Мелодыя жніва

МІНУЛЫЯ выхадныя апраўдалі спадзяванні аграрыяў. Да нас нарэшце завітала сапраўднае лета са спякотнымі дзянькамі. Спелае, налітае калоссе чакае ўвішных гаспадароў. Свавольны ветрык раніцай жвава высушвае бліскучыя россыпы расы, і магутныя камбайны адразу выязджаюць у поле.
Уборка збожжавых поўным ходам ідзе ў ААТ «Сваткі». Мелодыя жніва з дзяцінства знаёмая кожнаму вяскоўцу. Праводзячы позіркам камбайны, якія рушаць да хлебных ніў праз вёску, услед ён жадае —
услых ці ў думках: «З Богам, хлопцы, вам працаваць!»
Сёлетнюю мелодыю жніва іншы раз псуюць дажджы. Але, нягледзячы на слату, хлебаробы трымаюць руку на пульсе, каб скарыстаць кожную хвіліну.
Ладзяцца справы ў працаўнікоў таварыства, хлебаробы надзейна ўтрымліваюць лідарства на жніве. Дырэктара таварыства Мікалая Вараб’я зараз не застаць у кабінеце. Ён то на полі, дзе працуюць камбайны, то на збожжатаку, то зазірне да механізатараў, якія цюкуюць салому, вызваляюць палеткі, каб іх узараць, падрыхтаваць пад ураджай наступнага года. Ды і ў жывёлагадоўлі яму клопатаў хоць адбаўляй.
— Дзе, на якім полі можна сустрэцца з камбайнерамі? — пытаюся ў галоўнага агранома таварыства Тамары Мінчук.
— Найбліжэй вам будзе наведацца на жытнёвы палетак ля вёскі Наўры. Там зараз працуюць тры камбайны, — чую ў адказ.
Але перш, чым паехаць па названым накірунку, пацікавіўся ў галоўнага эканаміста гаспадаркі Алы Тарасёнак, хто з камбайнераў трымае лідарства.
— Сапраўднае спаборніцтва разгарнулася паміж Уладзімірам Швайкоўскім і Пятром Скурко. Спачатку наперадзе быў Уладзімір. Але яго камбайн крыху сапсаваўся. Пакуль Уладзімір Мікалаевіч ухіляў няспраўнасць, яго абагнаў Пётр Іванавіч. А хто ў канчатковым выніку стане пераможцам, пакажа час, — адказвае Ала Іванаўна. — Пакуль лідарства за Пятром Скурко. Камбайнам «GS-1218» ён убраў 208 гектараў збажыны і намалаціў 498 тон зерня. На другім месцы Уладзімір Швайкоўскі. У яго гэтыя паказчыкі складаюць адпаведна 188 гектараў і 435 тон. Тройку перадавікоў замыкае Аляксандр Кашурэнка.
Клопатаў у сваткаўскіх хлебаробаў яшчэ шмат. Усяго збожжавыя культуры займалі 1375 гектараў. На ўчарашні дзень убрана 597 гектараў, што складае 43,4 працэнта ад агульнай плошчы. Радуе працаўнікоў таварыства ўмалотным коласам азімае жыта, сярэдняя ўраджайнасць якога складае 30 цэнтнераў з гектара.
Едзем да вёскі Наўры. Здалёк на палетку ўбачылі тры камбайны, якія пакідалі за сабой роўную стужку залацістай саломы. Тут жа знаходзіўся аўтамабіль, прыстасаваны для тушэння пажару.
— На ўсялякі выпадак дзяжуру. Не дай Бог, загарыцца камбайн ці поле, — тлумачыць вадзіцель Аляксандр Нікалаеў. — У нас пастаянна так робіцца: дзе працуюць камбайны, там дзяжурыць тэхніка з вадой.

У чаканні сігнала ад камбайнераў пра напоўнены збожжам бункер стаялі два трактары з прычэпамі. Механізатары Яўген Сівіцкі і Аляксандр Сіськевіч былі напагатове прыняць збожжа новага ўраджаю.
Крочым да камбайнераў. Калі з Уладзімірам Швайкоўскім мы гутарылі зусім нядаўна, то з Пятром Скурко на хлебнай ніве сёлета сустракаемся ўпершыню.
— Як працуецца? — пытаюся.
— Добра. Камбайну чацвёрты сезон. А хлеб убіраю з 2002 года. Вопыт ёсць, работа знаёмая, — адказвае Пётр Іванавіч.
— А хто гэта следам за вамі?
— Аляксандр Кашурэнка, — чую ў адказ.
Аляксандр таксама спыніў тэхніку, вылез з кабіны.
— Якое па ліку ў вас жніво?
— Шостае. Камбайн не новы, але падрамантаваў, падладзіў тэхніку — і спадзяюся, што не падвядзе, — усміхаецца хлебароб.
Каб не затрымліваць доўга камбайнераў у такі гарачы для іх час, развітваемся, пажадаўшы ім плёну ў працы, і едзем на збожжаток. На жаль, машыніста сушыльнага комплексу «ЗСК-40Ш-Ж» Віталія Ганчарова, які з’яўляецца лідарам раённага спаборніцтва, застаць не ўдалося. Пасля начной змены ён дома адпачываў. Варта толькі сказаць, што прозвішча Віталія Мікалаевіча неаднаразова заносілася на Дошку гонару, якую друкуе раённая газета.
Адразу пасля камбайнаў на палетках пачынаюць гаспадарыць механізатары Мікалай Тайбічакаў, Ігар Аўрэйцавіч, Валерый Драздовіч, Юрый Стрэж і Ігар Багуцкі. Гэтыя хлопцы цюкуюць салому. Дзякуючы іх намаганням салома зацюкавана на плошчы 375 гектараў, што складае амаль 60 працэнтаў ад убраных плошчаў.
Адказная справа даручана механізатару Мікалаю Субачу. Трактарам «МТЗ-3022» з плугамі «ППО-8-40» ён рыхтуе палеткі для сяўбы азімых культур, і ў першую чаргу — рапсу. Мікалай узараў 40 гектараў глебы, у тым ліку за апошні дзень — 10.
Такім чынам, у Сватках не толькі ўбіраюць вырашчанае, але і дбаюць пра наступны ўраджай, аснова якога закладваецца менавіта ў гэтыя дні.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



01 жнiўня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-012 Лебедзі на Нарачы Царква ў Крывічах возера Мястра

Пабрацімы Мядзела