Размалюй сваё лета!

З чым у вас асацыююцца ўспаміны аб летніх канікулах? З пляжным адпачынкам усёй сям’ёй, паездкай да бабулі з дзядулем у вёску? Ці, можа, з аздараўленчым лагерам? Для дзіцяці гэта сапраўдная прыгода. Зусім новая, незнаёмая абстаноўка і новы калектыў, з якім яшчэ трэба знайсці шляхі ўзаемадзеяння, пасябраваць, раззнаёміцца. Кожны дзень — новыя адкрыцці, заданні і конкурсы. А галоўнае — магчымасць адчуць сябе самастойным удалечыні ад бацькоў.

У ліпені ў курортным пасёлку Нарач на базе Цэнтра творчасці, турызму дзяцей і моладзі раёна пачаў працаваць аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем “Фарбы лета”.
Аб рабоце летніка распавядае дырэктар цэнтра Анастасія Кумішча.
— У лагеры адпачывае сорак чалавек з усяго раёна, узростам ад шасці да шаснаццаці гадоў. Нават па выніках першага дня можна было сказаць, што дзеці вельмі актыўныя, кантактныя. Яны адкрыты да ўсяго новага. На гэтай змене ёсць дзеці з шматдзетных сямей. Так што з іх бывае па двое, трое і нават чацвёра рабят. Ёсць дзеці з прыёмных сем’яў, для іх пражыванне і харчаванне бясплатныя. Выхаванцы лагера дзеляцца на два атрады, адпаведна малодшага і старэйшага ўзросту. Назвы прыдумлялі самі. Так, старэйшыя ў нас сталі называцца “Дынаміт”, а малодшыя — “Смайлікі”.
— Кругласутачнае знаходжанне значыць, што дзеці начуюць у лагеры?
— Так, але пражыванне і харчаванне — на базе Нарацкай сярэдняй школы №2. Там выдзелілі памяшканні для захоўвання рэчаў, спальныя пакоі. У начны час дзяжураць педагогі. Наогул у лагеры чатыры выхавальнікі, двое з іх — педагогі цэнтра і яшчэ двое — са школ раёна. Таксама пастаянна працуюць старшы выхавальнік, кіраўнік фізічнага выхавання і, вядома, медработнік.
— А якія віды актыўнасці чакаюць дзяцей на працягу дня?
— Мы імкнуліся размеркаваць занятасць так, каб рабяты не толькі весяліліся і адпачывалі, але і займаліся карыснымі справамі. З раніцы, адразу пасля зарадкі і сняданку, гадзіна адведзена пад атрадную дзейнасць.
У рамках яе дзеці займаюцца афармленнем атрадных пакояў, вырашаюць нейкія ўнутраныя пытанні. Затым прыходзіць час фізкультурна-аздараўленчай работы. Кіраўнік фізічнага выхавання праводзіць конкурсы спартыўнай накіраванасці. У іх удзельнічаюць толькі тыя дзеці, якія аднесены па стане здароўя да першай або падрыхтоўчай групы. Астатнія заняты гульнямі з неінтэнсіўнай, сярэдняй фізічнай нагрузкай, а ў вялікіх спартыўных мерапрыемствах з задавальненнем выступаюць у якасці гледачоў. Да абеду праходзяць агульналагерныя мерапрыемствы. Да таго ж на кожны дзень у дзяцей ёсць нейкія асаблівыя заданні. Напрыклад, першы дзень быў днём знаёмства: трэба было расказаць пра сябе, прыдумаць назву атрада і гэтак далей. Гэта быў адзін з самых важных дзён, бо калі ў дзіцяці не атрымаецца стварыць пазітыўнае першае ўражанне пра лагер, не ўсталююцца кантакты з іншымі дзецьмі, з педагогамі, то далей могуць з’явіцца праблемы.
— Вечарам атрады дзейнічаюць самастойна або ёсць нейкае падвядзенне вынікаў дня?
— У саміх атрадах кожны вечар праводзяцца “агеньчыкі”, а затым абавязковая агульная лінейка. Мы спрабавалі па прынцыпе вялікіх лагераў абыходзіцца толькі “агеньчыкамі”, але нашых дзяцей не так шмат, каб агульныя зборы выклікалі цяжкасці. Да таго ж, я лічу, яны вельмі важныя. Лінейкі прывучаюць дзяцей да дысцыпліны.
— Ці працуюць нейкія спартыўныя секцыі, гурткі?
— Пасля ціхай гадзіны пачынаецца праца творчых майстэрняў пад кіраўніцтвам педагогаў дадатковай адукацыі. Праводзяцца майстар-класы. Паколькі на базе нашага цэнтра ў гэтым годзе працуе ўжо другі лагер, то яшчэ на першым этапе педагогі змаглі адпрацаваць план правядзення майстар-класаў. Самыя папулярныя заняткі па стварэнні лялек-падарожніц і — фішка гэтага года — пляценне фенечак. Для пляцення выразаецца кардонная аснова, дык вось у нас за папярэдні месяц было нарэзана гэтых кардонак больш за сто
сорак, такія яны былі папулярныя.
Акрамя правядзення майстар-класаў, з дзецьмі займаецца харэограф.
А вось абавязковыя спартыўныя секцыі арганізоўваць не сталі, у нас проста працуе спартыўная пляцоўка, дзе дзеці могуць займацца ўсім, чым хочуць: валейболам, футболам, бадмінтонам і гэтак далей. Нейкія спартыўныя гульні на стадыёне на свежым паветры. Рухомыя гульні сярэдняй інтэнсіўнасці — каб засталіся сілы вечарам ісці на дыскатэку.
— А што наконт выязных мерапрыемстваў?
— У рамках лагера для дзяцей будуць арганізаваны тры паездкі па раёне. У Аптэкарскім садзе іх пазнаёмяць з лекавымі раслінамі, раскажуць пра садовыя і дзікарослыя травы, пачастуюць гарбатай. Другая паездка — у Мядзельскі музей народнай славы. І яшчэ адна — у нацыянальны дзіцячы аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. Там для дзяцей запланаваны
аглядавая экскурсія, наведванне батутаў і хутара Неслуч, дзе яны пазнаёмяцца з традыцыямі народнага побыту Беларусі.
Самая важная асаблівасць лагера “Фарбы лета” ў тым, што ў дзяцей на час знаходжання на змене забіраюць тэлефоны.
— У іх маецца паўгадзіны вольнага часу, каб пазваніць дадому. Тым, у каго тэлефонаў няма, мы дазваляем карыстацца стацыянарным. Нам важна, каб дзеці і бацькі падтрымлівалі сувязь, а не былі ў поўнай ізаляванасці адзін ад аднаго. Але таксама важна, каб рабяты адпачылі ад гаджэтаў. У іх — жывыя зносіны адзін з адным, столькі розных мерапрыемстваў, што яны нават не ўспамінаюць пра свае тэлефоны. А пагадзіцеся, у наш час рэдка такое бывае, каб дзіця добраахвотна адмовілася ад інтэрнэту і пры гэтым не сумавала.
— А няма праблем з тым, што для некаторых бацькоў лагер знаходзіцца ў крокавай даступнасці?
— Мы папярэджваем, каб бацькі не адцягвалі ўвагу дзяцей дарэмна. Прызначаны дзень наведванняў — нядзеля, тады можна забраць дзіця пад распіску, але лічым, што лепш гэта рабіць радзей, нават калі бацькі жывуць праз дарогу і кожны дзень бачаць сваіх сына альбо дачку праз акно. Дзіцяці важна адаптавацца ў новых абставінах, і лягчэй гэта зрабіць аднаму, без пастаяннай увагі бацькоў.
Да канца гутаркі ў лагеры якраз завяршыўся ціхі час, і ў нас з’явілася магчымасць даведацца аб уражаннях і эмоцыях выхаванцаў.
Анастасія Лісоўская:
— Я першы раз у лагеры, і таму нейкіх пэўных чаканняў ад змены няма. Спадзяюся толькі, што будзе вельмі весела і цікава, і я з сябрамі добра правяду час. Першы дзень быў хвалюючым, але наш атрад — вельмі дружны. Мы разам справіліся з творчымі заданнямі, прыдумалі дэвіз і назву атрада — “Дынаміт”.
Паліна Мехавіч:
— Мы з Насцяй — аднакласніцы і таму, хоць першы дзень было трохі страшнавата ў незнаёмай кампаніі, мне адразу тут спадабалася. Я ў лагеры таксама першы раз, вельмі чакаю паходу на возера і камандных заданняў. Калі мы чымсьці займаемся ўсе разам, напрыклад, развучваем танец або прыдумляем афармленне атрада, гэта дапамагае лепш пазнаёміцца адзін з адным, пасябраваць.
Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага.



19 лiпеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя, Моладзь

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах Лебедзі на Нарачы Рэчка Нарачанка        возера Мястра

Пабрацімы Мядзела