Прысяга на вернасць Айчыне і народу

У ліку навабранцаў, якія сёлетняй вясной папоўнілі Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, і Уладзіслаў Якубоўскі з Мядзела.  Прызвалі юнака ў элітны род войск — сілы спецыяльных аперацый. Зараз ён праходзіць службу ў 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску.

16 чэрвеня ва Уладзіслава была прысяга. На гэту ўрачыстасць ездзілі матуля з сястрой і яе мужам, бацька і дзяўчына, з якой хлопец сябруе.
— Дзень той, напэўна, ніколі не забуду, — расказвала пазней маці юнака Вера Палянская. — І дома напярэдадні, і дарогай вельмі хвалявалася. Хацелася хутчэй убачыць сына, даведацца, як яму служыцца, ці не крыўдзяць старэйшыя саслужыўцы… На прысягу сабраліся бацькі многіх. Дарэчы, падчас пастраення не адразу пазнала свайго Улада. Усе хлопцы ў часці прыкладна аднаго росту і целаскладу, апрануты аднолькава. Але потым, калі добра прыгледзелася, то пазнала. Вядома ж, мацярынскае сэрца не падманеш, яно адчувае сваё дзіця нават на адлегласці… Улад даваў прысягу за сёмым сталом. Выразна чытаў словы клятвы на вернасць Радзіме і беларускаму народу. Гэта ж так прыгожа, але разам з тым вельмі адказна. З таго моманту стаў мой сын сапраўдным абаронцам. Я вельмі ганаруся ім.
— Што яшчэ запомнілася? — цікаўлюся.
— Прысяга — вельмі ўрачыстае мерапрыемства, — працягвае Вера Пятроўна. — А таму не абышлося і без віншаванняў, наказаў — ад камандзіраў, ветэранаў, бацькоў. Прысутнічаў і святар, які благаславіў навабранцаў на паспяховае праходжанне воінскай службы. Рэштку дня правялі з сынам. Гаварылі, па сутнасці, пра ўсё: пра службу, новых сяброў… Нам жа было ўсё цікава.
— Вы пабывалі ў часці, сустрэліся з сынам, паразмаўлялі з ім. Ці паспакайнела пасля паездкі на сэрцы, ці ўсё роўна хвалюецеся?
— Любая маці заўсёды перажывае за сваё дзіця. Я таксама. Аднак цяпер у мяне больш спакойна на душы. Я ведаю, што ў яго там усё добра. Накормлены, дагледжаны. Сын добра гаварыў пра камандзіраў, пра саслужыўцаў. Запэўніваў, што ў часці няма ніякай дзедаўшчыны. Дарэчы, гэта бачна было і па адносінах паміж маладзейшымі і старэйшымі салдатамі, па іх знешнім выглядзе. Вядома ж, напачатку Уладу будзе складана, як і кожнаму ў новых абставінах. Няма ж тых вольнасцей, што на грамадзянцы. У арміі жыццё па распарадку. Там кожная мінута распісана. Але ж ён у мяне хлопец вынослівы. Пасля школы закончыў у Маладзечне каледж, атрымаў спецыяльнасць тынкоўшчыка-плітачніка. Амаль два гады працаваў на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. Там жа таксама было нялёгка. Так што з часовымі цяжкасцямі і ў арміі справіцца.
— А ці піша вам сын пісьмы? — пытаюся далей.
— Канверты з паперай клала, калі выпраўляла ў войска, — апавядае жанчына. — Але ж хто цяпер пісьмы тыя дасылае? Хіба адзінкі. Усё больш між сабой моладзь па тэлефонах, праз інтэрнэт зносіны падтрымлівае. У часці ў хлопцаў на руках мабільнікаў няма. Іх забралі адразу, у першы ж дзень. Праўда, у нядзелю з 16 да 17 гадзін ім дазваляюць патэлефанаваць дадому. Таму і цяпер ведаю, як сыну служыцца. Па інтанацыі голасу, па размове адчуваю, што ў яго ўсё добра. Ён з часам становіцца больш упэўненым. Так што служба, па ўсім бачна, ідзе на карысць. Нездарма ж з арміі вяртаюцца хлопцы сталейшымі, узмужнелымі, больш дысцыплінаванымі. Ну што ж, пажывём — пабачым… Хоць ведаем, што трэба служыць, але сумуем па Уладу і я, і яго сястрычкі Яна з Палінай, і з нецярпеннем чакаем ад свайго салдата новых звестак.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ



13 лiпеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi dsc_5774-3 від на Мядзел Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела