У хлебаробскай кагорце

У НАПРУЖАНЫ рытм жніва разам з іншымі гаспадаркамі азёрнага краю ўключылася і адасобленае сельскагаспадарчае падраздзяленне “Вузлянка”. Камбайнавы парк тут не з вялікіх — толькі чатыры машыны. А збожжавыя трэба абмалаціць на значнай плошчы — больш за 900 гектараў. Зусім нескладана падлічыць, што нагрузка на кожны ўборачны экіпаж даволі сур’ёзная, і яна адна з самых высокіх у раёне. Больш за тое, “КЗС-10” Іосіфа Ермаковіча да апошняга часу стаяў разабраны: чакалі, пакуль прывязуць з рамонту рухавік. У структуры каласавых культур пераважаюць азімыя — жыта і трыцікале. Апошняе і ўбіралі ў мінулую суботу за Пузырамі ў напрамку Будслава. На заасфальтаванай пляцоўцы збожжатока высіліся два ладныя “конусы” хлеба новага ўраджаю.

Навокал разносіўся прыглушаны гул дзвюх сушылак, якія запускалі ў работу: “італьянкі” і старэнькай “дзясяткі”, якой ужо сорак пяць год. Каля іх завіхаліся машыністы Яўген Ермаковіч і Дзмітрый Святоха. Тут жа сустрэліся з галоўным аграномам падраздзялення Мінскага Камароўскага рынку Аляксандрам Корзюкам.
— Першымі на збажыну, — расказаў Аляксандр Вайцехавіч, — вывелі камбайн Кавалёнкі: сын Аляксандр Іванавіч і бацька Іван Альфонсавіч. Зразумелая справа, і па намалоце яны пакуль лепшыя. На кожным з трох “КЗС-12” у нас ёсць не толькі камбайнеры, але і памочнікі. У складзе экіпажаў адказныя хлебаробы Андрэй Грышкевіч і Антон Бабкевіч, Валерый Масевіч і Уладзімір Масевіч, а Іосіфу Ермаковічу дапамагае Павел Ходзюш. Работы на жніве арганізоўваем такім чынам, каб вырашчаны ўраджай убраць у максімальна сціслыя тэрміны, з мінімальнымі стратамі. Адно кепска, далёка не кожны ліпеньскі дзянёчак дазваляе нашым хлебаробам разгарнуцца на поўную моц. Хаця збожжа ўжо добра паспела. Вось і сёння вільготнасць узятых проб у межах 18-20. Чакаць чагосьці лепшага не выпадае, бо нярэдка над палямі церушыць дождж. І ніхто толкам не скажа, што будзе з надвор’ем праз два-тры дні. Таму і стараемся пазбягаць на жніве ўсялякага прамаруджвання…
На ладным полі азімага трыцікале, пад якое ў “Вузлянцы” адвялі 120 гектараў, убачыў камбайн Кавалёнкаў. Падышоў, крыху пагутарылі. Аказваецца, Іван Альфонсавіч працуе на ўнітарным прадпрыемстве “Ілаўскае”. У залежнасці ад вытворчай патрэбы на заводзе выконвае абавязкі слесара, грузчыка.
— А на перыяд жніва, — падзяліўся ён, — вырашыў узяць водпуск за свой кошт і паўдзельнічаць разам з сынам ва ўборцы хлеба ў якасці памочніка камбайнера. Вядома, некалькі часу спатрэбілася і на тое, каб давесці “КЗС-12” да ладу.
— Жывём мы ў Палессі, але асобна, — уступае ў размову Аляксандр Іванавіч, — у мяне ўжо свая сям’я. Ёсць сынок Уладзіслаў, яму два гады, жонка Таццяна пакуль у дэкрэтным адпачынку. Што датычыцца збажыны, то яна паспела. З улікам умоў надвор’я сёлетняга года, ураджайнасць можна лічыць някепскай. Прайшоўшыя пасля працяглай засухі дажджы дазволілі зярнятам крыху набраць вагі. А цяпер наша задача — хутчэй сабраць вырашчаны ўраджай.
Да сказанага маладым камбайнерам Аляксандр Корзюк дадаў, што ўпершыню гэты руплівы хлопец патрапіў у Пузыры, калі праходзіў у гаспадарцы практыку навучэнцам двухсотага Вілейскага вучылішча. А потым і на працу ў “Вузлянку” ўладкаваўся. Адслужыўшы тэрміновую службу ў арміі, зноўку вярнуўся сюды. За ім замацаваны энерганасычаны “МТЗ-3022”, на якім руплівы Аляксандр выканаў мноства самых розных патрэбных у гаспадарцы работ. А сёлета вырашыў паспрабаваць сябе ў якасці камбайнера. “І я думаю, — заключыў галоўны аграном, — у Аляксандра Іванавіча ўсё атрымаецца як мае быць…”

Павел ЖУКАЎ.



30 лiпеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84     Паруснікі                          img_4257 Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела