Разбіваючы стэрэатыпы!

Жарты пра жанчын за рулём ужо зусім не здаюцца смешнымі. Хочацца толькі спытаць — ну не надакучыла эксплуатаваць адну і тую ж тэму, тым больш цяпер, калі на дарогах краіны ўсё часцей на вадзіцельскім сядзенні можна сустрэць прадстаўніц прыгожага полу? Для тых, хто ўсё яшчэ сумняваецца, што жанчыны паўнапраўныя ўдзельніцы дарожнага руху, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі штогод праводзіць конкурс “АўтаЛедзі”, дзе дае ўдзельніцам магчымасць прадэманстраваць свой прафесіяналізм за рулём.

Зусім нядаўна ў Мядзеле прайшоў раённы этап, пераможца якога будзе прадстаўляць наш раён на вобласці ў наступным годзе. І па традыцыі адкрыла мерапрыемства акцыя памяці, якая прайшла на плошчы Шаранговіча ля помніка нашаму славутаму земляку Максіму Танку.

Месца было выбрана не выпадкова, бо ні для каго не сакрэт, што 2018 год абвешчаны Годам малой радзімы. І пагадзіцеся, сімвалічна аддаць даніну памяці аўтару, ураджэнцу Пількаўшыны, які прысвяціў сваёй малой радзіме так шмат выдатных твораў.

Вядучы — галоўны бухгалтар раённага камітэта БРСМ Сяргей Багданаў — павітаў удзельніц і прадставіў ім партнёраў і спонсараў конкурсу: старшыню раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлану Чарняўскую, старшыню раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Вячаслава Клімовіча і старшага інспектара дарожна-патрульнай службы АДАІ РАУС Андрэя Купрэвіча. А затым слова ўзяў адзін з каардынатараў конкурсу, кіраўнік раённай арганізацыйнай структуры “Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь” Міхаіл Чаркасаў.

— Па-першае, хачу падзякаваць, што знайшлі смеласць прыняць удзел у гэтым конкурсе. Ведаю, многія дзяўчаты адмаўляліся, і тое, што вы тут, ужо характарызуе вас як адказных і рашучых. Па-другое, хачу пажадаць кожнай з вас поспеху, але таксама прашу не хвалявацца, калі хтосьці прайграе. Таму што, перафразую прымаўку, удзел — гэта ў любым выпадку перамога перамога.

У канцы сваёй прамовы Міхаіл Уладзіміравіч падзяліўся, што зараз шукае інструктараў для навучання школьнікаў. І па выніках конкурсу з задавальненнем запрасіў бы на працу ахвотных.

— Яшчэ паглядзім, як здадзім! — смяюцца ўдзельніцы. І якраз першым выпрабаваннем называюць тэст на веданне правіл. Праходзіць ён у Цэнтры бяспекі дарожнага руху, які адкрыўся ў пачатку чэрвеня на базе Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя Уладзіміра Дубоўкі.

На праходжанне тэста адвялі паўгадзіны, а як толькі дзяўчаты закончылі адказваць, арганізатары тут жа падлічылі балы. Вынікі ва ўсіх удзельніц былі вышэйшымі за сярэдні ўзровень, што не можа не радаваць. Пры гэтым дзве з трох набралі аднолькавую колькасць балаў.

Але самае складанае і адказнае выпрабаванне было яшчэ наперадзе. Пад кіраўніцтвам старшага інспектара дарожна-патрульнай службы АДАІ РАУС Андрэя Купрэвіча ўдзельніцы і група падтрымкі накіраваліся на аўтадром. Тут ім трэба паказаць сябе як вопытных вадзіцеляў. Для заліку былі абраны тры заданні — “гараж”, “дворык” і “бакавая паркоўка”. Арганізатары ўлічвалі не толькі хуткасць выканання ўсіх элементаў, але і акуратнасць — калі дзяўчаты “чаплялі” абмежавальныя слупкі, да іх фінальнага выніку дадавалася па пятнаццаць секунд, а ў выпадку, калі нехта захацеў бы адмовіцца ад выканання задання — адна хвіліна.

Каб ўдзельніцы адчувалі сябе больш упэўнена, першы круг па аўтадроме зрабіў сам Андрэй Аляксандравіч, нагадаўшы, як трэба выконваць элементы.

— Усё роўна боязна, — дзеліцца канкурсантка Вольга Новік. — Я за рулём ужо дзесяць гадоў, але ёсць розніца — ездзіць па горадзе, паркавацца ў сябе ў двары або на пляцоўцы. Загадваць не хачу, але спадзяюся, што справілася з гэтым выпрабаваннем нядрэнна.

Дарэчы, Вольга — адна з удзельніц, якія падавалі заяўку на конкурс не самі — яе кандыдатуру аднагалосна вылучылі калегі з ЖКГ.

Хвалявалася не толькі яна, усе ўдзельніцы змаглі справіцца са сваімі страхамі і годна здаць пляцоўку. А пакуль арганізатары падлічвалі балы, дзяўчаты пачалі рыхтавацца да самага творчага і эмацыянальнага выпрабавання — візітоўкі. Удзельніцам трэба было ўпрыгожыць свае машыны і расказаць пра іх і пра сябе.

Вольга Новік ператварыла сваё аўто ў сапраўдную ледзі: капялюшык, банцікі на бакавых люстэрках, вочкі замест фар і вусны на капоце

— Усе элементы, уключаючы капялюшык, рабіла сваімі рукамі, — расказвае Вольга. — Я адштурхвалася ад назвы конкурсу. А чаму б і не, бо маё аўто — ледзі, як і я.

Маму траіх дзетак Варвару Кудрэвіч на конкурсе падтрымлівала сям’я, Якой і было прысвечана афармленне машыны. На капоце красаваліся мяккія цацкі, папяровыя далонькі, якія ўдзельніца рабіла разам са сваімі дзецьмі, а таксама мноства сумесных фотаздымкаў шчаслівай сям’і.

Апошняй сваю машыну прадстаўляла Жанна Коласава-Малевіч. Яна падрыхтавала сапраўдную прэзентацыю і ўсебакова расказала пра сябе і сваю жыццёвую пазіцыю.

— Купляючы аўтамабіль, вядома ж, хацела, каб ён характарызаваў і мяне. Я заўсёды імкнуся выглядаць стыльна. І мая машына таксама стыльная. У яе вонкавым выглядзе няма лішніх дэталей, а колер ужо не першы год трымаецца ў трэндзе. Але за гэтым знешнім спакоем я і мая машына любім усё яркае і вясёлае, — тут дзверцы адчыніліся, і з іх вылецелі напоўненыя геліем шарыкі. — Мы ўмеем з’явіцца з бляскам і выклікаць буру эмоцый, — у паветра паляцела канфеці з хлапушкі, а ў руках у ўдзельніцы з’явіўся шарык у форме сэрца. — Мы заўсёды ездзім “з сэрцам” і, катаючыся па дарогах нашай малой радзімы, з павагай і любоўю ставімся да ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Акрамя яркай і запамінальнай прэзентацыі, Жанна паказала найлепшы вынік на выпрабаванні “Пляцоўка” і добрыя веды правілаў дарожнага руху. Яна і стала пераможцай раённага конкурсу “АўтаЛедзі”.

Другое і трэцяе месцы падзяліліВарвара Кудрэвіч і Вольга Новік.

Прызы дзяўчатам уручаў Андрэй Купрэвіч. Акрамя грамат і падарункаў, ён уручыў кожнай удзельніцы ружу:

— Таму што, незалежна ад таго, якое хто заняў месца, вы ў любым выпадку  пераможцы.

Вядучы Сяргей Багданаў таксама выказаў надзею, што сустрэне ўдзельніц і ў наступным годзе. А Жанна Коласава-Малевіч адправіцца на абласны этап “АўтаЛедзі — 2019”.

 

Аляксандра ГАРАЧКА.

Фота Аляксандра Высоцкага.



16 лiпеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства, Моладзь

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

1-12 возера Мястра wjx6x-f4hhi возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела