І стала Таццяна нарачанкай

ШТОГОД 30 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць эканамісты. Раней пад эканомікай разумелі пераважна рацыянальнае кіраванне домам, хатняй гаспадаркай, даходамі і расходамі сям’і. Галоўным лічылася ўменне так спланаваць свой бюджэт, каб не траціць больш, чым зарабляеш. Цяпер эканоміка з умення зніжаць затраты пераўтварылася ў навуку павышэння дабрабыту. У гэтай сферы працуюць людзі, якія займаюцца распрацоўкай і прымяненнем разнастайных метадаў, накіраваных на тое, каб зрабіць максімальна эфектыўнай гаспадарчую дзейнасць.
Каб ісці ў нагу з часам, акрамя эфектыўных тэхналогій, трэба мець крэатыўныя кадры. З самага лепшага боку выказваюцца ў калектыве санаторыя «Спадарожнік» пра вядучага эканаміста Таццяну Сербіненка. Яна — своеасаблівы каардынатар усёй дзейнасці здраўніцы, якая патрабуе немалой адказнасці. Тут трэба быць адначасова спрытным менеджарам, тонкім псіхолагам і нават творчым чалавекам. Усё гэта ў Таццяны ёсць. Да таго ж яна асцярожны і прадбачлівы спецыяліст, таму што за ёй — праца ўсяго калектыву. Таму і вынікі адпаведныя ёсць. «Спадарожнік» з’яўляецца адным з флагманаў курорта. Тут адпачываюць, умацоўваюць сваё здароўе не толькі беларусы, але і жыхары блізкага і далёкага замежжа…
Наша сустрэча з Таццянай Васільеўнай адбылася ў яе ўтульным кабінеце. Жанчына расказала, што родам яна з Маладзечна. Пасля заканчэння Маладзечанскай школы №6 з вывучэннем шэрагу прадметаў на англійскай мове паступіла на інжынерна-эканамічны факультэт Беларускага політэхнічнага ўніверсітэта, дзе набыла спецыяльнасць інжынера-эканаміста. Пасля ўніверсітэта працавала ў планавай камісіі Маладзечанскага гарвыканкама, затым інспектарам па кантролі за цэнамі гарвыканкама. Аднойчы на танцах пазнаёмілася з мясцовым хлопцам. Высветлілася, што яна добра ведала яго сяброў, ён — яе сябровак. Вучыліся, праўда, у розных школах. Так распарадзіўся лёс, што далей яны вырашылі крочыць разам па жыццёвай сцяжынцы. Неўзабаве нарадзіўся першынец Дзмітрый, а потым і дачушка Надзея з’явілася ў іх дружнай сям’і.
— Як вы трапілі на Мядзельшчыну? — цікаўлюся.
— Муж — будаўнік. Яму прапанавалі працу ў будаўнічай арганізацыі ў Нарачы, якую тады ўзначальваў Алег Кулак, — расказвае Таццяна Васільеўна. — Тут атрымалі жыллё, тут раслі нашы дзеткі.
З далейшай размовы даведаўся, што і Таццяна спачатку працавала бухгалтарам у той жа будаўнічай арганізацыі. Яна закончыла адпаведныя курсы.
Ля вытокаў санаторыя стаялі фактычна двое: дырэктар Уладзімір Сяржант і бухгалтар Таццяна Сербіненка. Гэта потым яны прынялі на працу 10 чалавек, кіравалі рэканструкцыяй і рамонтам будынкаў. Праз два гады (у 2006 годзе) пачалі прымаць першых адпачываючых.
— Не параўнаць той санаторый з цяперашнім. Зараз зусім іншыя ўмовы для пражывання: сучаснае медыцынскае абсталяванне, высокакваліфікаваныя спецыялісты, цудоўная спартыўная зала, малы і вялікі плавальныя басейны. Ды хіба ўсё пералічыш, — усміхаецца суразмоўца.
— На маю думку, праца эканаміста нецікавая. Лічбы, табліцы, статыстычныя справаздачы і іншае. Ці згодны вы з гэтым? — пытаюся.
