…і сухіх рукавоў

УКАЗАМ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 мая бягучага года
№ 153 за узорнае выкананне службовых абавязкаў медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені ўзнагароджаны камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 райаддзела па надзвычайных сітуацыях старшы прапаршчык унутранай службы Славамір Жолуд.
Напярэдадні прафесійнага свята сустрэўся са Славамірам Пятровічам. Ён якраз быў на дзяжурстве, таму размова праходзіла ў пакоі адпачынку. Напачатку Славамір, як мне падалося, крыху разгубіўся.
— Мне лепш пажар тушыць, чым гутарыць з журналістамі, — шчыра прызнаўся ён. — Не ведаю, пра што расказваць…
Але паціху разгаварыліся.
— Сёлета вам уручылі медаль. Гэта першая такая ўзнагарода? — цікаўлюся.
— Раней атрымліваў граматы, падзякі, нагрудныя знакі. А медалём адзначаны ўпершыню. Безумоўна, прыемна атрымліваць узнагароды. З рэспублікі нас было 30 чалавек, з Мядзельшчыны я адзін, — чую ў адказ.
Родам Славамір з Салігоршчыны. Але так здарылася, што бацьку пасля заканчэння ўніверсітэта накіравалі працаваць старшынёй сельскагаспадарчага таварыства ў вёску Груздава Пастаўскага раёна. Адслужыўшы ў арміі, юнак задумаўся пра будучыню.
— Даведаўся, што ў Мядзеле набіраюць на службу ў пажарную часць. Прыехаў, падаў дакументы, прайшоў медкамісію. Залічылі на пасаду пажарнага. Было гэта ў 1994 годзе. Потым прызначылі старшым пажарным, зараз вось — камандзір аддзялення, — расказвае Славамір Пятровіч.
— А ў якім званні распачыналі службу? — цікаўлюся.
— Радавым, — усміхаецца суразмоўца.
Ад пажарнага да камандзіра аддзялення, ад радавога да старшага прапаршчыка — такі шлях Жолуда па службовай лесвіцы. Але якую б пасаду ні займаў, Славаміра заўсёды вызначалі дысцыплінаванасць, адказнасць, жаданне дапамагчы таварышу. Ён неаднаразова ўступаў у барацьбу з полымем і выходзіў пераможцам. Без вагання спяшаўся на дапамогу іншым. Работа выратавальніка нялёгкая. Часта даводзіцца сустракацца з чалавечым горам, бачыць слёзы людзей. Таму тыя, хто абраў гэту прафесію, павінны праяўляць мужнасць у любой сітуацыі.
Сваёй сумленнай працай Славамір заваяваў аўтарытэт і павагу ў калег. На яго імкнуцца раўняцца ўсе маладыя хлопцы, якія прыходзяць на службу ў пажарныя аварыйна-выратавальныя падраздзяленні раёна.
Для Славаміра Мядзел стаў ужо родным горадам. Спачатку на працу ездзіў з Груздава. Потым здымаў пакой у Старым Мядзеле. А калі пазнаёміўся з дзяўчынай, якая запала яму ў сэрца, вырашыў назаўсёды застацца тут. Ажаніўся.
— Чатыры гады жыў у цешчы, — усміхаецца Славамір. — За гэты час пабудаваў уласны дом у мікрараёне «Баклаі».
— Дзе працуе жонка? — пытаюся.
— Па адукацыі Наталля філолаг. Спачатку працавала ў школе, а зараз — у райваенкамаце. Разам з намі жыве малодшая дачушка Аляксандра. Яна яшчэ школьніца. А старэйшая Надзея — студэнтка Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
— Якія пажары тушыць складаней? — задаю чарговае пытанне.
— Бадай, жылыя дамы. Не ведаеш, ёсць хто ў пакоях ці не. Пры моцным ветры агонь перакідваецца з адной пабудовы да другую… Ды і лясны пажар, загаранне тарфяніка тушыць няпроста, — адказвае Славамір Пятровіч.
— Прыгадайце, якое надзвычайнае здарэнне захавалася ў памяці надоўга?
— Яшчэ ў пачатку маёй службы адбылося здарэнне, якое памятаю да гэтага часу. Толькі заступіў на дзяжурства, як пачуўся тэлефонны званок з просьбай аб тэрміновай дапамозе. Жанчыны фарбавалі воданапорную вежу з сярэдзіны і страцілі прытомнасць. Давялося надзець дыхальныя апараты і спусціцца ў ёмістасць. Я падвязваў жанчын, а таварыш падымаў іх наверх, на свежае паветра. Аператыўна прыехала «хуткая». Медыкі аказалі неабходную дапамогу — і жанчыны засталіся жыць, — гаворыць выратавальнік. — Некалькі разоў даводзілася выводзіць альбо выносіць чалавека з палаючага дома.
— Які перыяд года ў вас найбольш напружаны? — цікаўлюся.
— Мы пастаянна знаходзімся ў баявой гатоўнасці. А самай напружанай, бадай, з’яўляецца вясна. Людзі паляць сухую траву, агонь хутка перакідваецца на пабудовы. Як гэта было ў вёсцы Даўжані, — чую ў адказ. — Падчас жніва мы таксама пастаянна на хлебным полі, ля камбайнаў. Летась, напрыклад, я два тыдні дзяжурыў ля камбайнаў ААТ «Мядзелаграсэрвіс».
— Вольны час, як яго бавіце?
— Ды яго практычна не бывае. Жыву ў прыватным доме, а там, як заўсёды, работы хапае, толькі не лянуйся: штосьці падправіць, падрамантаваць, аднавіць. Люблю парыбачыць, паблукаць па лесе ў пошуках грыбоў, — адказвае суразмоўца.
— Чаго пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята?
— Здароўя, удачы, дабрабыту і ўсяго найлепшага. А яшчэ — паменш баявых выездаў, пабольш быць з сем’ямі. І наша традыцыйнае пажаданне — сухіх рукавоў.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



25 лiпеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю, Прафесійныя святы

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе 06-012 0-170 Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела