Дайсці да кожнага куточка | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Дайсці да кожнага куточка

МЯДЗЕЛ змяняецца на вачах. Пакрысе вымалёўваецца выгляд прылеглай да амфітэатра тэрыторыі — галоўнага аб’екта абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”. Радуе вока і вуліца 17 верасня. Кожны, хто праходзіць або праязджае там, зверне ўвагу на свежапафарбаваныя дамы. Пазітыўныя змены адбыліся і ў дварах: заасфальтаваны дарогі, з’явіліся малыя архітэктурныя формы. Зручнасць апошніх ужо ацанілі мясцовыя жыхары, з якімі мы пагутарылі ў двары дома № 10.
— Вельмі задаволены: стала прыгожа, акуратна, — кажа Леакадзія Бяляўская. — Падабаюцца альтанкі, любім тут адпачываць.
— Вось каб яшчэ дзверы памянялі, — заўважае Леакадзія Сіманава.
— Дзе ж усё адразу зробіш, — далучаецца да размовы Расціслаў Чарняўскі. — І Масква не адразу будавалася… Папрыгажэла ў нашых дварах, вялікі дзякуй за гэта.
— Клумбы ў вас шыкоўныя, — кажу. — Мабыць, самі жыхары пастараліся?
— Так, самі саджаем кветкі, самі паліваем, — кажуць жанчыны. — Пераважна мы, пенсіянеры, імі займаемся: моладзь не дужа гэтым цікавіцца… Ля суседняга дома таксама клумбы прыгожыя! І пра іх напішыце!
…Рамонт дома № 19 па вуліцы Юбілейнай у самым разгары. Генеральным падрадчыкам выступае будаўнічае ўпраўленне № 202, субпадрадчыкам — ТАА “Прамальпінбуд” (абедзве арганізацыі — з Маладзечна).
— У тэрмін укладзёмся, — абяцае майстар
БУ № 202 Віктар Кароль. — Запланаваны рамонт адмосткі, даху і фасадаў, замена вокнаў на лесвічных пляцоўках і ў падвалах, дзвярэй у падвалы. Працуем у адпаведнасці з нормамі і праектам, арыентуемся на ўмовы надвор’я — таму скаргаў ад жыльцоў не было. Наадварот, людзі задаволены.
— Тынкуем, фарбуем, будзем мяняць экраны на балконах, — кажа брыгадзір-тынкоўшчык “Прамальпінбуду” Уладзімір Стасіловіч. — Галоўнае ў нашай працы — не хуткасць, а якасць. У выніку не толькі зменіцца вонкавы выгляд дома, але і ў кватэрах стане цяплей, сырасці не будзе.
…Работнікаў філіяла КУП “Мінскаблдарбуд” — “ДРБУ-133” застаём за ўкладкай асфальту ля магазіна “Юбілейны”. Новае пакрыццё ўжо з’явілася на частцы дваровай тэрыторыі і стаянцы.
…Ля дамоў №4 і № 6 па вуліцы Нарачанскай работнікі Мядзельскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі дэмантуюць старую тратуарную плітку. Неўзабаве на яе месца пакладуць новую.
…Да лепшага змяняецца гарадскі стадыён. Там з’явіцца бегавая дарожка з сучасным пакрыццём, тры пляцоўкі для пляжнага валейбола, будзе заменена асвятленне. Наводзіцца парадак на тэрыторыі, вакол яе паставяць новую агароджу. На аб’екце заняты ДРБУ-162 (гэта вілейскія дарожнікі) ды нашы ДЭУ № 66 і прадпрыемства меліярацыйных сістэм. На завяршальным этапе ўладкавання бегавой дарожкі далучыцца арганізацыя з Гомеля. Рамонт праводзіцца і ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры (пра гэта расказаў дырэктар Андрэй Русак). Неўзабаве вынікі працы змогуць ацаніць наведвальнікі гульнёвай і трэнажорнай залаў.
…Многія арганізацыі рамантуюць сваю маёмасць за кошт уласных сродкаў. Вось і на будынку нашай рэдакцыі памыты, пагрунтаваны і пафарбаваны дах. Вядома, гэту работу выконвалі не самі журналісты — на вышыні ў прамым і пераносным сэнсе апынуўся майстар сваёй справы Уладзімір Дуброўскі.
…Што ні кажы, шмат яшчэ працы ў дварах шматкватэрнікаў. Усе такія тэрыторыі ў той ці іншай ступені патрабуюць увагі. Але адна справа, калі дом новы, і зусім іншая — калі стары і даўно не рамантаваўся. Ці не самая запушчаная тэрыторыя — ля дамоў нумар 43, 45, 47 па вуліцы Юбілейнай (гэта насупраць вытворчага ўчастка аўтапарка). Там штодня стараюцца людзі, накіраваныя з арганізацый горада. “Выкладваем дарожкі тратуарнай пліткай, выраўноўваем, падмятаем, чысцім бардзюры, пляцоўкі, высякаем кустоўе і сухія дрэвы”, — расказвае кіраўнік землеўпарадкавальнай службы раёна Аляксандр Чарняўскі. Тым часам мужчыны (людзі розных прафесій, а не спецыялісты з профільнай арганізацыі) выкладваюць дарожку тратуарнай пліткай. Дарэчы, не новай, а прывезенай ад амфітэатра.
…У дварах дамоў па вуліцы Нарачанскай ачышчаюць бардзюры работнікі розных устаноў і прадпрыемстваў горада. Сёння яны змянілі прывычныя прылады працы на рыдлёўкі. І па маштабе выкананых за дзень работ відаць, што людзі не ленаваліся…
***
Такім убачылі адзін дзень добраўпарадкавання Мядзела мы. А вось што расказаў кіраўнік раённага штаба па падрыхтоўцы і правядзенні абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег БАРОЎКА: “У рамках падрыхтоўкі да свята выконваецца шэраг асноўных мерапрыемстваў: капітальны і бягучы рамонт жыллёвага фонду, работы па падрыхтоўцы галоўнай пляцоўкі “Дажынак” — амфітэатра. У завяршальнай стадыі ўвядзенне ў строй гасцініцы, асфальтуюцца вуліцы, часткова — дваровыя тэрыторыі. Многае робіцца ва ўстановах адукацыі, культуры, аховы здароўя, іншых арганізацыях Мядзела.
Але гэтага мала, каб падрыхтаваць горад да свята. Патрэбна выканаць шмат ручной работы, максімальна дайсці да кожнага куточка — а гэта магчыма толькі з дапамогай людзей, іх працавітых рук, іх жадання змяніць горад да лепшага. І мы ўдзячны працоўным калектывам Мядзельшчыны за разуменне сітуацыі і імкненне добраўпарадкаваць горад, што ёсць яшчэ энтузіясты, што мы знаходзім паразуменне.

Па меры набліжэння свята, вядома, напружанне будзе ўзрастаць — гэта заўсёды так. І тыя прыкладна два месяцы, што засталіся да “Дажынак”, найбольш важныя. Хочацца многае змяніць, іншы раз з’яўляюцца форс-мажорныя абставіны… Усім трэба захаваць узаемаразуменне, якое ёсць на цяперашні момант, праявіць вытрымку, узаемапавагу, каб поўнасцю выкарыстаць дадзеную нам магчымасць змяніць горад да лепшага”.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



16 лiпеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах 1-12  возера Мястра  Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси