Як я хадзіла ў пілігрымку | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Як я хадзіла ў пілігрымку

Я вырасла ў сям’і, далёкай ад рэлігіі. Афіцыйна мы — праваслаўныя, але святы адзначаем хутчэй у свецкім фармаце. Не наведваем службы, не прытрымліваеся пастоў, і ўвогуле размовы пра веру ў нашай сям’і рэдка калі заходзяць.
Таму рэдакцыйнае заданне схадзіць у пешую пілігрымку “Нарач — Будслаў” расцаніла хутчэй як запрашэнне ў падарожжа: прайсці пяцьдзясят кіламетраў за два дні само па сабе можа быць займальна. Праўда, прысутнічаў невялікі страх ад магчымасці пакрыўдзіць кагосьці сваім нявер’ем. Але хутка зразумела, што гэты страх — толькі вынік стэрэатыпнага ўяўлення пра веру. А пілігрымка сама па сабе стала магчымасцю гэтыя стэрэатыпы абвергнуць ці пацвердзіць.
Такім чынам, у маіх планах было далучыцца да групы ў Мядзеле і прайсці з ёй два дні, не застаючыся на фэст у Будславе. Заплечнік збірала, як у паход: карэмат, спальны мяшок, невялікі перакус і трэкінгавыя палкі — апошнія для перастрахоўкі, проста таму, што я не ведала, пойдзе пілігрымка па праезнай частцы ці давядзецца прабірацца праз лес.
Як бачыце, не ведала зусім нічога пра тое, як звычайна праходзяць пілігрымкі, і спецыяльна не стала дазнавацца, каб не стварылася памылковых чаканняў.
Да месца збору — касцёла Маці Божай Шкаплернай — прыйшла пад самы канец набажэнства, але ўсё роўна заспела невялікую яго частку. Яшчэ тады мне падалося, што ў песні, якую выконвалі ўдзельнікі, быў вельмі знаёмы матыў. Узгадаўся рускі рок-гурт “Наўтылус Пампіліус” — гэта быў першы званочак. Але малебен закончыўся, а я так і не змагла ўспомніць кампазіцыю, якую нагадаў гэты матыў, і вырашыла, што мне проста падалося.
Зарэгістраваўшыся, прыстроілася ў сярэдзіне калоны. І тут празвінеў другі званочак. У некаторых пілігрымаў у руках былі музычныя інструменты: гітара, афрыканскі барабан тамтам, два тамбурыны — сама іх наяўнасць ужо хістала мае ўяўленні аб рэлігійным мерапрыемстве як аб чымсьці традыцыйна рытуальным.
А потым хлопцы пачалі іграць, мікрафоны транслявалі гук праз гучнагаварыцелі, і вясёлы голас спытаў:
— Пілігрымы, вы прачнуліся?!
Дзяўчыне адказваў слабы хор.
— Яшчэ раз, вы прачнуліся?! Ужо лепш! Давайце падзякуем Мядзелу за гасціннасць!
З’явілася выразнае адчуванне, што слухаю ранішнюю перадачу выпадковай радыёхвалі. І яно толькі ўзмацнялася, таму што далей у ход пайшлі крычалкі, заклікі зрабіць “хвалю”, аб’явы песень па заяўках пілігрымаў…
Увогуле для чалавека непадрыхтаванага, як я, усё дзейства на першы погляд магло б нагадаць лагерныя злёты або турыстычны паход. Самым малодшым удзельнікам пілігрымкі сапраўды перыядычна нагадвалі, што гэта не вясёлы шпацыр, а рэлігійнае мерапрыемства. Адказным заданнем для малых было несці крыжык. Дзеці ледзь не выстройваліся ў чаргу, а часам нават спрачаліся на “камень-нажніцы-папера”. Але часцей наперадзе аказваўся той, хто хутчэй перахопліваў эстафету. І першы час такі правадыр ішоў, горда расправіўшы плечы, стараўся трымаць дрэўка роўна, падняць яго вышэй і перыядычна азіраўся на сяброў і бацькоў, быццам казаў: “Бачыце, якой ганаровай справай я заняты?”
Такое шэсце прадказальна не магло не прыцягваць увагу. Машыны сігналілі, вадзіцелі махалі і крычалі прывітанні, у кожнага трэцяга ў руках былі тэлефон або камера.
Праводзіць пілігрымку выходзілі жыхары кожнай вёскі. Часта на тварах пажылых жанчын можна было ўбачыць слёзы. Цяжка ўявіць, што такое мерапрыемства дазволілі б правесці ў іх маладосці, калі нават дзяцей хрысцілі таемна. Думаю, для іх гэта не проста штогодні “шлях да Бога”, а хутчэй перамога Бога, жывое пацвярджэнне таго, што іх вера перамагла.
Хтосьці з сустрэчных перадаваў пілігрымам запіскі і дары да Марыі, а тыя, у сваю чаргу, дарылі людзям абразкі Маці Божай. Часам людзі спыняліся, каб даць “пяць” або падзяліцца вадой.
Першы час адчувала сябе няёмка. Таму, напэўна, што для людзей побач (нават для маленькіх дзяцей) увесь гэты шлях і гэтыя песні нешта ды значаць. Нават не проста “нешта”, а шмат чаго, і вялікую частку гэтага мне не зразумець. Навакольныя былі максімальна добразычлівыя. І вадой падзеляцца, і на мае шматлікія пытанні з гатоўнасцю адкажуць. І ў выніку я сама не заўважыла, як няёмкасць прапала.
Апошнія стэрэатыпы развеялі святары, якія суправаджалі нас. Айцец Бярнард дык і зусім мог бы даць фору любому стэндап-коміку. А калі на другі дзень шляху адзін з нашых спадарожнікаў пераапрануўся ў манаскі габіт, і высветлілася, што ён не проста хлопец-пілігрым, а брат — я перастала ўжо з чаго-небудзь дзівіцца.
Як бы гэта ні гучала, але спатрэбілася вось такое, жывы доказ, што яны звычайныя людзі і адзінае, што нас адрознівае — гэта вера ці яе адсутнасць.
Дарэчы, дзівіцца яшчэ было з чаго. Пасля абеду замест ужо звыклага перабою гітары і звону тамбурына з гучнагаварыцеляў пачуўся бітбокс — музыка вуснамі, якую больш звыкла пачуць на канцэрце рэп-выканаўцы. Праз секунду да яго далучаецца тамтам, дадаючы рытм, і толькі потым — гітара. Да таго моманту ў мяне ўжо трохі пабольвала галава ад пастаяннай музыкі, але такую перамену цяжка было не заўважыць: цікава ж!
Чуўся смех у мікрафон.
— Пілігрымы! — радасна аб’яўляе адна з спявачак, такі забіяцкі, са смяшынкай, голас бывае ў людзей, якія здзяйсняюць нейкае свавольства. — Здаецца, упершыню ў гісторыі нашай пілігрымкі мы прыдумалі рэп!
Мабыць, гэтыя людзі вырашылі зламаць абсалютна ўсе мае стэрэатыпы пра вобраз пілігрыма. Калі яны перапявалі “Тры чарапахі” і “Мама Мія”, гэта яшчэ неяк
укладвалася ў мае ўяўленні, але рэп пра Бога — нешта зусім наватарскае.
— Праўда, у нас пакуль гатова толькі два радкі, — працягвае дзяўчына, — вось яны: “Ідзем пілігрымкай, вецер нам у твар, Богу мы моцныя, трымаем удар”. Так што, калі ў кагосьці з’явіцца працяг — звяртайцеся, калі ідэй будзе шмат, задаволім батл.
Ну, здавалася б, пасмяяліся і ўсё. А не. Прайшло паўгадзіны — і знайшліся-такі хлопцы, якія змаглі працягнуць радкі, да вершаванай часткі дадалі меладычны прыпеў —
і атрымаўся сапраўдны трэк — не сорамна выпускаць сінглам на дэбютным дыску.
Да самага адбою і яшчэ раніцай наступнага дня каманда рэпеціравала, дамовіліся нават, каб з Мядзела прывезлі электрагітару — яе можна было падключыць да дынамікаў. І ў выніку было вырашана ўваходзіць у храм менавіта пад гэту песню. Сумняваюся, што Будслаў калі-небудзь чуў такое арыгінальнае суправаджэнне.
Але, папраўдзе, самым асаблівым і запамінальным быў начлег. Нас размясцілі ў былой школе ў аграгарадку Пузыры. Тут жа ладзілі своеасаблівыя сталы, куды прыносілі вячэрні перакус і выкладалі, у каго што ёсць.
Мяне пасялілі ў кабінеце са старэйшымі дзяўчатамі. Праўда, калі б наша гутарка выпадкова не закранула ўзросту, я б была шчыра ўпэўнена, што ўсе мы равесніцы. І таму вельмі моцна здзівілася, калі дазналася, што адной з маіх суседак — трыццаць адзін год.
Усе яны ўжо не ўпершыню ішлі ў пілігрымку. І калі я кажу “не першы раз”, то не маю на ўвазе другі-трэці. Самае меншае — трынаццаты раз. Хтосьці — сямнаццаты.
І ў мяне якраз з’явілася падстава задаць пытанне, якое мучыла ўсю пілігрымку: “Навошта гэта дзецям?” Назірала за самымі маленькімі ўсю дарогу: яны ішлі нароўні з усімі, старанна паўтаралі словы малітваў. Але наколькі гэта было шчыра, мне цяжка меркаваць, бо вядома, што дзеці паўтараюць за бацькамі і навакольнымі нават тады, калі не разумеюць, што робяць. Для іх гэтыя словы, ды і сама пілігрымка становяцца не асабістым выбарам, а звычкай. Таму мне было асабліва цікава пагаварыць з людзьмі, якія ўдзельнічалі ў пілігрымках з самага дзяцінства і ўжо дарослымі абралі веру свядома.
Яны адказваюць з захапленнем, і становіцца зразумела, што пілігрымы ў Будслаў вяртаюцца, як дадому, едуць, каб апроч іншага, пабачыцца з сябрамі — многія знаёмыя з самага дзяцінства. Як часта бывае, чаканне свята хвалюе не менш за само свята. Тое ж адчуваюць і малыя, але ім, вядома, цяжэй заўсёды нагадваць сабе, што гэта не проста вясёлы шпацыр, а рэлігійнае мерапрыемства. Дзяўчаты распавялі, што ў дзяцінстве, вядома, і самі не ўсё разумелі, малітвы, канферэнцыі — слухалі, запаміналі, але не заўсёды задумваліся. Але ўжо дарослымі часта ловяць сябе на думцы, што веды, атрыманыя тады, адгукаюцца на нейкія жыццёвыя сітуацыі. Як выстрэльвае ў галаве, і разумееш, што ты гэта ўжо ведаў. Так, спачатку гэта хутчэй паўтор за кімсьці, але з узростам прыходзіць і ўсведамленне. І вера становіцца ўласным выбарам.
Пасля гэтай размовы мой погляд на пілігрымку трохі змяніўся. І, не буду хлусіць, другі дзень шляху даўся нашмат лягчэй як фізічна, так і маральна. Нягледзячы на дождж і вецер, усе захоўвалі пазітыўны настрой і ўжо на падыходзе да Будслава не шкадавалі сіл для спеваў і гучна віталі іншыя пілігрымкі.
Як і планавала, развіталася са спадарожнікамі ў Будславе. Нечакана для сябе зразумела, што не адмовілася б прайсці гэты шлях яшчэ раз. Але давялося сумленна прызнацца сабе: не таму, што праніклася верай, а хутчэй таму, што праніклася стаўленнем да веры і змагла ўбачыць усё з сярэдзіны.

Аляксандра ГАРАЧКА.



18 лiпеня 2018.   Каментарыі: Адзін камэнтар.    Размешчана ў Моладзь, Падарожжы

Да запісу Адзін камэнтар

Александра, дзякуй за цудоўны артыкул, вельмi кранальна. Запрашаем абавязкова на наступны год.

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   06-043 Рэчка Нарачанка            Паруснікі

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси