Нарачанка — у ліку ўдзельнікаў

Сёлетняе святкаванне 9-га Мая для Ангеліны Савук з аграгарадка Нарач выдалася незвычайным: яна ўдзельнічала ў XV Міжнародным студэнцкім лёгкаатлетычным прабегу. Ангеліна зараз вучыцца на другім курсе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, і трапіла на прабег у ліку 15 студэнтаў установы.
Юбілейны прабег прысвячаўся 73-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Стартаваў ён 4 мая ў Іжэўску і пралягаў праз гарады-героі. У кожным горадзе ўдзельнікі ўскладалі кветкі да помнікаў героям Вялікай Айчыннай, віншавалі ветэранаў, сустракаліся з моладдзю.
А 8 мая студэнты і прадстаўнікі Іжэўскага і Ніжагародскага дзяржаўных тэхнічных універсітэтаў дабраліся да Мінска, дзе да іх далучыліся беларускія удзельнікі. Сярод іх была і Ангеліна.
— Як вырашылі прыняць удзел у прабегу? — пытаю ў яе.
— У ім прапаноўвалі ўдзельнічаць лепшым студэнтам універсітэта: выбіралі з актывістаў і тых, хто вытрымае прабег. З’яўляюся сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ на спартыўна-тэхнічным факультэце, і калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у прабегу, канечне, пагадзілася. Па Беларусі маршрут пралягаў праз вядомыя памятныя месцы: Курган Славы, «Лінію Сталіна» і Брэсцкую крэпасць. Вядома, увесь час бегчы заняло б шмат сіл і часу, таму пад’язджалі на аўтобусе.
— Да гэтага ў якіх прабегах удзельнічалі?
— Гэта быў мой першы прабег. Раней толькі хадзіла ў пілігрымку ў Будслаў і ў пешы паход на Швакшты.
— Якія найцікавейшыя ўражанні засталіся ад прабегу?
— Для мяне самым запамінальным момантам стала наведванне Брэсцкай крэпасці, бо ні разу там не была. І гэта — захапляльна. Перад паездкай мы ўсе паглядзелі фільм «Брэсцкая крэпасць» і, канешне, ведалі гісторыю. Але калі ты ходзіш па гэтым месцы і разумееш, колькі людзей тут загінула, накатваюцца слёзы. І акрамя слоў падзякі за перамогу, ты нічога не можаш сказаць. Увогуле, для мяне 9 мая — гэта дзень памяці і падзякі за мірнае неба над галавой. Ганаруся нашым народам: ён памятае, якую нялёгкую долю прыйшлося прайсці нашым продкам.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымку: Ангеліна Савук.
Фота забяспечана А. Савук.



14 чэрвеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi 06-012 Сядзіба Максіма Танка  Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела