«З дзяцінства была мара стаць піяністкай»

Юную будслаўчанку Ірыну Пішчаку сёлета запрасілі на сход актыву раёна па падвядзенні вынікаў работы народнай гаспадаркі Мядзельшчыны. Прывялі туды яе зусім не важкія вытворчыя паказчыкі ці спартыўныя поспехі, а цяга да класічнай музыкі. Сваёй ігрой на фартэпіяна дзяўчына пакарыла некалькі конкурсаў. Толькі нядаўна яна закончыла навучанне ў Будслаўскай дзіцячай музычнай школе мастацтваў — займалася на фартэпіяна сем год.
— Чаму выбралі гэты інструмент?
— З дзяцінства была мара стаць піяністкай. І па тэлевізары глядзела выступленні. Паспрыяла і тое, што мае сваякі таксама маюць музычныя здольнасці.
— Чым для вас стала музыка?
— Гэта штодзённая праца і выпадко-
ва — поспехі. Музыкай магу перадаць усе адчуванні і эмоцыі, любыя з’явы і сітуацыі.
— І як даводзілася займацца — у школе і дома?
— Штодзённа — як самастойна дома, так і з педагогам у школе.
У выніку стараннай працы паступова сталі прыходзіць дасягненні. Так, на конкурсе маладых выканаўцаў-інструменталістаў «Мая Мара» год таму Ірына атрымала дыплом ІІІ ступені ў намінацыі «Фартэпіяна. Сола».
— Разумею, гэта не адзіны конкурс, у якім удзельнічалі…
— Пазалетась выступала на конкурсе «Беларускія таленты-2016». Там атрымала дыплом II
ступені. Нядаўна другі раз
удзельнічала ў конкурсе маладых выканаўцаў «Інтэрмецца».
— На ваш погляд, што трэба, каб дастойна выступаць на конкурсах?
— Па-першае, неабходна штодзённа працаваць і рыхтавацца. Па-другое, правільна сябе настроіць. Я павінна не толькі перадаць змест і адчуванне твора на інструменце, але і паказаць усё гэта сваім вобразам. Таму што журы ацэньвае не толькі ўменне выканаць твор, але і артыстычнасць, тое, як сваімі паводзінамі перадаю ўсё гэта.
Расказвае Ірына, што падабаюцца творы Шапэна, Баха, Моцарта, і ўвогуле яна — прыхільнік класічнай музыкі.
— А сучасную зусім не слухаеце?
— Слухаю, але класічная для мяне на першым месцы: яна дала пачатак усёй сучаснай.
— А равеснікі як адносяцца да вашага захаплення класічнай музыкай?
— Яны падтрымліваюць мяне. Прыходзяць на канцэрты ў музычную школу паслухаць, як іграю. Сочаць за маімі выступленнямі ў сярэдняй школе.
Займалася Ірына ў дырэктара школы Алены Ляшковіч.
— Мой педагог — вельмі адказны і вопытны. Зрабіла вялікі ўклад у маё ўменне. Яна для мяне — другая мама. Вельмі удзячна ёй, — дадае дзяўчына.
Ірына плануе звязаць сваё жыццё з музыкай — збіраецца паступаць у Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага.
— І чаго хочаце дасягнуць?
— Спачатку паступіць і закончыць каледж. А потым — як атрымаецца.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымку: Ірына Пішчака.
Фота аўтара.



06 лiпеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах 223_ Касцёл у Шэметава    возера Мястра

Пабрацімы Мядзела