Яны аб’явілі 500-метровы забег без рэгістрацыі, у якім прынялі ўдзел пад сотню дзяцей і дарослых. Адной з іх аказалася дзевяцігадовая Аня Юрманава, якая разам з бацькамі сачыла за ходам спаборніцтваў з самага пачатку.
— Хачу паспрабаваць, што гэта такое, каб у наступным годзе зарэгістравацца і стаць сапраўднай удзельніцай забегу, — у голасе дзяўчынкі гучаць упэўненасць і аптымізм. — Буду імкнуцца да перамогі!
Пажадаем Анечцы ўдачы і будзем спадзявацца, што праз год на спартыўным п’едэстале апынецца яшчэ больш мядзяльчан.
Карысныя забавы
Спалучыць карыснае з прыемным змаглі аматары рыбнай лоўлі. У шэсць раніцы для іх пачалося сваё спаборніцтва. У выніку за шэсць адведзеных на рыбалку гадзін самы большы ўлоў прынёс Яўген Яскавец — 2,75 кілаграма рыбы. Ён і прымаў заслужаныя ўзнагароды і віншаванні.
Таксама ў рамках работы пляцоўкі “Водная алімпіяда па-мядзельску” на выратавальнай станцыі быў арганізаваны пракат лодак і катамаранаў,
а старшыня раённай арганізацыі
Таварыства выратавання на водах Аляксей Лапека разам з вадалазам Юрыем Баслыком і медсястрой Аксанай Карповіч арганізавалі паказ работы вадалазаў і іх абмундзіравання. Першымі туды завіталі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама навучэнцы гарадскіх устаноў адукацыі.
На этнаграфічнай пляцоўцы гасцей накіроўвалі да Брамы жаданняў, дзе апошнія, па запэўніванні мастацкага кіраўніка Нарацкага Дома культуры Наталлі Варабей, ажыццяўляюцца са стопрацэнтнай гарантыяй. Тут для гэтага выдатным чынам супадаюць час, месца і адпаведны настрой. А для надзейнасці — “чароўны” пучок з крапіўкі (не падумайце чаго благога! Выключна, каб адганяць негатыў!). Тут жа можна было атрымаць падарунак ад Траўніц, ролі якіх выконвалі супрацоўніцы Старагабскага Дома культуры Людміла Грузд і Рыта Дрозд. Каля паўсотні наведвальнікаў пляцоўкі выказалі жаданне паўдзельнічаць у гістарычным квэсце. Як паведаміла куратар пляцоўкі — дырэктар музея народнай славы Наталля Бурак, прыз і дыплом за найбольшую колькасць правільных адказаў атрымала сям’я Івановых з Мінска (дзядуля і двое ўнукаў), як самая азартная была адзначана Вераніка Кавалевіч. А за актыўны ўдзел узнагароду атрымала сям’я Трэньковых, бо заданні квэсту паспяхова выконвала цэлая каманда — бабуля, матуля і дзеці.
Аматараў ручных вырабаў чакала пляцоўка “Рамесны карагод”, якую арганізавала намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры Тамара Кардзеёнак. Тамара Леанідаўна паведаміла, што на запрашэнне прыняць удзел у Свяце азёр, акрамя мясцовых, адгукнуліся таксама і самадзейныя майстры з Маладзечна, Вілейкі, Івянца, Браслава, Лагойска, Салігорска. Па маіх асабістых назіраннях, папулярнасцю карысталіся бяспройгрышныя латарэі. За два рублі, канечне, дарагі выраб не атрымаеш. Але сувенір на памяць
у любым выпадку застанецца. У мяне, напрыклад, пра свята нагадваць будзе зайчаня ад майстрыхі з Лотвы Ірыны Шпак.
— Як гандаль? — пытаюся ў яе.
— Падыходзяць, гуляюць у латарэю і вырабы набываюць таксама, — адказвае яна. — Толькі што масквічкі купілі ігольніцу і саву. Сказалі, што апошняя як сімвал мудрасці і сувенір будзе ім нагадваць пра Нарачанскі край.
З добрым настроем прыехала на свята і салігарчанка — педагог дадатковай адукацыі тамтэйшага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Людміла Зубкова:
— Мы з сям’ёй другі год сюды прыязджаем. У мяне муж і малодшая дачка ў “Водным забегу” ўдзел прымаюць. Таму ў нас рознабаковая зацікаўленасць у свяце. Сёлета яшчэ і надвор’е спрыяе. Заўсёды цікава на такіх мерапрыемствах сустрэцца з калегамі, паглядзець, хто чым займаецца, нешта пераняць нават, ну і прадаць, канечне, каб паездка акупілася.
— Якія вырабы вы ствараеце?
— Зараз маё хобі — лялькі. У Ларысы Рубальскай ёсць такія радкі: “Фея Кукол создавала, // Мастерила, колдовала… //А потом свои трофеи // Раздавала людям Фея. // Потому, что это средство, // Чтобы вечно помнить детство…” Вось і я таксама любіла гуляць у дзяцінстве ў лялькі, прыбіраць іх. Зараз гэта перарасло ў дарослае захапленне — інтэр’ерныя лялькі.
— Кожная лялька — бяссонная ноч?
— Не, ну што вы… Выключна моманты задавальнення!
Хлеба і відовішчаў!
Цэлы вечар над гладдзю возера гучала музыка. Моладзь забаўлялася на асобнай пляцоўцы, дзе праходзіла акцыя “Бяспечнае лета” і маладзёжнае шоу “Колар-фэст”, арганізаваныя раённым камітэтам БРСМ. На асноўнай сцэне выступалі зоркі Мядзельшчыны: народны ансамбль эстраднай песні “Правінцыя”, народны ансамбль народнай песні “Радаўніца”, народны вакальны ансамбль “Натхненне”, сольныя эстрадныя выканаўцы клубных устаноў раёна. Каларыту дадалі юныя артысты, якія зараз адпачываюць у НДЦ “Зубраня”. Сваіх шматлікіх слухачоў сабрала канцэртная праграма “Шансон над возерам”, падрыхтаваная пад кіраўніцтвам вопытнага шансаньера, аўтара праекта “Шансон збірае сяброў” — мастацкага кіраўніка Крывіцкага гарпасялковага Дома культуры Аляксандра Куцько. Не дачакаліся мядзяльчане заяўленага сталічнага гурта “Тяни-Толкай”, але выступленне беларускай спявачкі Алены Благі не расчаравала гледачоў, было цікавым і захапляльным.
Застаецца дадаць, што галодным і без прысмакаў таксама ніхто не застаўся. Гандлёвыя рады, якія працавалі падчас усяго свята, цягнуліся ўздоўж вуліцы ад гарадскога стадыёна да канца пляжа. Тут можна было і смагу прагнаць, і падсілкавацца, прысеўшы за столік.
Свята адбылося. Адным яно запомніцца добрым настроем, смакам шашлыка пад добрую музыку, іншыя будуць узгадваць, як адмывалі дзяцей ад рознакаляровых парашкоў і сушылі іх пасля воднай феерыі, ёсць і тыя, у каго з’явілася спартыўная мэта. Таму — да сустрэчы ў наступным годзе на тым жа месцы ў той жа час!

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.



01 жнiўня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства, Культура

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра img_4257  возера Мястра  Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела