Усё па паліцах. Магазінных

ПАВАЖАНЫЯ работнікі і ветэраны гандлёвай галіны!
Ад усёй душы віншуем вас з прафесійным святам!
Гандаль — адна з самых развітых сфер абслугоўвання насельніцтва. Дзякуючы штодзённай працы людзей, якія ў ёй задзейнічаны, мы своечасова і пастаянна можам атрымліваць неабходныя нам прадукты і прамысловыя тавары. Увага і добразычлівасць у адносінах да пакупнікоў, добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў, прафесіяналізм з’яўляюцца адметнымі рысамі работнікаў гандлёвых аб’ектаў раёна.
Мы ўпэўнены, што і надалей ваша дзейнасць, паважаныя работнікі гандлю, будзе накіравана на ўмацаванне і развіццё спажывецкага рынку, задавальненне самых высокіх запытаў у таварах і паслугах жыхароў і гасцей Мядзельшчыны.
Жадаем вам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў у дасягненні пастаўленых задач і заўсёды ўдзячных пакупнікоў. Міру і дабра вам і вашым блізкім.

Раённы выканаўчы камітэт.
Раённы Савет дэпутатаў.

УСВЕДАМЛЕННЕ таго, што справа, якой самааддана займаецца ўсё жыццё, — прызванне, прыйшло да Валянціны Малевіч тады, калі выйшла на пенсію па ўзросце. З 1974 года яна ў гандлі. Здавалася б, вось ён — заслужаны адпачынак: вяжы шкарпэткі і корпайся ў градах, ніхто не тлуміць галаву, няма перад вачыма магазінных паліц. Але неяк адразу стала сумна без пакупнікоў і дзелавой мітусні. Таму, калі праз паўтара года Валянціне Маўрыцаўне прапанавалі ўзначаліць калектыў магазіна “Родны кут” у Занарачы, доўга не разважала і згадзілася. Зараз тут тры работнікі прылаўка — яшчэ Наталля Варановіч і Юлія Ермаковіч. Працуюць дружна, старанна. У магазіне акуратна, утульна. І хоць у населеным пункце каля пяці гандлёвых кропак (канкурэнцыя яшчэ тая!), “Родны кут” мае сваіх прыхільнікаў. Камусьці патрэбна малочная прадукцыя пэўнай фірмы, якую больш нікуды не завозяць. Хтосьці жыве побач і не хоча далёка хадзіць: усё неабходнае тут ёсць.
Валянціна Маўрыцаўна родам з суседняй Астравеччыны. У Нарачанскі край трапіла з лёгкай рукі роднай цёткі, якая працавала ў Свіры і параіла пляменніцы ісці, як і яна, у гандаль. Дарэчы, сястра Валянціны — таксама прадавец. У розных арганізацыях за гэтыя гады давялося папрацаваць жанчыне. Усюды імкнулася адказна падыходзіць да выканання абавязкаў. Стварыўшы сям’ю, стала жыць у Занарачы. Тут жа нарадзіліся і выраслі дзеці. Сын, стаўшы дарослым, выбраў службу ў праваахоўных органах. А дачка прысвяціла сябе медыцыне. Валянціна Маўрыцаўна — багатая на ўнукаў бабуля. Іх у яе шасцёра: старэйшая пойдзе ў восьмы клас, а малодшаму споўнілася тры гады.
— Што галоўнае ў працы прадаўца? — пытаюся. — Умець хутка абслугоўваць пакупнікоў, прыгожа афармляць вітрыны, прэзентаваць тавар?
— Самае важнае ўсё ж — адносіны да людзей, хаця і тавар па паліцах неабходна ўмець правільна раскласці. Трэба імкнуцца абслугоўваць пакупнікоў так, каб ім захацелася зайсці сюды зноў. Чалавечы фактар ніхто не адмяняў…

Міні-маркет са свірскім каларытам

УПЕРШЫНЮ марожанае чорнага колеру давялося пакаштаваць у Свіры ў прыватным магазіне “Міні-маркет”.
— Чаго толькі не прыдумаюць! І што, карыстаецца попытам такі ласунак? — крыху скептычна пытаюся ў Аляксандра Андросіка — гаспадара гандлёвай кропкі.
— Канечне! Дзеці спецыяльна па яго прыходзяць! — усміхаецца той і дадае: — А ўвогуле ў нас больш за пяцьдзясят відаў марожанага. Так што можна і штосьці больш звыклае выбраць.
Шчыра кажучы, у гэтым магазіне багаты выбар не толькі прысмакаў. Каб годна трымаць канкурэнцыю, тут укаранілі прынцып самаабслугоўвання, маюць шырокі асартымент. Аляксандр Аляксандравіч паведаміў, што яны “пераймаюць моду ў сеткавікоў” — практыкуюць акцыі: зніжаюць кошт некаторых тавараў, якія размяшчаюць на асобных стэлажах. Рабіць гэта ўдаецца ці шляхам зніжэння гандлёвай надбаўкі, ці з дапамогай пастаўшчыкоў, якія таксама перыядычна прапаноўваюць акцыённыя тавары. І па заяўцы што трэба прывязуць — торт, напрыклад.
Прываблівае магазін пакупнікоў і знешнім выглядам: гэта зусім новы будынак з невялікай заасфальтаванай пляцоўкай для машын, летнімі столікамі пад парасонам, дзе можна прысесці і з’есці са смакам тое ж марожанае. Унутры — прасторная і светлая гандлёвая зала ў сучасным афармленні, новае абсталяванне, кандыцыянеры, відэакамеры. Будынак — гонар гаспадара і мара, да якой мэтанакіравана ішлі разам з жонкай Галінай. Дарэчы, акрамя жонкі, якая выконвае абавязкі бухгалтара, у гандлёвым бізнесе Андросікаў і дачка Алена. Бацька з гумарам узгадвае, як яна, адпраўляючыся ў сталіцу на вучобу, абяцала нізавошта не вярнуцца ў правінцыю. Але атрымала прафесію юрыста, выйшла замуж за мясцовага хлопца і памяняла адносіны да сваёй малой радзімы. Зараз у дэкрэтным адпачынку знаходзіцца і жыве побач з бацькамі ў Свіры. Не ў бізнесе бацькоў толькі сын. Але ён яшчэ да адкрыцця магазіна абуладкаваўся ў Мінску.
Магазін Андросікі адкрылі ў 2013 годзе. Спачатку памяшканне арандавалі. Паступова набіраліся вопыту, упэўненасці і пачалі выношваць ідэю будаўніцтва. У цэнтры пасёлка, каля парку, знайшлі ўчастак, які быў некалькі гадоў выстаўлены на продаж (і недалёка ад арэнднага дома, так што пакупнікам не давялося мяняць звыклы маршрут). Пасля афармлення неабходных дакументаў 13 сакавіка мінулага года будаўніцтва пачалося. Аляксандр Аляксандравіч выдатна памятае і гэту дату, і дзень, калі новы магазін расчыніў дзверы для пакупнікоў — 23 верасня. Я здзівілася: “Так хутка пабудаваліся? Менш чым за год?” Прадпрымальнік толькі ўсміхнуўся: “Менавіта так!”
У “Міні-маркеце” чатыры прадаўцы. Яўгенія Кляўкова да абавязкаў прыступіла амаль з моманту адкрыцця магазіна і з’яўляецца, як кажуць, старажылам. Астатнія прыйшлі пазней, але таксама сябе някепска зарэкамендавалі. Гэта Алена Вештарт, Ірына Пяшко і Людміла Грынцэвіч. Ірына Іосіфаўна, напрыклад, тут чатыры гады: “Вельмі задаволена ўмовамі, калектыў добры і кіраўніцтва не крыўдзіць”.
А пасля калектыўнага фота Аляксандр Андросік папрасіў перадаць віншаванні ўсім, хто задзейнічаны ў сферы гандлю, з нагоды прафесійнага свята. Пажадаў калегам поспехаў, добрых і заможных пакупнікоў і выдатнага настрою.

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.



30 лiпеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        Царква ў Слабадзе Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела