Інспектар з падыходам педагога

У СВЕЦЕ лічбаў Людміла Мінкоўская заўсёды адчувала сябе ўпэўнена. У школе добра ішла матэматыка, іншыя дакладныя навукі таксама паддаваліся. Дзяўчына нават марыла стаць настаўнікам матэматыкі. Праўда, бацькі запэўнівалі, што больш перспектыўна вучыцца за эканаміста, але Людміла настаяла на сваім і ніколькі пра гэта потым не пашкадавала. Варта толькі дадаць, што карэктывы ў мары ўнесла само жыццё…
Зараз Людміла — галоўны дзяржаўны падатковы інспектар упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Мядзельскім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Вілейскім раёне. Вось ужо сямнаццаць гадоў яна ставіць плацельшчыкаў на ўлік, спаганяе запазычанасці, прымае падатковыя дэкларацыі і іншае. Так, дыплом настаўніка матэматыкі застаўся незапатрабаваным (па спецыяльнасці Людміла адпрацавала толькі паўтара года), але вучоба на мехмаце БДУ была цікавай, ды і атрыманая адукацыя дазволіла працаўладкавацца ў падатковую інспекцыю з наступным атрыманнем дадатковай спецыяльнасці.
Калегі характарызуюць Людмілу Іосіфаўну як высокага
прафесіянала, адказнага і надзейнага спецыяліста. А яшчэ — як чалавека з выдатнымі душэўнымі якасцямі: і па рабочых пытаннях пракансультуе, і па-сяброўску падтрымае пры неабходнасці. Яна таксама цэніць калектыў. Кажа, што тут падабраліся вопытныя і кваліфікаваныя спецыялісты, з якімі прыемна працаваць. Пад кіраўніцтвам не менш вопытнай знаўцы сваёй справы — Аксаны Сарокі — яны дасягаюць добрых паказчыкаў у сваёй дзейнасці.
Напярэдадні прафесійнага свята Людміла Мінкоўская наведала ўрачыстае абласное мерапрыемства, дзе атрымала заслужаную ўзнагароду — Ганаровую грамату Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, якую ўручыў першы намеснік міністра Ігар Клепча. А гэта сведчанне таго, што свае абавязкі Людміла Іосіфаўна выконвае на “выдатна”.
Калі закрануць асабістае жыццё жанчыны, то тут таксама яе можа было б намініраваць на ўзнагароду, калі б такія давалі. Напрыклад, як добрую жонку і клапатлівую матулю. З гонарам яна расказвае пра сваіх сыноў, якіх выхоўваюць з мужам Віктарам. Старэйшы закончыў трэці курс БДУІР, а малодшы — шосты клас гімназіі. Абодва перанялі матэматычныя здольнасці матулі. І калі студэнта поўнасцю паглынулі камп’ютарныя праграмы і лічбы, то ў малодшага Віталія часу і жадання хапае і на музыку (з адзнакай закончыў школу мастацтваў па класе акардэона), і на літаратурную творчасць (удзельнік гімназічнага гуртка “Спроба пяра”). Чым не падстава для гонару бацькам?

Іна ЯРЧАК.
На здымку: галоўны дзяржаўны падатковы інспектар
упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Мядзельскім раёне Людміла Мінкоўская.
Фота Аляксандра Высоцкага.



10 лiпеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Эканоміка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай _dsc1133-3 06-043

Пабрацімы Мядзела