— Не. За гэтымі лічбамі стаяць людзі, падзеі. Я вельмі люблю сваю работу, яна вельмі патрэбная. Лічу, калі добры эканаміст на прадпрыемстве, яно эфектыўна працуе, у людзей добры заробак. Ён павінен умець аналізаваць кожную лічбу, спрагназаваць, што будзе наперадзе, — чую ў адказ. — А гэта ў канчатковым выніку паўплывае на дзейнасць усяго калектыву, на дабрабыт кожнага асобнага работніка.
У Таццяны Васільеўны ёсць шмат планаў. Штодзённай працай яна робіць усё магчымае, каб здраўніца квітнела, заставалася флагманам курорта, падтрымлівае цесныя сувязі з калегамі з іншых санаторыяў.
— Штосьці падкажаш ім, штосьці пяроймеш у іх. Вельмі важна сачыць за заканадаўствам, якое часта мяняецца, за становішчам у краіне, за эканомікай, — кажа Таццяна Сербіненка. — У санаторыі «Радон» працуе вельмі кампетэнтны эканаміст. Мы часта тэлефануем адна адной, ды і з іншымі калегамі сустракаемся на курсах, семінарах.
Жартам папытаўся, што лягчэй лічыць: прыбыткі ці страты.
— Калі падыходзіць з чыста прафесійнага боку, дык розніцы няма, — адказвае Таццяна Васільеўна. — Лічбы, як і тыя грошы, не пахнуць. А вось настрой пры гэтым, зразумела, розны. Калі ёсць прыбытак, дык і з той жа зарплатай праблем няма, на прэмію можна разлічваць. І ўвогуле, больш упэўнена можна глядзець у заўтрашні дзень…
Цёпла, з душой гаварыла эканаміст пра калектыў здраўніцы, пра тое, што кожны імкнецца працаваць так, каб адпачываючаму зноў і зноў хацелася прыехаць менавіта сюды.
Расказала і такі факт. Яшчэ ў школе някепска вывучыла англійскую мову, амаль свабодна на ёй размаўляла. У санаторый на адпачынак прыехалі кіпрыёты. Вось і давялося ёй быць перакладчыкам, вадзіць па здраўніцы, знаёміць, расказваць.
Калі пайшла размова пра сям’ю, вочы жанчыны напоўніліся асаблівай цеплынёй, радасцю і гонарам.
— Мой муж — гэта сапраўдны сябар, памочнік, выдатны бацька для дзяцей. Удзячна Богу за тое, што маю такога гаспадара, — кажа жанчына. — Сын закончыў радыётэхнічны ўніверсітэт, зараз жыве і працуе ў Амерыцы. Дачушка — журналістка, працуе на тэлеканале «Беларусь 1».
— Ці шкадуеце, што прыехалі на Нарач?
— Ніколькі. Мае карані, можна сказаць, тутэйшыя.. Кожнае лета, як хадзіла ў школу, прыязджала на канікулы да бабулі, якая жыла ў вёсцы на мяжы Мядзельскага і Вілейскага раёнаў. Вельмі палюбіла Нарачанскі край і лічу сябе нарачанкай. У глыбіні душы ганаруся тым, што жыву на такой прыгожай зямлі, якая стала месцам адпачынку, аздараўлення, перазагрузкі для многіх людзей. Прычым не толькі беларусаў, але і замежнікаў. Мы робім усё магчымае для таго, каб ім было тут добра, зручна, камфортна, каб ехалі да нас з задавальненнем, — чую ў адказ.
— Што хочаце пажадаць калегам з нагоды прафесійнага
свята?
— У першую чаргу — здароўя. А яшчэ жадаю ўсім эканамістам квітнення іх прадпрыемстваў, эфектыўнасці. Менавіта ад гэтага яны атрымаюць заслужаную павагу ў калектывах. Няхай ніколі і нікому не пагражаюць крызісы. Міру і дабрабыту, — адказала на развітанне Таццяна Васільеўна.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: вядучы эканаміст санаторыя «Спадарожнік» Таццяна Сербіненка.
Фота Аляксандра Высоцкага



05 лiпеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Людзі нашага краю, Навіны, Эканоміка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 0-170  возера Мястра  06-012

Пабрацімы Мядзела