Рэпетыцыя дарослага жыцця

З ПАЧАТКУ дзейнасці студэнцкіх атрадаў “Патрыёты” ў Мядзельскiм ПМС і “Пчолка” у ЖКГ прайшло ўжо больш за два тыдні. За гэты час хлопцы і дзяўчаты ўнеслі адчувальны ўклад у добраўпарадкаванне роднага горада пры падрыхтоўцы да абласнога свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”. Але ж студатрад — не толькі спосаб падзарабіць і разнастаіць сваё лета, гэта яшчэ і магчымасць завесці новыя знаёмствы. Таму раённы камітэт БРСМ стварыў усе ўмовы, каб удзельнікі атрадаў не толькі разам шчыравалі на аб’ектах, але і адпачывалі. Некалькі разоў на тыдзень яны збіраліся ў нефармальнай абстаноўцы, каб пагутарыць і абмеркаваць надзённыя пытанні. На такіх сустрэчах па-хатняму ўтульна: чай з выпечкай, настольныя гульні, “Мафія” — выдатны спосаб расслабіцца.
23 ліпеня якраз завяршылі сваю працу “Пчолкі”, а 27 закончаць “Патрыёты”. Чым не нагода даведацца, якія ўражанні ўдзельнікі атрымалі ў студатрадах, ці спраўдзіліся іх чаканні, што здзівіла
альбо расчаравала?
Пакуль астатнія бянтэжацца і падбіраюць словы, першай выказваецца Ганна Паршута з атрада “Пчолка”:
— Вельмі прыемна, што ў раёне даюць магчымасць працаваць падлеткам. Калі я ішла запісвацца ў атрад, то думала, што будзе нашмат цяжэй. Але мне вельмі спадабалася. Ішла ў атрад не столькі дзеля падпрацоўкі, колькі дзеля цікавасці. Хацелася, каб лета было больш прадуктыўным. І ў выніку зусім не расчаравалася. Адзінае, адразу было вельмі цяжка ўставаць у сем раніцы. Думаю, гэта выдатная падрыхтоўка да дарослага жыцця. Мне вельмі падабаецца, якая атмасфера склалася ў атрадзе, мы пасябравалі, дапамагаем адзін аднаму, падтрымліваем.
Што адразу прыцягвае ўвагу, у атрадзе камісар — Сяргей Азарко — адзіны хлопец у жаночым калектыве. На ўсе жартачкі ён адказвае сур’ёзна:
— Я, праўда, да апошняга не ведаў, што патраплю з дзяўчатамі. Калі мне патэлефанавалі і запрасілі ў ЖКГ заключыць дагавор, быў прыемна здзіўлены такой кампаніяй. Ад працы атрымліваю задавальненне, асабліва калі паліваю клумбы ў спякотны дзень — прыгажосць!
— На самай справе не ведаем, што б мы без яго рабілі: Сярожа нам вельмі дапамагае, носіць вёдры, інструменты, — расказваюць дзяўчаты.
Калі яны распавядаюць пра сваю працу, удзельнікі атрада “Патрыёты” толькі ўздыхаюць: у іх нагрузка больш складаная. Але камісар атрада Аркадзь Багдановіч пра тое, што прыйшоў працаваць у ПМС, не шкадуе:
— Справа сапраўды нялёгкая: капаем, раўняем зямлю пад газоны і плітку. У студатрад запісаўся ўпершыню і, папраўдзе, не думаў, што будзе цяжкавата фізічна. Але не скарджуся, працаваць мне падабаецца. З самага пачатку хацеў праверыць сябе: змагу — не змагу, але і грошай планаваў зарабіць, вядома. У плане абавязкаў, акрамя асноўнай справы, замяшчаю камандзіра атрада, выконваю яго функцыі. Але за гэтыя два тыдні прымушаць кагосьці не даводзілася. Усе дзейнічаюць разам, не ўхіляюцца.
Амаль ва ўсіх хлапчукоў такая ж гісторыя: у студатрад прывяло жаданне зарабіць і выпрабаваць сябе, большасць тут упершыню. Адзінае, на што наракаюць хлопцы — працаваць у поўным абмундзіраванні ў сонечнае надвор’е не зусім зручна. Але ў цэлым усе задаволены. Каму не трэба думаць пра паступленне, плануюць, што зноў запішуцца ў атрад у наступным годзе.

Аляксандра ГАРАЧКА



26 лiпеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Моладзь

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-012 Царква ў Слабадзе возера Мястра 84

Пабрацімы Мядзела