Добраўпарадкаванне малой радзімы

ЯШЧЭ адну суботу, 9 чэрвеня, мядзяльчане і жыхары раёна прысвяцілі добраўпарадкаванню сваёй малой радзімы. І гэта зразумела, сёлета ў нас будзе праходзіць абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2018». Таму сустрэць шматлікіх гасцей у чыстым і акуратным горадзе — гонар і абавязак кожнага. А суботнік — добрая нагода для навядзення парадку. Яго, дарэчы, як на вуліцы, так і дома, трэба падтрымліваць пастаянна, каб родны кут заўсёды быў акуратным і вабіў сваёй прыгажосцю.
Дружна працавалі работнікі РВУП «Мядзельская ЖКГ». Іх можна было бачыць у многіх месцах горада. Напрыклад, група людзей на чале са старшынёй прафсаюзнага камітэта прадпрыемства Марыяй Мялешка фарбавала драўляна-бетонную агароджу на ўездзе ў райцэнтр з боку Вілейкі. Ва ўсіх быў прыўзняты настрой.
— Дзе яшчэ сёння завіхаюцца работнікі камунальнай службы? — пытаюся ў Марыі Пятроўны.
— Група людзей таксама фарбуе бетонную агароджу на аўтамабільнай стаянцы насупраць магазіна «Галінка бэзу». Заняты нашы работнікі і на добраўпарадкаванні пляцоўкі на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Школьнай, дзе раней стаяў дом. На дарожкі там укладваюць тратуарную плітку, разраўноўваюць участак, рыхтуюць яго для разбіўкі клумбаў, сяўбы газоннай травы, — чую ў адказ.
А ля брацкай магілы, дзе пахаваны воіны і партызаны, якія загінулі пры вызваленні райцэнтра ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, педагогі гімназіі-інтэрната г. Мядзела высаджвалі кветкі. Шмат людзей працавала і на замене ўчастка цеплатрасы насупраць аўтазаправачнай станцыі.
Аўтавакзал горада, плошча Леніна, гасцініца, якая будуецца, аўташкола ДТСААФ — гэта далёка не поўны пералік тых аб’ектаў, дзе працавалі на суботніку гараджане.
Будынак Мядзельскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад-сярэдняя школа ў рыштаваннях. Там завіхаюцца будаўнікі-прафесіяналы. А вось на тэрыторыі — шмат педагогаў, тэхнічных работнікаў.
— Чым сёння займаюцца вашы людзі? — пытаюся ў дырэктара навучальнай установы Людмілы Семяновіч.
— Нашы работнікі задзейнічаны на ўборцы парку, збіраем смецце на стадыёне. А асноўныя намаганні сёння накіраваны на дэмантаж агароджы. Тут мянялі цеплатрасу. Бачыце, усё раскідана, раскапана. Жанчыны высаджваюць кветкі. Справа знайшлася кожнаму. А яшчэ сёння ў нас выпускны баль, таму пасля абеду пойдзем рыхтавацца да гэтага важнага мерапрыемства, — адказвае Людміла Станіславаўна.
Навядзенне парадку на зямлі — гэта, перш за ўсё, адказнасць кожнага з нас. Няхай кожны жыхар горада і раёна ўсведамляе, што добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на зямлі — гэта не разавая акцыя, а паўсядзённая сістэматычная праца, карпатлівы і працаёмкі працэс. Прымаючы актыўны ўдзел у справе добраўпарадкавання і падтрымання парадку на зямлі, мы робім сваё жыццё больш камфортным і ўтульным. Думаецца, любому прыемна жыць у горадзе ці вёсцы, дзе на вуліцах пануе чысціня.
Што робіцца ў аграгарадку Нарач? Высветліць гэта пытанне вырашылі, наведаўшы населены пункт. На плошчы перад СДК завіхаліся работнікі Нарацкага сельвыканкама.
Кіраўнік справамі Аляксей Купрэвіч патлумачыў:
— Вось тут перад Домам культуры абуладкавалі новую прыгожую клумбу. Робім усё магчымае, каб цэнтр аграгарадка радаваў вока прыгожымі кветкамі. Спецыяліст землеўпарадкавальнай службы Вячаслаў Жук разам з намеснікам старшыні сельвыканкама Уладзімірам Гірыным фарбуюць агароджу па вуліцы Першамайская. На абкошванні могілак у вёсцы Чараўкі працуе старшыня сельвыканкама Мікалай Маркевіч. Работнікі філіяла КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ-133» праводзяць ямачны рамонт вуліц аграгарадка. У курортным пасёлку Нарач камунальнікі высаджваюць кветкі ў клумбы. Многія арганізацыі і ўстановы працуюць на замацаваных тэрыторыях. Ніхто не застаўся абыякавым, усе дружна выйшлі на суботнік, што не можа не радаваць…
Старшыню Свірскага сельвыканкама Віктара Субача сустрэлі на вуліцы Гурыновіча гарадскога пасёлка, дзе ён падносіў ваду для паліву кветак, якія высаджвалі работнікі сельвыканкама.
Віктар Іосіфавіч расказаў, што яшчэ працуюць людзі ў парку, ля Дома культуры, на могілках у Свіры ўстанаўліваюць новую агароджу, у Канстанцінаве — косяць траву.
А для многіх механізатараў ААТ «Свір-агра» субота была звычайным працоўным днём. Яны заканчвалі закладку сянажнай траншэі ля фермы «Лушчыкі». Адзін за адным пад’язджалі трактары з напоўненымі прычэпамі сянажнай масай і аўтамабілі, хуценька выгрузіўшы, зноў бралі накірунак на сенажаць. Таму Аляксандру Рацкевічу (у яго трактар «МТЗ-3022») і Уладзіміру Белевічу («Амкадор») не да адпачынку. Яны пастаянна трамбуюць масу ў траншэі.
Вось так у працоўным напружанні прайшла мінулая субота, напоўненая мноствам усмешак на тварах і добрым настроем. Яна пакінула за сабой чысціню і парадак у многіх месцах горада і раёна.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



14 чэрвеня 2018.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi 1-12 Рэчка Нарачанка         возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси