«Не магу без справы»

Ці шмат нам трэба для шчасця? Камусьці неабходна любімая праца, камусьці — матэрыяльны дабрабыт, камусьці — вялікая сям’я. Ну а што, калі ёсць і тое, і тое, і тое? Думаю, менавіта гэта можна назваць сапраўдным шчасцем.

І такім па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам з’яўляецца мая гераіня — галоўная медыцынская сястра санаторыя “Нарачанскі бераг” Тэрэса Гурская. Як складаліся яе прафесійны і жыццёвы шляхі, Тэрэса Ільінічна распавядае з усмешкай. Жанчына, як прынята казаць, усяго дамаглася сама. Атрымала прафесію, пра якую заўсёды марыла, стварыла моцную сям’ю, заслужыла рэпутацыю адказнага спецыяліста, прафесіянала сваёй справы. І нават цяпер, калі ўжо можна было б падумаць аб заслужаным адпачынку, не ўяўляе свайго жыцця без любімай работы.
— Родам я з Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Скончыла Барысаўскае медыцынскае вучылішча (цяпер — Барысаўскі дзяржаўны медыцынскі каледж). Працаваць у сферы медыцыны марыла заўсёды, да таго ж, гэтага хацелі і мае бацькі, таму паступала мэтанакіравана. А пасля заканчэння па накіраванні трапіла ў Мядзельскі раён. Тры гады працавала на фельчарска-акушэрскім пункце ў вёсцы Чараўкі. На ФАПе мне вельмі падабалася. Там будні заўсёды былі звязаны з адрэналінам, але адначасова давалі вельмі шмат прафесійных ведаў, вопыту. Таму што даводзілася самастойна і, галоўнае, хутка вырашаць многія пытанні. Пры тым, што гэта не абавязкова былі толькі медыцынскія задачы, але і арганізацыйныя і — больш значныя — маральныя. На Мядзельшчыне і замуж выйшла. Калі з’явілася сям’я, стала зразумела, што патрэбна ўласная кватэра. А ў санаторыі “Баравое” пры ўладкаванні на работу давалі жыллё і якраз была вакансія. Там я галоўнай медыцынскай сястрой адпрацавала больш за дзесяць гадоў.
— А што прымусіла пайсці адтуль?
— Зноў жа — жыллёвыя ўмовы. За гэты час у мяне з’явілася двое дзяцей, і аднапакаёвай кватэры стала не хапаць. А тады ж якраз здаваўся санаторый “Будаўнік”, туды наймалі персанал, і для яго будавалі жыллё. І я ўладкавалася туды. Там ужо і не планавала нікуды сыходзіць: кватэра, праца, калектыў — усё задавальняла. Але так выйшла, што тагачасны начальнік медыцынскай службы — Леанід Шапэчка — сапраўдны прафесіянал і вядомы ў Нарачанскім краі ўрач — пераходзіў у санаторый “Нарач” на пасаду галоўнага ўрача. І ён паклікаў мяне з сабой. Там галоўная медсястра была пенсіённага ўзросту, так што гэта было вельмі дарэчы. А праз шмат гадоў гісторыя паўтарылася, толькі ўжо начмед “Нарачы” стаў галоўным урачом “Нарачанскага берага” і запрасіў мяне следам. Вось такое доўгае падарожжа з працяглымі “прываламі”.
Сапраўды, гісторыя вельмі паказальная, бо не сталі б кіраўнікі трымацца за пасрэднага работніка. Але на мае словы Тэрэса Ільінічна толькі збянтэжана ўсміхаецца.
— А што ўваходзіць у вашы абавязкі?
— Арганізацыя работы сярэдняга медыцынскага персаналу — сястрынскага, і таксама малодшага — санітарак лячэбнага корпуса. Кантроль за правільным выкананнем урачэбных прызначэнняў, за дысцыплінай. Акрамя гэтага, займаюся расстаноўкай кадраў, сачу за санітарна-эпідэміялагічным рэжымам. Арганізоўваю закупку медыкаментаў, афармляю заяўкі на расходныя матэрыялы і іншае. Таму на мне вялікая матэрыяльная адказнасць. У цэлым задач вельмі шмат, яны разнастайныя і патрабуюць пэўнага вопыту.
— Такая высокая адказнасць не стамляе?
— Сваю справу вельмі люблю. Вядома, простай і лёгкай яе не назваць, але
мне падабаецца працаваць з людзьмі. Хоць я вельмі ўражлівая, заўсёды моцна перажываю за калег. І, вядома, гэта ў выніку адбіваецца
на здароўі, потым дрэнна спіцца. Часам здаецца, што з маім стажам і ў маім
узросце ўжо можна было б спакойна пайсці на адпачынак, але я настолькі прывыкла, уцягнулася, што ўжо і не ўяўляю, як буду жыць без працы. І тут няма ніякага меркантыльнага разліку — проста ўжо з’явілася патрэба ў любімай справе, у людзях, у зносінах.
Дарэчы, менавіта ў той дзень, калі адбылася наша гутарка, Тэрэсе Гурскай
прадоўжылі кантракт. Пагадзіцеся, выдатны паказчык таго, наколькі чалавек кампетэнтны, як яго шануюць.
— Я ўжо сама прасіла, каб перавялі на больш спакойны ўчастак, — шчыра прызнаецца Тэрэса Ільінічна. — Добра, што ёсць каму замяніць, сама разумею: пара ўжо. Але вось пакуль не выйшла: начальства не адпускае. Хоць, папраўдзе, я і не асабліва
супраць (смяецца).
— Ну, а з такой нагрузкай часу на сябе хапае?
— Мая аддушына — гэта ўнукі. Радуюся, калі прыязджаюць у госці, у зносінах з сям’ёй і адпачываю. А сказаць, што ў мяне ёсць нейкі асаблівы занятак для душы, такі, каб вось толькі для мяне, не магу. Проста не хапае часу на хобі. Хатнія справы, сям’я патрабуюць увагі. Але я будую планы, што калі ўсё ж пайду на пенсію, займуся вязаннем, вышываннем.
— “Нарачанскі бераг” сапраўды апошні “прывал” на вашым прафесійным шляху?
— Гэта дакладна! Мяне цалкам задавальняе мая праца: калектыў склаўся, адносіны з калегамі і з адміністрацыяй выдатныя. А калі ўсё падабацца, навошта шукаць нечага іншага?

Аляксандра ГАРАЧКА.



24 лiпеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Курорт, Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   возера Глубелька Касцёл у Мядзеле      Паруснікі

Пабрацімы Мядзела