Пасланцы міру і гармоніі — на Мядзельшчыне!

ШТОГОД, пачынаючы з 1993-га, Беларусь прымае ўдзел у самай працяглай у свеце факельнай эстафеце — Бег Міру. Сёлетні еўрапейскі прабег стартаваў 27 лютага ў Сафіі (Балгарыя) і завершыцца
8 кастрычніка ў Лісабоне (Партугалія). Агонь Дружбы прыйшоў на тэрыторыю нашай краіны 6 ліпеня з Літвы і накіроўваецца ў Латвію. У складзе каманды — бегуны з Аўстрыі, Босніі, Вялікабрытаніі, Казахстана, Латвіі, Партугаліі, Расіі, Сербіі, Украіны, Харватыі, Чэхіі і Беларусі. Пераадольваючы сотні кіламетраў, яны нясуць пасланне міру і гармоніі жыхарам розных гарадоў і вёсак. Дарэчы, Бег Міру ў нашай краіне праходзіць пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Федэрацыі лёгкай атлетыкі. Днямі да міжнароднай факельнай эстафеты далучылася і сінявокая Мядзельшчына.

Праз тэрыторыю азёрнага краю праходзіў маршрут дзвюх груп бегуноў, якія накіроўваліся праз Паставы на Браслаў і далей у Латвію. Месцам сустрэчы мядзяльчан з першай з іх стала ўскраіна горада. Адразу пасланцоў міру прывіталі намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Ефімава. Іна Іванаўна, у прыватнасці, адзначыла, што жыхары раёна таксама жадаюць жыць у міры і гармоніі — з сабой, роднымі і знаёмымі, з усім навакольным светам. Яна пажадала ўдзельнікам эстафеты згоды і дабра. Каб, убачыўшы па дарозе нашы непаўторныя краявіды, яны захацелі вярнуцца на Мядзельшчыну. Пасля цёплай сустрэчы на Нарачанскай зямлі, агульнага фотаздымка на памяць, бегуны прадоўжылі свой шлях у накірунку курортнага пасёлка. Дарэчы, да іх тут далучыліся Іван Гарадзецкі і Арцём Пачкоўскі — выхаванцы СДЮШАР Мядзельскага раёна. Як пазней прызналіся хлопцы, яны вельмі задаволены, што менавіта ім выпаў гонар прыняць удзел у такім адказным мерапрыемстве.
Наступным прыпынкам каманды стала Нарацкая СШ №2, дзе адбылася сустрэча з дзецьмі, якія адпачываюць у спартыўным і аздараўленчым лагерах. Пасля прабежкі з факелам па школьным стадыёне госці расказалі хлопчыкам і дзяўчынкам аб сваёй мі-
сіі — несці свету пасланне міру і гармоніі. “І хоць мы размаўляем кожны на сваёй мове, ядзім розныя стравы, але мы — адна вялікая сям’я, якая не хоча войнаў, — казалі яны. — І чым больш людзей патрымаецца за факел Дружбы і тым самым далучыцца да факельнай эстафеты, тым больш жадаючых будзе будаваць адносіны ў сяброўстве і згодзе. А гэта вельмі важна”. Дарэчы,
удзельнікі Бегу Міру-2018 звярталіся да дзяцей на сваіх родных мовах, а тыя павінны былі пазнаць, з якой краіны кожны з іх сюды прыбыў. Гучалі ў той дзень на стадыёне англійская, нямецкая, руская і іншыя мовы. Напрыклад, нашу цудоўную краіну пад белымі крыламі прадстаўляў вядомымі ўсім вершаванымі радкамі Якуба Коласа ўдзельнік эстафеты з Мінска Ігар. “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы…” — разносілася ў наваколлі. Прычым вельмі дарэчы ў Год малой радзімы. Сустрэча бегуноў са школьнікамі прайшла, мяркую, запамінальна для абодвух бакоў. Бо і дзеці, і дарослыя адчувалі, што дружба на самай справе не мае межаў і творыць сапраўдныя цуды, асабліва, калі ты жывеш у гармоніі з сабой і навакольным светам і жадаеш усім, з кім сустракаешся, міру і дабра.
Сустрэча з другой групай бегуноў адбылася ў Вузле на мяжы Мядзельскага і Вілейскага раёнаў. Тут гасцей таксама прывітала намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Іна Іванаўна расказала ім пра адметнасць і ўнікальнасць цудоўнага Нарачанскага краю. Падкрэсліла, што мядзяльчане жадаюць жыць на мірнай планеце. Многія жыхары рэгіёна сябруюць са спортам, вядуць здаровы лад жыцця. Што датычыць каманды, то ў яе складзе — людзі розных узростаў і нацыянальнасцей. Сярод іх — сямнаццацігадовы брэстчанін Іван, які займаецца лёгкай атлетыкай. Ён сёлета закончыў адзінаццаты клас і збіраецца звязаць сваё жыццё з фізкультурай і спортам. Штогод, пачынаючы з
1992-га, прымае ўдзел у Бегу Міру Святлана са Смаленска. Ёй 74 гады, але знешне жанчына выглядае нашмат маладзейшай. У мінулым яна — майстар спорту па канькабежным спорце. І, як лічыць, менавіта здаровы лад жыцця дапамагае ёй адчуваць сябе бадзёрай і актыўнай.
Да групы бегуноў у Вузле далучыліся прадстаўнікі азёрнага краю: настаўнік фізічнага выхавання Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа Валерый Юрманаў і выхаванцы СДЮШАР раёна
Антон Смолка і Павел Бажэлка. І міжнародная факельная эстафета прадоўжыла свой шлях праз Брусоўскае кольца ў напрамку НДЦ “Зубраня“, каб сустрэцца з дзецьмі, якія праходзяць там аздараўленне.
На тэрыторыі цэнтра гасцей шчыра віталі юныя адпачываючыя, апранутыя ў строі народаў розных краін. Яны ўручылі капітану каманды салодкія пачастункі і прапанавалі ўдзельнікам забегу загадаць жаданні. А каб задуманае збылося, адначасова адпусціць у неба рознакаляровыя шары, якія сімвалізуюць зубраняцкую дружбу. Затым мерапрыемства прадоўжылася на стадыёне. Першым звярнуўся да прысутных капітан беларускай каманды Юрый Храпуцкі. Ён зазначыў, што наша краіна ўжо 22-гі раз прымае ўдзел у Бегу Міру. Сёлета Беларусь становіцца часткай маршрута, які звязвае ўсе 48 еўрапейскіх краін. Дарэчы, у камандзе — прадстаўнікі васьмі дзяржаў свету. Факел — сімвал міру, даверу і гармоніі паміж людзьмі — перадаецца з рук у рукі, каб чарговы раз нагадаць, што простыя людзі не жадаюць войнаў і кровапраліццяў. Яны — за згоду і спакой ва ўсім свеце. Прамоўца падкрэсліў, што гэты буйнамаштабны праект у розныя перыяды падтрымалі вядомыя людзі нашай планеты: Маці Тэрэза, Далай-Лама, Нэльсан Мандэла, Міхаіл Гарбачоў, Лех Валенса, каралева Лізавета, прынцэса Дзіяна, Вячаслаў Фецісаў, Ірына Радніна, Анатоль Карпаў, Таццяна Лебедзева, Мікалай Валуеў, Пол Макартні, Уладзімір Співакоў, Барыс Грабеншчыкоў і многія іншыя. Пабываў факел Міру ў Антарктыдзе. А ў 1996 годзе касманаўт Генадзій Стракалаў даставіў яго ў космас на арбітальную станцыю “Мір” і перадаў амерыканскім астранаўтам. Карл Льюіс, дзевяцікратны алімпійскі чэмпіён сказаў: “Несучы факел, мільёны грамадзян робяць крок да гармоніі, узводзячы мост паміж культурнымі і сацыяльнымі адрозненнямі, якія раздзяляюць нацыі”. Доктар Дэвідсан Хэпбрун, прэзідэнт 35-яй Генеральнай Асамблеі ЮНЕСКА, выказаў таксама свае адносіны да гэтай важнай справы: “Факел Бегу Дружбы, які перадаецца з рук у рукі, натхніў мільёны людзей накіроўвацца да сусветнага адзінства і міру…” Заснаваў эстафету ў 1987 годзе Шры Чынмой і назваў “Бег Міру”. З пачатку яе існавання факел патрымалі ў руках 7 мільёнаў чалавек. Сёлета эстафета пройдзе па тэрыторыі больш як 100 краін, уключаючы Еўропу, Казахстан, ЗША, Канаду, Мексіку, Южную Карэю, Японію, Аўстралію, Новую Зеландыю, Аргенціну, краіны Афрыкі. Агульная працягласць маршрутаў складзе звыш 70 тысяч кіламетраў. Простае пасланне: “Мір пачынаецца з мяне” перадаецца з краіны ў краіну людзям добрай волі.
Да ўдзельнікаў прабегу звярнулася дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Ануфрыева. Яна падкрэсліла важнасць справы, якой яны прысвяцілі свой час і сэрцы, і заклікала берагчы мір ва ўсім свеце. Прывітала “зубранят” і ўдзельніца эстафеты — расіянка Святлана. Яна падкрэсліла: “Калі мы можам бегчы ў міры і гармоніі, значыць, мы можам і жыць усе разам у гармоніі”. Госці развучылі з дзецьмі некалькі дэвізаў і гімн міжнароднага праекта, далі магчымасць кожнаму прысутнаму дакрануцца да запаленага факела. А закончылася мерапрыемства агульным забегам, у якім прынялі ўдзел усе жадаючыя.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



17 лiпеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   _06-040 Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела